ХРОНІКА АПОШНІХ ПАДЗЕЙ
Большасць украінцаў (74,8%) асцерагаецца паўтору эканамічнага крызісу і амаль палова (48,2%) рыхтуецца да яго магчымага наступлення. Пра гэта сведчаць вынікі апытання, праведзенага ва Украіне міжнародным кадравым парталам HеаdHuntеr, паведамляюць інфармагенцтвы.
Пры гэтым 26,5% украінцаў не рыхтуюцца да наступлення эканамічнага крызісу, 10,3% лічаць, што гэтага не будзе, 5,3% рэспандэнтаў яшчэ не задумваліся над гэтым пытаннем. У той жа час кожны сёмы апытаны сцвярджае, што за тры гады так і не справіўся з наступствамі крызісу 2008 года. Толькі 16,6% рэспандэнтаў адзначылі, што падзеі восені 2008 года не паўплывалі на іх.
Кітай гатовы ўкласці ў выратаванне Еўропы 100 млрд долараўКітай разглядае магчымасць значных інвестыцый у Еўрапейскі фонд фінансавай стабільнасці (ЕFSF). Памер удзелу Пекіна ў ЕFSF будзе наўпрост залежаць ад унёскаў іншых дзяржаў, а таксама ад умоў супрацоўніцтва з фондам, паведамляе амерыканская дзелавая прэса са спасылкай на крыніцы ў кітайскім урадзе.
Чакаецца, што інвестыцыі Кітая ў фонд еўрапейскай эканомікі, якая гіне, могуць скласці ад 50 млрд да 100 млрд долараў. Аднак Кітай будзе чакаць гарантый.
Сарказі: прыняцце Грэцыі ў еўразону было памылкайПрэзідэнт Францыі Мікаля Сарказі зрабіў нечаканую заяву, сказаўшы, што было памылкай дапускаць Грэцыю ў еўразону ў 2001 годзе.
У інтэрв'ю французскаму тэлебачанню Сарказі сказаў, што тады было не варта гэтага рабіць, паколькі прадстаўленыя ўладамі Грэцыі эканамічныя паказчыкі былі недакладнымі. Аднак у адказ на гэта міністр замежных спраў Грэцыі ў інтэрв'ю Бі-бі-сі сказаў, што пры ўсіх сваіх праблемах Грэцыя не з'яўляецца прычынай цяперашняга пазыковага крызісу еўразоны. "Тое ж самае мы бачым у Партугаліі, Ірландыі, Іспаніі і Італіі. Бессэнсоўна рабіць адну краіну ахвярным казлом, калі маеш справу з агульнаеўрапейскай праблемай", — сказаў ён.
У Брытаніі змянілі правілы пераходу ў спадчыну тронаНа саміце брытанскай Садружнасці нацый у аўстралійскім горадзе Пертэ зацверджаны змяненні ў Закон пра атрыманне прастола ў спадчыну брытанскай манархіі, якія ўраўноўваюць у правах мужчын і жанчын.
Выступаючы на саміце, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран абвясціў, што змена азначае: калі ў прынца Уільяма і герцагіні Кембрыджскай першай народзіцца дзяўчынка, яна ўсё адно будзе першай у лініі пераходу ў спадчыну прастола, а браты будуць ісці за ёй. Зараз у Вялікабрытаніі дзейнічае Акт пра атрыманне трона ў спадчыну 1701 года, які ўстанавіў перавагі ўспадкоўвання трона па мужчынскай лініі. Паводле Акта, малодшыя браты маюць прыярытэтнае права на пасад перад старэйшымі сёстрамі.