Кошка і кот

Источник материала:  

Кошка (кот) — хатняя жывёла, да якой у народзе заўсёды ставіліся неадназначна. З аднаго боку, кату дазвалялася жыць у хаце ў непасрэднай блізкасці з чалавекам, з другога боку, яго лічылі прадстаўніком свету нячыстай сілы. Ката паважалі за яго бязмежную грацыёзнасць літаральна ва ўсім: у руху, у пасадцы, пры мыцці ці на паляванні, што таксама было знешняй праявай глыбокага ўнутранага спакою і самадастатковасці. Сярод іншых хатніх жывёл кошка вылучалася чысцінёй. Нашы продкі разводзілі катоў, у першую чаргу, каб ахоўваць зернясховішчы ад пацукоў і іншых грызуноў. У народным паданні аб Ноевым каўчэгу Ной заткнуў шчыліну, якую прагрыз пацук — д'ябальскае стварэнне, хусткай, а Бог ператварыў хустку ў кошку, каб яна лавіла пацукоў.

  Нашы прашчуры пакланяліся Сонцу як крыніцы жыццёвай энергіі, Месяцу — як пасрэдніку паміж святлом і цемрай. Кошкі надзяляліся сімвалічнымі якасцямі абодвух целаў: з аднаго боку, кот — донар жыцця, з другога, кашэчыя вочы свецяцца ў цемры, таму яго надзялялі якасцямі Месяца.

  У народным асяродку цанілі характар гэтай жывёлы і адводзілі ёй ролю хатняй, блізкай да чалавека істоты. Нашы продкі лічылі, што мурканне кошкі — гэта своеасаблівая малітва за выратаванне гаспадара, які ў гэты момант знаходзіцца па-за межамі хаты.

  Разам з тым існаваў і такі вобраз кошкі, які сімвалізаваў ляноту і сладастраснасць. Часам жанчыну параўноўвалі з кошкай і надзялялі яе такімі якасцямі, як распушчанасць, схільнасць да варажбы і магіі. Незалежны нораў кошкі, начныя вандроўкі, агеньчык у вачах, які можна заўважыць нават у цемры, — усё гэта выклікала хутчэй жах, уздзейнічала, як пагроза. Кашэчыя вочы называлі "акенцамі ў іншы свет".

  Асаблівая сімвалічная роля прыпісвалася чорным і трохкаляровым кошкам. Лічылася, што трохкаляровыя кошкі ахоўваюць хату ад пажараў. Той, хто забіваў такую кошку, на працягу сямі гадоў павінен быў чакаць пакарання за здзейсненае. Па меркаваннях старых людзей, трохкаляровая (а асабліва сямікаляровая) кошка прынясе ў хату шчасце, а чорная кошка абароніць ад рабаўнікоў.

  Сярод славян здавён жыве вера ў тое, што чорная кошка, якая перайшла дарогу, нясе непрыемнасці, няўдачу, і таму няма сэнсу працягваць надалей свой шлях — лепш вярнуцца дадому. Цікава, але ў Англіі, наадварот, лічаць, што няшчасце нясуць белыя кошкі, а чорныя — поспех.

  Для тых, хто ішоў у мора, кошкі заўсёды былі талісманам, які ахоўваў іх ад злых духаў. Жонкі маракоў трымалі ў хаце чорную кошку, таму што яна павінна была ахоўваць мужа ад няшчасцяў, а на кожным караблі можна было заўсёды знайсці хаця б адну кошку. Прысутнасць гэтай жывёлы засцерагала таксама ад нашэсця пацукоў, якія знішчалі прадукты.

  Усе акцёры і супрацоўнікі тэатраў трымалі кошак, бо лічылі, што яны прыносяць поспех.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.


Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика