Карпаратыўная прэса павінна арыентаваць на стабільнае развіццё дзяржавы і грамадства
Пра гэта заявіў намеснік міністра інфармацыі Уладзімір Матусевіч у Мінскай гарадской ратушы на семінары для галоўных рэдактараў шматтыражных газет Мінска "Сродкі масавай інфармацыі прадпрыемстваў і вышэйшых навучальных устаноў і іх роля ў сістэме ідэалагічнай работы". Такі семінар арганізаваны ўпершыню ў Беларусі.
Уладзімір Матусевіч адзначыў, што задачы карпаратыўнай прэсы пераклікаюцца з задачамі ідэалагічнымі. Асноўныя з іх — фарміраванне грамадскай думкі, пазітыўнай атмасферы ў калектыве, пачуцця гонару за сваё прадпрыемства, ВНУ і ў выніку ў цэлым за краіну. "Задачы тут падобныя — аб'ядноўваць калектыў, праз пазітыўную атмасферу фарміраваць пазітыўнае ўспрыманне навакольнай рэчаіснасці, якая забяспечвае стабільнасць сацыяльных настрояў, а значыць, стабільнае развіццё дзяржавы і грамадства", — сказаў намеснік міністра.
Намеснік міністра інфармацыі канстатаваў, што шматтыражныя выданні краіны пакуль адрозніваюцца па сваім якасным і змястоўным узроўні. "Ёсць, на жаль, выданні, якія недалёка адышлі ад баявых лісткоў (у горшым разуменні гэтага слова) узроўню 70-х гадоў мінулага стагоддзя", — сказаў ён. У той жа час многія ўяўляюць выданні высокага ўзроўню, перш за ўсё па змесце. Пра іх запатрабаванасць сведчаць тыражы, якія дасягаюць 11 тыс. экзэмпляраў. "Калі чытаеш, адчуваеш атмасферу, у якой жывуць прадпрыемствы. Гэта важнае дасягненне нашай карпаратыўнай прэсы", — адзначыў Уладзімір Матусевіч.
Гаворачы пра развіццё студэнцкіх газет, перспектыўным кірункам ён назваў асваенне новых тэхналогій і пераход у электронны фармат. "Гэта пашырыць аўдыторыю пры ўмове адаптацыі кантэнту СМІ да сучасных электронных носьбітаў — мабільных тэлефонаў, планшэтаў, рыдараў", — дадаў Уладзімір Матусевіч.
Кар. БЕЛТА.