Мядзведзь
Бадай што найбольш значнае месца ва ўяўленнях усходнеславянскіх народаў займаў мядзведзь. Культ мядзведзя быў распаўсюджаны ў цэнтральнай і паўночнай частках Беларусі.
Вялікі посуд у выглядзе мядзведжай галавы быў знойдзены падчас раскопак Благавешчанскай гары ў Бранскай вобласці. Прычым сакральная выява аказалася побач з цэнтральным ідалам багіні. Чэрап вялікага мядзведзя знойдзены і на свяцілішчы ў Смаленскай вобласці.
Мядзведзь — жывёла, якая карысталася асаблівай пашанай сярод усходніх славян. З аднаго боку, выклікала захапленне яго моц; з другога — здольнасць хадзіць на задніх лапах правакавала параўнанне мядзведзя з чалавекам і надзяляла незвычайнай магічнай сілай.
У паданнях мядзведзь і чалавек лічыліся сваякамі, таму што, верылі: некалі ў мядзведзя быў ператвораны чалавек. Яго лапы — як чалавечыя рукі; ён ходзіць на дзвюх нагах, мыецца, любіць мёд і гарэлку, клапоціцца пра сваіх дзяцей, разумее чалавечую мову і нават смокча лапу, як дзіця.
Між іншым, тое, што мядзведзь смокча лапу, выклікана адной біялагічнай асаблівасцю гэтага звера: вясной скура з яго лап злазіць, а таму свярбіць. Каб аблегчыць працэс абнаўлення скуры, мядзведзь злізвае старую, каб хутчэй нарасла новая.
Яскравым сведчаннем таго, што мядзведзь некалі быў сакральным, татэмным зверам, з'яўляецца беларуская вусна-паэтычная спадчына і некаторыя абрады. Так, у казцы "Церам мухі" гаворка ідзе пра тое, як дзед згубіў у лесе рукавіцу, у якой пачалі жыць мышка, жабка, заяц, ліса і воўк. Замыкае ланцужок прыроднай сузалежнасці мядзведзь.
У жывёльным эпасе беларусаў існуе шмат казак, у якіх адзін з цароў звяроў паўстае ўжо зусім у іншым абліччы. Застаючыся галоўнай фігурай ляснога царства, ён падаецца запаволеным, няўклюдным, даверлівым, непаваротлівым, а часам — і дурнем. Напрыклад, у казцы "Дзяльба ўраджаю" мужык просіць мядзведзя дапамагчы "ляда капаць", а сабраны ўраджай абяцае раздзяліць напапалам. Прычым мядзведзь паўстае істотай, якая зусім не ведае земляробчых спраў.
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.