Цёпла з Верай, Надзеяй і Любоўю
У вёсцы Заспа Рэчыцкага раёна ля вялікага Траецкага храма пабудавалі і асвяцілі яшчэ адзін, маленькі — у гонар Святых пакутніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі. І гэта была не прыхамаць, а неабходнасць. Справа ў тым, што з пачаткам халадоў людзі літаральна замярзалі ў вялізнай царкве, пабудаванай тут у пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя.
У новай, невялічкай, вельмі ўтульна, бо тут зроблена пячное ацяпленне і хапае месца для ўсіх вясковых вернікаў. Як расказаў настаяцель храма айцец Сергій Лысенка, сваімі ахвяраваннямі дапамагалі будаваць царкву фундатары і мясцовыя жыхары. Уклад у праваслаўную справу зрабіла і мясцовая сельская гаспадарка. Цяпер мяркуецца, што можна будзе правесці і аднаўленчыя работы ў вялікім храме, якому за 20 гадоў існавання патрэбна пэўная рэканструкцыя.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.