Часовае прыпыненне льготнага крэдытавання не справакуе замарожвання аб'ектаў жыллёвага будаўніцтва
Пра гэта паведаміў у Нацыянальным прэс-цэнтры міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Нічкасаў. Ён адзначыў, што па стане на трэцюю дэкаду верасня ў Беларусі было пабудавана 3 млн 923 тысячы квадратных метраў жылля. Да канца года ў сферу будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай будзе дадаткова накіравана каля 3 трыльёнаў рублёў бюджэтных сродкаў. Гэтыя грошы будуць выкарыстоўвацца банкамі для льготнага крэдытавання грамадзян, якія ўжо будуюць сабе жыллё, і гэта жыллё будзе здадзена ў эксплуатацыю менавіта сёлета.
Спецыялісты будаўнічай галіны падлічылі, што сёлета ў краіне будзе пабудавана 5,8 млн квадратных метраў жылля. Разам з тым толькі за льготныя крэдытныя рэсурсы банкаў для чаргавікоў плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 3,8 млн квадратных метраў жылля. Анатоль Нічкасаў упэўнены, што сёлета жыллё з дзяржпадтрымкай будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў запланаваных аб'ёмах. Цяпер абласныя і гарадскія ўлады трымаюць сітуацыю з будаўніцтвам кожнага дома для чаргавікоў на персанальным кантролі.
Як будзе развівацца жыллёвае будаўніцтва ў 2012 годзе? За льготныя крэдыты ў наступным годзе будаўнічая галіна разлічвае пабудаваць каля 3 млн квадратных метраў жылля. Усяго па краіне з усіх крыніц фінансавання плануюць пабудаваць больш за 5 млн жыллёвых квадратаў, а максімальна магчымы аб'ём на 2012 год — да 5,8 млн квадратных метраў жылля.
Сур'ёзная інфляцыя ў краіне вымушае дзяржаву адмовіцца ад вельмі моцнай і аб'ёмнай падтрымкі грамадзян у сферы будаўніцтва жылля. Калі летась у Беларусі будавалася 80 працэнтаў жылля за льготныя крэдыты, сёлета гэтая лічба складзе каля 75 працэнтаў, то налета доля будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай павінна знізіцца да 50 працэнтаў. Неабходна больш актыўна развіваць сферу камерцыйнага і індывідуальнага будаўніцтва, іпатэку і сістэму будзберажэнняў.
Што будзе з тымі будаўнічымі кааператывамі, у якіх узвядзенне жылых дамоў запланавана на 2012 ці 2013 гады? Вядома, што вялікая колькасць членаў такіх кааператываў разлічвае будавацца за льготныя рэсурсы банкаў. Але ў наступным годзе будуць істотна зменены крытэрыі льготнага крэдытавання. Таму, калі члены ЖБК страцяць магчымасць атрымаць ільготны крэдыт, то ім неабходна будзе шукаць іншыя крыніцы фінансавання. Магчыма, што ЖБК будуць дадаткова дафарміроўвацца за кошт новых членаў, якія будуць мець права карыстацца льготным крэдытаваннем.
Новыя падыходы да льготнага крэдытавання жылля
Новая канцэпцыя будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай прадугледжвае карэкціроўку катэгорыі грамадзян, якія маюць права на атрыманне льготных крэдытаў пад будаўніцтва жылля.
Анатоль Нічкасаў паведаміў, што згодна з новымі падыходамі льготныя крэдыты на жыллё змогуць атрымліваць шматдзетныя сем'і, сем'і, якія маюць дзяцей інвалідаў першай і другой груп, грамадзяне, якія жывуць у памяшканнях, непрыдатных для жыцця. У катэгорыі льготнікаў застаюцца тыя, хто жыве ў інтэрнатах больш 10 гадоў, вайскоўцы, маладыя спецыялісты з мэтавым накіраваннем і іншыя катэгорыі малазабяспечаных пластоў насельніцтва, якія маюць права на льготны крэдыт.
Новыя падыходы прадугледжваюць такі прынцып, калі агульны аб'ём ільготнага крэдыту будзе складаць 90 працэнтаў ад кошту аб'екта, а не 100 працэнтаў, як гэта было раней. Пры падліку нарматыву такога крэдыту будзе ўлічвацца жыллё ва ўласнасці членаў сям'і на тэрыторыі ўсёй краіны, а не толькі ў тым населеным пункце, дзе чалавек стаіць на жыллёвым уліку.
Будуць зніжаны нормы крэдытавання з 20 да 15 метраў квадратных на чалавека. Для абмежавання прытока насельніцтва ў сталіцу паменшаны нормы забяспечанасці жыллём пры пастаноўцы на ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у Мінску з 15 да 10 квадратных метраў на чалавека. Цяпер, каб стаць на жыллёвы ўлік, неабходна будзе пражыць у сталіцы не менш за 10 гадоў.
Прагназуецца, што стануць крыху іншыя ўмовы льготнага крэдытавання. Пры будаўніцтве жылля ў населеных пунктах з колькасцю жыхароў да 20 тысяч чалавек кошт такіх крэдытаў будзе складаць 10 працэнтаў ад стаўкі рэфінансавання, або 3,5 працэнта гадавых. У больш буйных населеных пунктах крэдыты будуць ужо на ўзроўні 20 працэнтаў ад стаўкі рэфінансавання (7 працэнтаў гадавых на сёння — С.К.).
Ільготны крэдыт пад 1 працэнт гадавых на 40 гадоў захаваецца для шматдзетных сем'яў.
Развіццё арэнднага жылля
Мінгарвыканкамам плануецца ўжо ў 2012 годзе пабудаваць два жылыя дамы па лініі арэнднага жылля. Такім чынам, у Мінску атрымаюць магчымасць вырашаць свае жыллёвыя пытанні такія работнікі, якія змогуць заставацца мабільнымі пры выбары месца працы, як гэта практыкуецца на Захадзе. Цяпер у еўрапейскіх краінах да 80 працэнтаў жыллёвага фонду складае менавіта арэнднае жыллё.
Першыя два дамы ў Мінску ў якасці стартавага праекта будуць пабудаваны за кошт сталічнага бюджэту. У далейшым плануецца, што арэндныя дамы будуць будавацца за кошт розных крыніц фінансавання.
Сяргей КУРКАЧ.
Да ведама
На пачатак года ў краіне зафіксавана 833 тысячы сем'яў і грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Аналіз чаргі выявіў пэўныя дыспрапорцыі прадастаўлення льготных рэсурсаў у розных рэгіёнах нашай краіны. Больш за ўсё бескватэрных грамадзян прыпадае на Мінск, дзе льготнікі пачынаюць будавацца толькі ў тым выпадку, калі яны адстаялі ў жыллёвай чарзе больш за 10 гадоў.
У населеных пунктах раённага і гарадскога падпарадкавання жыллё будавалі з дзяржпадтрымкай тыя грамадзяне, якія стаялі ў чарзе ў тэрмін з 2005 па 2010 год. У Віцебскай вобласці існуюць раёны, дзе грамадзяне будавалі жыллё за льготныя крэдыты на працягу ўсяго 2 гадоў пасля пастаноўкі на жыллёвы ўлік.
Паводле апошняй інфармацыі Мінбудархітэктуры, цяпер у краіне налічваецца ў жыллёвай чарзе 18,1 тысячы шматдзетных сем'яў, 500 сем'яў з дзецьмі-інвалідамі, 500 грамадзян з захворваннямі, якія маюць права на атрыманне льготных крэдытаў, 48,9 тысячы грамадзян, якія пражылі ў інтэрнатах 10 і больш гадоў, 1,6 тысячы маладых спецыялістаў з мэтавым накіраваннем, 46,7 тысячы малазабяспечаных сем'яў, якія маюць права на льготныя жыллёвыя крэдыты.