"Шанц на жыццё ёсць у кожнага"
У Мінску прайшла дабрачынная акцыя "Чырвоная сукенка"
Тут амаль усе былі ў чырвоным: мадэль Ганна Малібога, спявачка Анастасія Ціхановіч, жонка былога прэм'ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага... Што аб'ядноўвае гэтых людзей? Імкненне дапамагчы людзям, якія пакутуюць на хворае сэрца. Акцыя "Чырвоная сукенка", якая прайшла ў сталіцы ўжо другі раз, звярнула ўвагу грамадскасці на праблему сардэчна-сасудзістых захворванняў — усе сродкі, сабраныя ў гэты дзень, пойдуць на дабрачыннасць.
Мерапрыемства, арганізаванае ў Нацыянальнай школе прыгажосці, сабрала шмат гасцей, большасць з якіх было лёгка пазнаць у твар. Акрамя артыстаў эстрады, мерапрыемства падтрымалі прадстаўніцы і Мінскага міжнароднага жаночага клуба жонак паслоў і дыпламатаў.
Дэфіле ў чырвоных сукенках нагадала прысутным пра сэнс акцыі: чырвоны колер — сімвал змагання за жыццё.
Адным з кульмінацыйных момантаў вечара стаў продаж палатна, на якім кожны з прысутных мог пакінуць адбіткі сваіх далоняў. Напамін пра тое, што ўсе мы роўныя і шанц на жыццё ёсць у кожнага...
Мікола БРОВАР. Фота Марыны Бегунковай.