Слова пра бацьку

Источник материала:  

Апошнім часам мае бацькі часта гаварылі пра смерць. Прама і ўскосна. Мы, дзеці і ўнукі, не хацелі слухаць пра гэта. Пасля 25 верасня, які стаў апошнім татавым днём на гэтым свеце, я зразумела, што яны рыхтавалі нас да таго непазбежнага моманту, калі робіцца невыносна балюча ад апошняга развітання з родным чалавекам...

Цяпер думаецца пра татава жыццё, Уладзіміра Васільевіча Станкевіча з Гародзькаў, успамінаецца толькі ўсё тое добрае, што ён пакінуў нам, чаму навучыў...

Уладзімір Васільевіч Станкевіч (унізе злева) са сваімі вайсковымі сябрамі. Побач з ім (справа) – Касавец Сцяпан Рыгоравіч.

Я памятаю тату з таго часу, калі мне не было і шасці гадоў. Наша сям’я жыла яшчэ ў старой хаце – разам з бабуляй Ганнай і яе сястрой Жэняй, дзядзькам Васілём і яго жонкай Ірай. Мы з сястрой Таняй гулялі ў хованкі, любілі маляваць... Памятаю пах апельсінаў, якія бацька прывёз з Гродна... Гэта быў незнаёмы для нас і прыемны пах, і мы гатовы былі пастаянна трымаць у кішэнях аранжавыя лушпінкі і час ад часу прыстаўляць да носа. Потым тата прывёз каляровага металічнага коніка з фурманам. Можна было ўставіць ключ, пакруціць – і павозка ехала.

Я любіла ездзіць на самалёце: бацька клаўся на спіну, падкурчваў ногі, я прыстаўляла жывот да падэшваў ягоных ног, ён браў сваімі рукамі мяне за рукі і падымаў. Я павінна была прыняць гарызантальнае становішча і ... ляцець.

Потым, калі мы перайшлі ў сваю, пабудаваную бацькам, хату, я запомніла падарожжа ў грыбы: халоднымі раніцамі я трэслася на багажніку веласіпеда, моцна трымаючыся за сядло; прыехаўшы, тата хаваў веласіпед недзе ў кустах, і мы збіралі падасінавікі, паненкі, сыраежкі, радзей баравікі – бралі ўсё, чым багатая была Асінавіца. Тата знаёміў мяне з ляснымі дарамі – і гэта былі першыя бацькавы ўрокі.

Сястра Таня нарадзілася хворай. Урачы казалі, што яна доўга не пражыве, але мама карміла яе з пеніцылінавай бутэлечкі па гадзінах (яна не плакала), і Таня выжыла. Сястра мне стварыла першую дзіцячую кампанію, з якой мы пазнавалі свет. Аднак у многім бацька больш давяраў мне, маладзейшай. Калі будавалася хата, на цяжкія работы наймаліся работнікі, а дзе можна спраўляцца аднаму, ён браў у памочнікі яшчэ малую дачку: я падтрымлівала дошку, калі ён пілаваў, падавала цвікі ці малаток – і гэта былі наступныя бацькавы ўрокі. Першы татаў дыплом – дыплом дзясятніка-будаўніка Гродзенскага вучылішча, значыць тады я працавала з прафесіяналам. Нездарма я і цяпер лезу не ў жаночыя справы: сама хачу прыбіць то нейкі кручок, то прыкруціць палічку. Калі пасля нашага прыезду з Мінска бацька не адразу знаходзіў малаток, прыгаворваў: “Гэта ўжо яна...” Хоць я ж заўсёды ўсё клала на месца.

Адзін год у нашай новай хаце было адзінока і пуста, і я баялася цёмнай парой быць адна, калі бацькі працавалі ў другую змену ці заставаліся на палітзанятках (вучняў было шмат, таму вучыліся ў дзве змены). Таня павінна была пайсці ў 1 клас, але ў Гародзьках у школу яе не прынялі, і бацькі знайшлі спецыялізаваную школу ў Крывічах (на Мядзельшчыне). Я, тады дзіця, не магла зразумець, чаму сястра не можа вучыцца ў нашай школе. Але там, у Крывічах, яна была найлепшай вучаніцай, і педагогі і выхавальнікі згадзіліся з патрабаваннем бацькоў аддаць Таню назад. Маміна і татава сэрцы разрываліся ад болю, калі бачылі яе сярод зусім хворых дзетак. Таню ўсё ж прынялі ў першы клас Гародзькаўскай школы, дзе яна закончыла 8 класаў, але аддаваць у людзі, адпраўляць да чужых людзей дзесьці вучыцца ці працаваць бацька і мама не асмеліліся. Таніна здароўе падводзіла, урачы не маглі знайсці прычыны яе захворванняў, усё пыталіся падчас медкамісій, ці служыў бацька ў якіх-небудзь ракетных войсках, дзе павышаная радыяцыя, але чулі адмоўны адказ.

У 1970 годзе нарадзілася мая сястрычка Тамара, мы з Таняй дапамагалі бацькам няньчыць і выхоўваць яе – і дома стала весела і шумна.

У нашай хаце заўсёды гучала песня. Калі было свята, прыходзілі госці, бацька браў у рукі баян – і спявалі ўсе. У нас галасістая радня. Мы заўсёды, нават калі не стала бабулі, спявалі яе любімую песню “По Дону гуляет казак молодой”. Яна ведала шмат беларускіх народных песень, але пры выкананні гэтай рускай песні яе голас гучаў надта выразна і гучна, мо таму яна яе спявала пры кожным магчымым выпадку. Калі бабуля пакінула гэты свет, тата, выконваючы песню, заўсёды думаў пра сваю маці, бо на яго вачах былі слёзы. Спяваючы, плакалі і мы.

Татавы ўрокі музыкі сталі для мяне, як і для многіх яго вучняў, урокамі выяўлення таленту, урокі самасцвярджэння маладога чалавека. Мы спявалі не толькі на ўроках, але з агітбрыгадамі ездзілі па вёсках, дзе ў клубах ладзілі канцэрты. Таму наша сям’я вельмі часта дадому вярталася позна. Мама кіравала хорам, а бацька акампаніраваў. Песня дапамагала крочыць па жыцці старэйшым, дапамагала і нам. Гэта быў час застою у нашай краіне, калі мы не маглі пайсці ў царкву, паспавядацца перад бацюшкам, расказаць пра свае праблемы ці памылкі. Таму асноўнымі дарадчыкамі для нас былі тады бацькі і настаўнікі. Музыка вельмі станоўча дзейнічае на чалавека, пішуць нават пра музычную тэрапію. Падчас спеваў чалавек здымае стрэс, вучыцца быць перад аўдыторыяй, самавыяўляецца. Было шмат сарамлівых дзяўчынак і хлопчыкаў, якія ўсё ж выходзілі на сцэну, і, я лічу, у гэтым была і заслуга майго таты.

Я больш за ўсё запомніла ўрокі спеваў і заняткі ў гуртках мастацкай самадзейнасці, якімі кіраваў тата (тата з адзнакай закончыў Гродзенскае культасветвучылішча, пачынаў працу загадчыкам клуба, пасля перайшоў у школу). Але ў іншых класах ён вёў яшчэ гісторыю (закончыў гістфак Гродзенскага ўніверсітэта).

Праўда, у школе было шмат гісторыкаў, таму нагрузку яму рабілі ўрокі ваеннай падрыхтоўкі, якія былі для таты своеасаблівым выпрабаваннем. Важна было заўсёды быць патрабавальным, уважлівым, бо заняткі часта праводзіліся ў ціры, што ад выкладчыка патрабавала павышанай пільнасці. Я студэнткай яшчэ не ўсведамляла, што і добрым стралком я таксама стала дзякуючы тату: выйгравала на студэнцкіх спаборніцтвах.

Але чаму ўсё ж выпрабаваннем? Тэматыка ўрокаў была розная, нават “Супрацьрадыяцыйная абарона” выкладалася. Безумоўна, у гісторыі былі выпадкі, калі выпрабоўвалася ядзерная зброя. Ён гаварыў пра Хірасіму, Нагасакі... Але, напэўна, кожны раз хацеў расказаць сваім вучням, што Савецкі Саюз таксама выпрабоўваў атамную зброю, ствараючы такім чынам ядзерны шчыт вялікай дзяржавы; як сам бачыў атамны выбух, калі 20-гадовым юнаком удзельнічаў у выпрабаванні ядзернай зброі 14 верасня 1954 года на Тоцкім палігоне за Уралам. Бомба пад назвай “Таццянка” ўзарвалася ў паветры над зямлёй за 350 м, у эпіцэнтры, пад грыбам, на зямлі загінула ўсё. Салдаты, у тым ліку і ён, тады радыст, знаходзіліся крыху далей: тата за 7 км, нехта за 10 км. Але вучэнні вымагалі актыўнага абстрэлу гэтага “грыба”, прачэсванне мясцовасці, у тым ліку і эпіцэнтра. Таму колькасць ахвяр павялічылася. Новае абмундзіраванне пасля выбуху не выдалі, і радыяцыйны пыл яшчэ доўга пранікаў у целы маладзенькіх салдат. Але яны павінны былі маўчаць, падпісалі дакументы аб неразгалошванні ваеннай тайны на 25 і болей гадоў.

Тата не ведаў, што можа чакаць яго ў гэтым жыцці, мо таму так часта гаварыў пра смерць. Калі здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, ён вельмі перажываў, але казаў нам, што рана рабіць высновы, бо ўздзеянне радыцыі на чалавека не вывучана.

Тайна пра ядзерныя выпрабаванні раскрылася толькі ў 1990-ыя гады. Пра 14 верасня 1954 года пісаць пачалі расійскія газеты, мы запісалі на відэакасету дакументальны фільм, дзе гаворыцца пра страшныя вынікі ўздзеяння радыяцыі на здароўе саміх салдат і іх дзяцей, якія нарадзіліся хутка пасля тых вучэнняў.

Пра гэтыя выпрабаванні сёння ў інтэрнэце шмат інфармацыі. Варта толькі набраць дату “14.09.1954” – і можна ўбачыць відэазапіс таго, што бачыў тата, прачытаць расказы многіх відавочцаў.

Тады з Брэста выйшаў цэлы эшалон беларускіх салдат, які накіравалі ў гэтае пекла. Тата служыў пад Масквой, адкуль салдат таксама выправілі на Тоцкі палігон.

У канцы 1994 года ў Валожынскі ваенкамат прыйшла даведка: “Архіўнымі дакументамі пацвярджаецца служба Станкевіча Уладзіміра Васільевіча ў в/ч 33742 з 6.07.1953 г. пр. №198 па 8.12.1955 пр. № 363 на пасадзе ст. радыёмеханіка, у в/званні яфрэйтар. В/ч 33742 значыцца ў пераліку злучэнняў і частак, якія прымалі ўдзел у вучэннях 1954 г. з прымяненнем атамнай зброі на тэрыторыі Паўднёва-Уральскай В.А.”

У лютым 1998 года пачаліся нашы захады, каб даказаць сувязь татавых захворванняў і захворванняў сястры Тані з уплывам радыяцыі, хаця гэта аказалася марным: татавы дыягназы былі пастаўлены і хворая дачка нарадзілася не адразу пасля выпрабаванняў. Нават чарнобыльцы, у якіх хворыя дзеці нарадзіліся больш як праз 2 гады пасля аварыі, не даказалі сувязі. Я і тата некалькі разоў былі ў абласной бальніцы (дзе экспертны савет даў адмоўны адказ; палажэнне аб рабоце міжведамасных экспертных саветаў па ўстанаўленні такой прычыннай сувязі было ўдакладнена толькі 06.04.1999 г., але пазней мы ўжо нікуды не звярталіся), а таксама ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, Дзяржкамітэце Рэспублікі Беларусь па праблемах вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Чаму Чарнобыльскай? Удзельнікаў гэтых вучэнняў на Беларусі прыраўнялі да ўдзельнікаў ліквідацыі вынікаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, выдалі адпаведныя пасведчанні з атрыманнем ільготаў па артыкуле 19. Але тата быў ужо на пенсіі, ільготны праезд меў ужо з гэтай прычыны. Мог паехаць у санаторый раз на год. І ўсё. Мы, аказваецца, былі дзецьмі “чарнобыльца”, але не ведалі пра гэта, ніякіх ільгот і кампенсацый не мелі. Мы ўсе павінны былі маўчаць, бацькі на грамадскім транспарце вазіць Таню на камісіі, што было вельмі праблемна, і... маўчаць перад урачамі. Таня вырасла з ярмом “хворае з нараджэння дзіця”, прычынамі чаго “зласліўцы” называлі ўздзеянне спіртнога, відаць, такой версіі маглі прытрымлівацца і некаторыя ўрачы.

Тані не стала 5 студзеня 2003 года, яна пражыла амаль 43 гады. Каля труны тата не раз паўтараў: “Гэта бомба “Таццянка”...”  Напэўна, не ўсе вяскоўцы зразумелі яго. Назва бомбы і імя сястры... (Цікава, колькі салдат-атамшчыкаў такім імем назвалі сваіх дачок?) Хоць бацька ўжо не маўчаў, адзін з аповедаў яго, “Я быў пад атамным выбухам”, быў  надрукаваны ў валожынскай раённай газеце  20.3.1996 г., у 2003 годзе Марына Сліж у “Рэгіянальнай газеце” расказала пра таямніцу школьнага настаўніка, у канцы 2009 года ў Гародзькі прыехаў радыёжурналіст Зміцер Бартосік і запісаў татавы ўспаміны. Мама пры нагодзе не абмінала расказаць сваім былым вучням пра таямніцу яе мужа і іх настаўніка.

Падтрымлівалі тату і мы, дзеці. На адзін з дзён 23 лютага мы прысвяцілі яму верш:

Што ты зрабіў,

Хоць не апета ў песнях,

Твой подзвіг быў,

Яго ты здзейсніў.

На свет глядзеў

Добразычліва

І, як герой,

Маўчаў цярпліва.

Зрабіў што мог...

А лёс не песціў...

Ты перамог –

Ты подзвіг здзейсніў.

Чаму “перамог”? Мы падтрымлівалі тату, калі ён хварэў, змагаліся за яго жыццё. Тое, што тата не памёр маладым, было ўсё ж перамогай... Яму дапамагалі мясцовыя ўрачы, а таксама былыя вучні, сярод якіх асаблівую ўдзячнасць выказваем кардыёлагу Міхасю Шаўлюку, які кансультаваў бацьку нават па тэлефоне, калі той ужо не згаджаўся класціся ў бальніцу.

Я ніяк не магу зразумець, чаму тата, калі яму станавілася горш, усё ж не хацеў ехаць у бальніцу, а нам даводзілася яго ўпрошваць зрабіць гэта? Напэўна, у ім яшчэ з маладых гадоў затаіліся крыўда і адчуванне, што ён, выкарыстаны тагачасным кіраўніцтвам у якасці эксперыменту, пакінуты сам-насам са сваімі праблемамі? Ніхто не ведае дакладна, якія дозы радыяцыі атрымалі салдаты, як яна падзейнічала на людзей. Як адзначыў П.І. Зялінскі, прафесар БДУ, удзельнік Тоцкіх выпрабаванняў, былі выпадкі, калі людзі паміралі ад прамянёвай хваробы, і расказаў ва ўспамінах пра Мікалая Максімука, дырэктара Навасёлкаўскай васьмігадовай школы Камянецкага раёна: ён памёр ад прамянёвай хваробы, а ягоны хворы сын пражыў толькі да 16 гадоў... Дык, можа, тата, адчуваючы нешта не так, не хацеў, каб яго глыбока даследавалі і мы, дзеці, жылі з думкай, што тату ўсё ж такі не абмінуў той уплыў?

У 1990-ыя гады на Беларусі створаны Камітэт ветэранаў падраздзяленняў асобай рызыкі. Ён шмат зрабіў для ўшанавання памяці салдат, якія прымалі ў дзел у ядзерных выпрабаваннях на Тоцкім палігоне і ў Сяміпалацінску, а таксама ў ручной зборцы ядзерных зарадаў. Намаганнямі Камітэта выдадзены кніга “Атомные солдаты” Беларуси. Воспоминания” (Мінск, 2003) , “Книга памяти ветеранов подразделений асобого риска города Минска” (Мінск, 2008), у апошняй даюцца біяграфіі больш як 150 мінчан, якія, як і тата, былі на Тоцкім палігоне ў 1954 годзе, змешчаны іх аповеды пра той страшны дзень. “Гэта наш абавязак, гэта наша памяць пра нашых таварышаў. Няхай нашчадкі памятаюць і ацэняць пражытае і здзейсненае імі”, – гаворыцца ў прадмове. Быў абвешчаны і конкурс на лепшую песню ў памяць аб тых падзеях, песня-пераможца “Ветераны особого риска” (словы  І. Купрыянава, музыка А. Чыркуна), змешчана ў “Кнізе памяці...”:

Уран и плутоний в руках мы держали,

Под «атомным грибом», не дрогнув, прошли.

Мы «ядерный щит» для страны создавали,

Чтоб дети и внуки без страха росли...

Камітэт ставіў перад сабой задачу дабіцца прыняцця асобнага закона адносна ветэранаў падраздзяленняў асобай рызыкі і іх ўзнагароджвання дзяржаўнымі ўзнагародамі, выплаты грашовай кампенсацыі. Але настойлівыя спробы дабіцца гэтага не прынеслі поспеху.

У Брэсце адкрыты мемарыяльны знак аб той падзеі. 14 верасня 2004 года, у дзень 50-годдзя выпрабаванняў, праведзена канферэнцыя ветэранаў асобай рызыкі, пазней выйшаў зборнік матэрыялаў канферэнцыі, у якім расказы “атамных салдатаў” (іх называюць яшчэ і так) напоўнены сумам і крыўдай.

З Валожынскага раёна на Тоцкім палігоне быў толькі тата. 3 студзеня 2000 года ён атрымаў пасведчанне ветэрана падраздзяленняў асобай рызыкі. У пачатку 2000-х гадоў прыязджаў у Мінск на сходы ветэранаў падраздзяленняў асобай рызыкі, арганізаваныя камітэтам,

Мы часта разглядалі татаў вайсковы альбом, і ён расказваў пра сваіх саслужыўцаў. Пра тую жудасную падзею нават больш, чым тата, заўсёды хацела расказаць мама. Яна стала яго своеасаблівай падтрымкай і абаронцай. Некалькі разоў, дазваніўшыся ў прамым эфіры на перадачы “Сустрэча з песняй”, “Армейская пошта” і расказаўшы пра дзень 14 верасня 1954 года, яна прасіла перадаць для мужа песню тых часоў, калі яны, маладыя салдаты, былі жорстка выкарыстаны пры вывучэнні ўплыву радыяцыі не толькі на расліннасць і жывёл, але і людзей. Дзякуючы гэтай яе актыўнасці, тату знайшоў яго вайсковы сябар, таксама “атамны салдат” Касавец Сцяпан Рыгоравіч, які цяпер жыве ў Івацэвіцкім раёне: ён патэлефанаваў на радыё і перадаў для таты песню. Колькі было радасці ў былых сяброў! Яны часта тэлефанавалі адзін аднаму, расказвалі пра сваё жыццё, марылі сустрэцца праз столькі гадоў, хоць гэта было складана, бо ў абаіх падводзіла здароўе.  Сустрэцца яны не паспелі...

Тата прыгожа пісаў і ўмеў добра маляваць: у школе некалі ўсе плакаты былі выкананы яго рукой, людзі прасілі яго падпісаць стужачкі на развітальныя вянкі, і тата нікому не адмаўляў. Яго малюначкі я бачыла на апошніх старонках сшыткаў з рабочымі планамі, нават на запалкавых пачках. Гадоў пяць таму, калі ён яшчэ добра бачыў, я прывезла яму альбом і алоўкі, прасіла зрабіць накіды, каб і мае дзеці пабачылі яго талент. Але ён не стаў гэтага рабіць.

Я прасіла яго напісаць пра свайго бацьку, майго дзядулю, якога не бачыла ніколі: ён трагічна загінуў яшчэ да жаніцьбы сына. Тата не хацеў пра гэта ўспамінаць, бо некалі сям’я вельмі перажывала гэтую страту. Маці, мая бабуля, каб уратаваць дзяцей ад помсты, не стала падаваць у міліцыю. На плечы таты ляглі мужчынскія клопаты па гаспадарцы. Дапамагаў матулі і сям’і брата, калі апошні цяжка захварэў і не паспеў падняць на ногі сваіх дзяцей.

Тата ўвекавечыў памяць па сваіх бацьках: на іх магілах помнікі, зробленыя рукамі сына.

Тата пабудаваў хату, пасадзіў сад, умеў і любіў прышчэпліваць дрэвы. Ён перадаў мне ўменне маляваць і майстраваць, а свой музычны талент дачцэ Тамары. Усе трое яго ўнукаў іграюць на баяне, як дзядуля. Мы, дочкі, як тата і мама, сталі педагогамі.

Тата не быў шматслоўным. Яго рэплікі былі кароткія і трапныя. Сказаў – як адрэзаў. “Мяне не фатаграфаць! – сказаў унучцы Каці. – Гэта толькі фашысты ў канцлагеры ахвяр фатаграфавалі”. (Тата быў прыгожы, але час і хваробы змянілі яго, і ён не любіў апошнім часам пазіраваць перад аб’ектывам.)

Але пра наш род – Станкевічаў і Язерскіх – тата расказваў з задавальненнем, і мы склалі радаводнае дрэва.

І ён, і мама ўвесь час успаміналі сваю работу ў школе... Пачуццё павагі да бацькоў-педагогаў і ўсіх сваіх настаўнікаў натхніла мяне пашукаць архіўныя матэрыялы пра гісторыю школы ў Гародзьках, і з гэтага года ў “Родным слове” друкуецца сабраны мной матэрыял пра адукацыю на Валожыншчыне падчас польскай улады – гэта час юнацтва маіх бабулі і дзядулі і маленства таты (ён нарадзіўся 2.12.1933 года). Я прывозіла архіўныя дакументы з подпісамі Станкевіча Васіля, Язерскай Ганны (бацькоў), Станкевічаў Васіля і Міхася (дзядулі і яго брата) як членаў Таварыства беларускай школы і паказвала тату, распытвала яго пра іншых вяскоўцаў, чые прозвішчы былі ў дакументах. Ён натхняў мяне пісаць і расказваць пра змаганне нашых землякоў, у тым ліку настаўнікаў з роду Станкевічаў, за беларускія школы. Я ганаруся тым, што ў татавым родзе былі сапраўдныя патрыёты свайго краю.

Яму аднаму з першых я прачытала верш пра Гародзькі, які ляжыць яшчэ ў маёй шуфлядзе...

Апошні татаў жыццёвы ўрок – нават фізічную смерць можна і трэба сустрэць мужна і спакойна. Бо гэта тое, што некалі абавязкова настане: жыццё і смерць непадзельныя.

Няхай яму наша зямля будзе пухам...

Цяпер мы прымаем шчырыя спачуванні ад сваякоў, знаёмых, былых яго калег, вучняў і іх бацькоў, сваіх калег, чуем цёплыя словы пра тату як настаўніка і чалавека. Мы дзякуем усім Вам, добрыя людзі, хто падтрымаў нас у гэтыя цяжкія дні.

Алена САЛАМЕВІЧ, г. Мінск.

Фота з альбома Алены САЛАМЕВІЧ.

←Дзе растуць «гарадскія кветкі» творчасці?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика