На залатой жыле сядзім…
І гэта невыпадкова. Дзяржава шчыра клапоціцца пра захаванне народных рамёстваў, песень і танцаў, абрадаў. Беларусь зрабіла стаўку на гэта яшчэ 20 гадоў таму, калі пачаўся працэс удасканальвання сістэмы “культурных” устаноў краіны. Звычайныя сельскія клубы ператварыліся ў дамы рамёстваў, дамы народнай творчасці — і ў рэгіёнах пачаўся працэс гуртавання народных майстроў вакол райцэнтраў. І калі б не спахапіліся мы, маглі б страціць надзвычай цікавы пласт культуры, як гэта адбылося ў Еўропе.
Зусім нядаўна да маёй сяброўкі прыехалі госці з Паўночнай Італіі. Мяне як перакладчыка запрасілі суправаджаць дэлегацыю: давялося некалькі разоў адпачываць у Мілане, дзе я і навучылася размаўляць па-італьянску (зразумела, на аматарскім узроўні). Аказалася, што два сябры Рабэрта і Нікола прыехалі ў Беларусь на вакацыі. Нахадзіўшыся па Мінску, па сталічных галерэях і музеях, паглядзеўшы ўсе магчымыя і немагчымыя гарадскія славутасці, мы накіраваліся… у вёску. Хай нават і прысталічную — Пціч. Там знаходзіцца музей старадаўніх народных промыслаў і тэхналогій “Дудуткі”. Скансен (музей пад адкрытым небам) гэты рукатворны, але турыстаў нашых захапіў. Італьянцы хадзілі па рамесных майстэрнях з шырока раскрытымі вачыма. А потым запыталіся, ці можна некалькі дзён пажыць у «Дудутках»?
Мне і самой не верылася, што еўрапейцаў так уразіла наша традыцыйная культура! Значыць, яны едуць да нас па тое, што страцілі ў першародным выглядзе. Значыць, мы можам рабіць на гэтым грошы. Дзякуй Богу, своечасова зразумелі ў нас і гэта.
У рэгіёнах апошнія гады актыўна развіваецца аграэкатурызм. Адкрываюцца новыя і новыя сядзібы, распрацоўваюцца турыстычныя маршруты. Але ж у лепшым выпадку толькі некаторыя з сядзіб маюць сапраўдны нацыянальны каларыт. Драўляная хата, “упакованая” тэлевізарам, більярдам і лазняй (што таксама, безумоўна, добра) — далёка не беларуская традыцыя. Я і не кажу пра тое, каб прымаць турыстаў пры святле лучыны і з прыбіральняй, прабачце, на вуліцы. Я маю на ўвазе тое, каб надаваць сядзібе, якая пазіцыяніруе сябе як аб’ект аграэкатурызму, нацыянальны каларыт. Тут нам і спатрэбіцца традыцыйная культура — жывыя майстры і рамёствы. А гэтым, зразумела, багата беларуская вёска.
Як паказалі мае падарожжы па краіне, часта сельскія ўмельцы сутыкаюцца з нейкімі цяжкасцямі ў сваёй дзейнасці: то грошай на сыравіну не хапае, то памяшкання для майстэрні няма. Чаму б не падтрымаць нашых носьбітаў, не даць ім пэўныя льготы і прэферэнцыі ў вырабе сваіх твораў? Іх жа рукамі можна ўпрыгожыць аграэкасядзібы. Відавочна, карысць ад гэтага двухбаковая. Прадбачлівыя гаспадары, напрыклад, могуць стварыць памяшканне для майстра на тэрыторыі сваёй сядзібы. Ганчарства, ткацтва, саломапляценне — гэта можа быць які заўгодна напрамак традыцыйнага мастацтва! Суседняя Польшча, дарэчы, пайшла па гэтым шляху яшчэ некалькі гадоў таму, і сёння там ёсць цэлыя рамесныя вёскі — рыбака, ганчара, пчаляра…
Зразумела, традыцыйная культура — набытак вёскі. І мы не павінны саромецца гэтага, а ганарыцца, выстаўляць на першы план. І таму, мяркую, аграэкатурызм — залатая жыла Беларусі, а жывыя майстры і рамёствы — каштоўная спадчына з грунтоўным грашовым патэнцыялам.
Таццяна УСКОВА, “БН”