"Дажынкі" ў глыбінцы

Источник материала:  

Лёзна стаў першым раённым цэнтрам Віцебшчыны, дзе адсвяткавалі "Дажынкі". І ёсць падстава. Менавіта Лёзненскі раён зноў заняў першае месца ў рэспубліканскім спаборніцтве па ўборцы збожжавых (у сваёй групе. — А.П.).

Карэспандэнт "Звязды", які ўчора пабываў на "Дажынках" у Лёзне, на свае вочы ўбачыў свята і пераканаўся, што яно зусім не раённага маштабу. Бо ў ім бралі ўдзел не толькі прадстаўнікі іншых раёнаў Віцебшчыны, але і суседняй Расіі.

— Добра папрацавалі сёлета нашы хлебаробы. Сярэдняя ўраджайнасць па раёне — 30,5 цэнтнера з гектара, а ў лепшай гаспадарцы — аж 47 цэнтнераў. І бульба добрая сёлета: у 1,5 раза больш сабралі, чым летась.

Мы вельмі старанна рыхтаваліся да свята. Рэканструявалі 35 аб'ектаў. І сёння можна адпачыць. Тым больш што мы сумясцілі раённыя "Дажынкі" са святам раёна, у гонар чарговай гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, — расказвае "Звяздзе" старшыня Лёзненскага райвыканкама Іван Лаўрыновіч. — Патрачана бюджэтных сродкаў каля 17 мільярдаў рублёў. А з усіх крыніц фінансавання — каля 40 мільярдаў. Пабудавалі новую аўтастанцыю, гандлёвы цэнтр, капітальна адрамантавалі раённы Дом культуры... Прывялі ў парадак нямала жылых дамоў, адрамантавалі іх дахі... Цэнтральная плошча райцэнтра атрымала другое жыццё. Вялікі дзякуй землякам, якія ўнеслі свой уклад у падрыхтоўку да свята. Правялі тры суботнікі. Дапамагалі ў навядзенні парадку нашы прадпрыемствы і арганізацыі. Думаю, ветэранам, усім жыхарам гэтае свята запомніцца...

Добрым падарункам раёна да свята стала партыя тэхнікі, перададзеная ў дар аблвыканкамам: камбайн, кормаўборачная тэхніка, раздатчыкі кармоў...

Не забылі і пра "глыбінку ў глыбінцы". Усе аграрныя гарадкі добраўпарадкавалі. У гаспадарках прывялі ў парадак усе адміністрацыйныя будынкі, механізаваныя майстэрні. Сёлета ўведзены ў эксплуатацыю два новыя зернесушыльныя комплексы, зала для даення кароў робатамі. Будуецца ферма на дзве тысячы галоў яшчэ ў адной гаспадарцы.

Сярод ганаровых гасцей "Дажынак" быў і кіраўнік суседняга расійскага Руднянскага раёна.

— Мы самыя блізкія суседзі. І нам дапамагаюць лёзненцы, і мы ім. У нас вельмі добрыя адносіны. Мы шчыра ганарымся поспехамі нашых суседзяў. У нас праводзяцца аналагічныя святы. Праўда, яны не маюць назву "Дажынкі". І не з такім размахам праводзяцца. Сёння шчыра даводзіцца прызнаваць, што поспехі беларусаў у сельскай гаспадарцы выклікаюць радасць. Настолькі вялікая ўвага надаецца развіццю сяла, — расказвае "Звяздзе" кіраўнік Руднянскага раёна Смаленскай вобласці Юрый Івашкін. — У нас ёсць з каго браць прыклад. Добра, што і ў нас прыйшло разуменне: сельскай гаспадаркай трэба займацца. Наш раён сёлета атрымаў ураджайнасць 22,5 цэнтнера з гектара — мы лічым, што паспяхова папрацавалі.

Свята распачалося шэсцем пад гукі музыкі ваеннага аркестра. Уперадзе калоны за аркестрам у машынах везлі ветэранаў. Удзельнікі шэсця ўсклалі кветкі да манумента ў гонар вызваліцеляў. Потым у канцэртнай зале пад адкрытым небам адзначылі перадавікоў. Артысты з Віцебска далі канцэрт. Працавалі гандлёвыя пункты. Жыхары райцэнтра і вяскоўцы з задавальненнем куплялі "з колаў" прадукцыю ад вытворцаў па прывабных цэнах. Свае творы прадавалі рамеснікі і народныя ўмельцы. Вельмі смачнымі аказаліся нацыянальныя беларускія стравы, якія прапаноўвалі бясплатна пакаштаваць удзельнікам свята. Райцэнтр спяваў, весяліўся. Гэта ж "Дажынкі"!

Аляксандр ПУКШАНСКІ, Лёзна—Віцебск.

←Журналисты Reuters проехали по Северной Корее

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика