Як мы "бралі" басейн

Источник материала:  

Яшчэ зусім нядаўна каля абменных пунктаў валют стаялі вялізныя чэргі. Людзі суткамі маглі стаяць каля абменніка, каб атрымаць жаданую валюту. Не раз я праходзіла міма такіх людзей і дзівілася іх настойлівасці. Няўжо ім не шкада свайго часу?

Сама я ніколі не магла выстаяць чаргу, нават у банку, каб заплаціць за камунальныя паслугі. У мяне не хапала цярпення, але часцей за ўсе прычынай майго сыходу з чаргі былі мае дзеткі. Праз 10-15 хвілін майго "стаяння" яны пачыналі капрызіць, і мне проста даводзілася пакідаць чаргу. Неўзабаве я наогул перастала наведваць банкі, а камунальнымі рахункамі заняўся муж.

Як мы "бралі" басейнБольш за тое, я стала з нейкім неразуменнем глядзець на людзей у чарзе па мяса, цукар, масла... А распродажы адзення і абутку заўсёды прыводзілі мяне ў стан ступару: як могуць стаяць людзі, штурхаючы і лаючы адзін аднаго, у стометровай чарзе дзеля пары чаравікаў?..

Вядома, ёсць такія чэргі, якіх немагчыма пазбегнуць. Напрыклад, у дзіцячых паліклініках. Але нават тут я навучылася абыходзіцца "малой крывёю". Я стала прыходзіць да педыятра ў канцы прыёму. Людзей застаецца, у прынцыпе, няшмат, і таму стаяць лягчэй. Так і жыла я, радуючыся сваёй маленькай хітрасці і абыходзячы чэргі бокам. Але нядаўна я стала чалавекам, які ўсё ж адстаяў сваё... І не ў простай чарзе, а ў не адну сотню людзей — у звычайны дзіцячы басейн!

Яшчэ летась наш доктар настойліва рэкамендаваў вадзіць дачку ў басейн. І, вядома ж, я прыйшла запісвацца ў той, што быў непадалёку ад дома. Але аказалася, што абанементы распрададзены.

І больш за тое, да наступнага года няма сэнсу прыходзіць пытацца абанемент на наступны месяц, бо звычайна іх працягваюць штомесяц да канца навучальнага года. Ха, падумала я, буду вазіць дачку ў іншы. Але... Аказалася, гэта не так проста. Нашы паездкі ў басейн займалі амаль цэлы дзень. Зімой гэта стала амаль немагчымым: дачка вельмі стамлялася ад гэтых паездак, і мы атрымалі водныя працэдуры, якія не расслабляюць, а зусім наадварот.

Сёлета я паставіла сабе за мэту абавязкова трапіць у басейн, які ў двух кроках ад дома. Загадзя даведалася, калі пачнуць выдаваць абанементы, і вырашыла прыйсці на дзве гадзіны раней. І прыйшла.

Але раней за мяне прыйшло чалавек трыста... Я ў нейкім трансе стала ў чаргу, а сама думаю: гэта бязглуздзіца, я проста фізічна не змагу выстаяць такую чаргу, мне холадна, зябка, ды і мужу хутка на працу, і мне давядзецца вярнуцца дадому да хворага дзіцяці. Але стаю, мерзну... Прайшло каля сарака хвілін, а чарга амаль не ссунулася з месца.

Тады я вырашыла пайсці даведацца, чаму чарга не рухаецца. Каля ўваходу ў басейн мне загарадзіў шлях мужчына, ужо са счырванелым ад холаду носам.

— Туды пускаюць толькі па спісах,— буркнуў ён мне.

— Па якіх спісах? — здзівілася я.

— Ну... Спіс чаргі!

— Які гэта яшчэ спіс? — гнеўна ўсклікнула я.

— Як які? Некаторыя асобы чаргу займалі яшчэ два дні таму...

— Што за глупства! — не вытрымала я. — Абанементы выдаюць толькі цяпер, няўжо стаялі?

— Стаялі, яшчэ як стаялі!

— І што ж мне рабіць? — дрыготкім голасам загаварыла я, хутчэй з сабой, чым з мужчынам. І ўжо збіралася пайсці.

— А вы сабе? — раптам спагадліва спытаў мужчына.

— Не, дзіцяці...

— А ведаеце, у вас ёсць шанц. Адміністрацыя басейна вырашыла выдаваць абанементы сення толькі на дарослых, а для малых з васьмі гадоў заўтра ў 11 гадзін раніцы. Там стаіць жанчына, бачыце, у яе спіс чаргавікоў на заўтра. Абанементаў на дзяцей будзе каля 150. Рызыкніце.

Я падзякавала і пайшла да жанчыны, у якой быў спіс. Яна запісала маё прозвішча на паперку пад нумарам 159. І строга сказала, маўляў, сёння ў шэсць на зверку. Не прыйдзеце — выкраслім.

І я пайшла дадому. Цэлы дзень думала, як усё гэта абуральна: спісы, зверкі... А раптам мне не хопіць абанемента? Добра, рызыкну. Пайду на гэтую нікчэмную зверку.

У прызначаны час я прыйшла да басейна. І якое было маё здзіўленне, калі я і сапраўды ўбачыла там шмат людзей, якія прыйшлі на зверку. Стаялі мамы з немаўлятамі, таты нервова палілі і чакалі, пакуль мужчына са спісам назаве іх прозвішча.

Я далучылася да натоўпу і таксама пачала нервавацца, калі адкуль ні вазьміся ў мужчыны са спісам (яго звалі Юра), з'явіўся яшчэ адзін. Ён усіх запэўніў, што нічога не пераблытаў. Проста людзі запісваліся на розных лістках, і ён прывядзе ўсё спісы ў парадак. Не прыйшло пару дзясяткаў чалавек, і ў выніку я апынулася ў спісе пад нумарам 130. Але пры гэтым прыйшлі новыя людзі, і таму спіс не стаў меншым — у чарзе было запісана каля 170 прэтэндэнтаў. А абанементаў прыкладна 150. Хто-небудзь з малых так і не трапіць у гурток па плаванні.

Пасля зверкі мне здавалася, што ўсе разыдуцца, а раніцай, у 11 гадзін, прыйдзем атрымліваць абанементы... Але Юрый так упэўнена, быццам бы ён усё жыццё толькі і рабіў, што арганізоўваў чэргі, сказаў:

— Так, цяпер я падзялю спіс на групы па дзесяць чалавек. Кожная група павінна пачаць дзяжурыць з гэтага моманту па адной гадзіне і так да 7 раніцы. Потым зноў усе на зверку.

Я праціснулася да Юрыя і гучна спытала:

— Навошта дзяжурыць ноччу? Лепш прыйдзем на зверку ў 9:00.

— Ну вы так разважаеце, быццам першы раз у чарзе стаіце. Сюды ўначы пачнуць прыходзіць новыя людзі, каб заняць чаргу. А тут мы са спісам. Няхай запісваюцца ў канец.

— А ў каго немаўляты на руках, і чалавек не можа прыйсці ноччу на гадзіну дзяжурыць?

— Хай дасылаюць сваіх мужчын.

— А калі муж у начную працуе?

— Тады каго-небудзь іншага, мне асабіста ўсё роўна. Дамаўляецеся са сваёй групай. Але папярэджваю: хто не прыйдзе на зверку, выкраслім са спіса.

Тут жанчына гадоў пяцідзесяці тузанула мяне за рукаў: "Калі хто не хоча прыходзіць ноччу, хай не прыходзяць. Нам лепей. Чым больш людзей не прыйдзе, тым больш шанцаў у нас атрымаць абанемент на час, які нам патрэбен".

Жанчына мела рацыю. Раптам мне дастанецца абанемент на раніцу, а дачка вучыцца ў першую змену. Нам такі нават не спатрэбіцца. Але, як той казаў, надзея памірае апошняй. І я вырашыла працягнуць сваё "стаянне". Але ж трэба было нешта прыдумаць, бо менавіта ў мяне маленькі сын, якога я не змагу пакінуць ноччу аднаго, і муж, які вернецца толькі ў сем гадзін раніцы.

Я падышла да сваёй групы, у якой пераважна былі жанчыны, і патлумачыла ім сітуацыю. Яны неахвотна пагадзіліся мяне прыкрыць, але толькі да 7:00. Наша група павінна была дзяжурыць каля басейна з 5:00 да 6:00. Жанчыны дамовіліся паміж сабой даслаць сваіх мужчын. Дома мой муж паабяцаў, што вернецца крыху раней. Але ў яго не атрымалася.

Раніцай мне не хацелася зноў ісці да басейна, тым больш з сынам. Я падумвала ўжо кінуць гэтую задуму. Але ўспомніла словы ўрача, які настойваў, каб дачка хадзіла ў басейн. Ёй гэта проста неабходна. І я, сонная, нервовая і злая, пасадзіла сына ў каляску і пайшла на зверку. Калі прыйшла да бассейна, там па-ранейшаму стаяў натоўп.

Толькі не было мам з немаўлятамі, а больш мужчыны. Пачалася пераклічка. Мой сын стаў капрызіць, а я яшчэ больш нервавацца. Выкрэслівалі многіх: тых, хто не прыйшоў на зверку, тых, хто не прыйшоў на дзяжурства, у тым ліку і мам з немаўлятамі. Я паспрабавала выступіць супраць таго, каб выкрэслівалі ўсіх без разбору.

Але мяне не падтрымалі. Многія апускалі вочы, але маўчалі. Я адчула некаторае бяссілле, ад таго, што не магу дастукацца да людзей, але раптам, паглядзеўшы на іх, я зразумела... Было відаць, што многія з іх не спалі ноччу: у іх былі апухлыя твары і чырвоныя вочы, хтосьці грэў рукі аб кубак з гарачай гарбатай з тэрмаса.

Магчыма, сапраўды было справядліва выкрэсліваць тых, хто не мерз ноччу каля басейна, абараняючы яго ад набегаў "хітруноў", якія вырашылі прыйсці крыху раней і стаць першымі ў чарзе на атрыманне абанемента ў дзіцячы басейн.

Дайшла чарга і да мяне.

— Талівінская.

— Я тут.

— Чаму не дзяжурылі?

— Я дамовілася з групай... Па сямейных абставінах не змагла прыйсці на дзяжурства.

Усе павярнуліся да мяне. Я была адзіная, хто прыйшоў з дзіцем. Таму я сустрэла погляды спачувальныя. І мне пашанцавала...

— Добра, значыць, вы ўжо будзеце 98-й.

Пасля пераклічкі мужчыны адпусцілі ўсіх жанчын пакарміць дзяцей. У дзевяць гадзін усе па спісе павінны былі вярнуцца да басейна і стаць ужо ў "жывую" чаргу. Калі я прыйшла дадому, муж ужо вярнуўся з працы.

Ён засынаў на хаду, таму мне самой зноў давядзецца ісці ў чаргу. Я цёпла апранулася і пайшла. Каля басейна стаяла чарга ўжо ў некалькі сотняў чалавек. Я падышла да сваёй групы, якая стаяла параўнальна недалёка ад уваходу ў басейн. Адчувалася некаторае хваляванне. У канцы чаргі віднеліся змрочныя твары. Людзі, якія стаялі каля мяне, былі значна весялейшыя.

— Уяўляеце, я першы раз у жыцці стаю ў такой чарзе, — пачала я размову.

— Прывыкайце, бо вы яшчэ маладая. Я за сваё жыццё не адну такую чаргу адстаяла, — сказала пенсіянерка.

— Але ж так не павінна быць...

— Вядома, не павінна, — умяшаўся мужчына. — Але што толькі не зробіш для свайго сына. Нам педыятр сказаў, што дзіцяці неабходны басейн, каб імунітэт умацаваць, каб менш хварэў.

— А нашаму — для ўмацавання нервовай сістэмы...

— А нашай трэба спіну выраўнаваць, сутуліцца стала.

— А мае хлопцы проста любяць плаваць. Напэўна, таму ў іх моцнае здароўе, і нам хочацца, каб такім яно і засталося.

— Трэба паскардзіцца, што гэта за вар'яцтва такое, абанемент у басейн можна атрымаць, толькі прастаяўшы ў чарзе суткі.

— І не факт, што абанемент дастанецца.

— Няма сэнсу скардзіцца. У нас раён новы. Інфраструктура неразвітая... Тут звычайных крам не хапае, а вы "басейн, басейн"!

— Мне наогул здаецца, што школы адразу з басейнамі трэба будаваць. Не было б такога...

— А што тут даюць? — занепакоена спытаў мужчына, які праходзіў міма нас.

— Абанементы ў басейн, — хорам адказалі мы.

— Бясплатна?

— Не, вядома, за грошы.

— Тады чаго стаяць... Ненармальныя!

Усе пераглянуліся і засмяяліся.

— Малады, жыцця не ведае

— Ды ў яго проста дзяцей няма.

Каб неяк падбадзёрыць адзін аднаго, мы сталі расказваць анекдоты, жартаваць, распавядаць пра сваё жыццё. "Стаянне" стала не такім змрочным. Некаторыя мужчыны "сцямілі" па пляшцы піва. Жанчыны шапталіся пра свае сакрэты. Але, калі адчыниліся дзверы басейна ў 11 гадзін раніцы, настрой раптам знік. Жартавалі, вядома, але гумар стаў неяк "цямнець". Там, у канцы чаргі, наспявала рэвалюцыя. Мы ж трывожна ўзіраліся ў цёмныя вокны басейна. Пускалі па дзесяць чалавек. Дакладней, упускаў... Мужчына ростам два метры, ды і шырынёй каля таго ж. І нарэшце...

— Вы наступныя. Засталося прыкладна васямнаццаць абанементаў.

Я азірнулася назад.

За намі стаяла вялізная чарга. Здавалася, яна не паменшылася, а нават наадварот. Адчыніліся дзверы, і наша група ўвайшла. Мы занепакоена кінуліся да двух трэнераў, у якіх былі запаветныя абанементы. Дзякуючы шчаслівай выпадковасці (хоць, калі прызнацца, хуткасці) я забрала апошні абанемент на вечар у нашага трэнера.

І маё сэрца шалёна калацілася, і было так радасна, што я нават не глядзела на мітусню побач, а толькі на гэты абанемент, на якім рукой трэнера была напісана прозвішча маёй дачкі. Я накіравалася да выхаду...

І тут мне дарогу перагарадзіў яшчэ больш велізарных памераў ахоўнік. У галаве прамільгнула: "Дзе ж яны бяруць такіх волатаў"?

— Вам лепш пайсці іншым шляхам, — гледзячы на мяне зверху, прагрымеў велікан.

— Чаму гэта? — разгублена спытала я. Ахоўнік матнуў галавой на акно.

Там, па той бок акна, я ўбачыла людзей: змерзлых, стомленых, якія нервова ўзіраліся ў вокны. Відаць, і сапраўды лепш не ісці праз гэтыя дзверы. І толькі цяпер я ўспомніла, што ў будынак басейна ўваходзілі, але ніхто не выходзіў. Ахоўнік паказаў мне на доўгі калідор. Калі я выйшла, ужо праяснілася і ласкава свяціла сонейка.

Мне было так радасна, на ветры трапятаў лісток плацежкі-абанемента, які я павінна была аплаціць. Ужо здалёк я паглядзела на велізарную чаргу. Мне стала шкада гэтых людзей. Хто-небудзь з іх стаяў, магчыма, з самай раніцы, Але, на жаль, дарэмна. Калі я прыйшла дадому, муж прыкінуўся канём, які спіць.

На ім сядзеў сын і крычаў "Но, Но!" Дачка выбегла з пакоя.

— Мам, ну што, атрымалася?

— Так.

Мы абедзьве закрычалі "ўра" і сталі скакаць, трымаючыся за рукі. Ніколі ў сваім жыцці я не думала, што звычайная паперка-абанемент, можа прынесці столькі радасці. Хочацца верыць, што падобныя чэргі калі-небудзь знікнуць з жыцця людзей. І, безумоўна, я па-ранейшаму буду старацца пазбягаць іх, але ўжо ніколі не буду глядзець на людзей у чарзе, як на "ненармальных"!

Наталля ТАЛІВІНСКАЯ.

←В Беларуси может появиться Академия юстиции

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика