Электроніка супраць парушальнікаў
Жыццё парушальнікаў правілаў дарожнага руху на Гомельшчыне зробіць больш складаным прыбор, якім хутка будзе абсталяваны кожны патрульны аўтамабіль ДАІ. Ужо зараз супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі вобласці стала значна прасцей несці службу. Справа ў тым, што на ўзбраенні ДАІ Гомельскай вобласці з'явілася 30 відэарэгістратараў.
Гэтая невялікая чорная скрыначка — мініяцюрная лічбавая камера, якая мацуецца на лабавое шкло патрульнага аўтамабіля. Менавіта яна дазваляе запісваць відэа- і аўдыяінфармацыю — прычым і звонку, і ўнутры аўтамабіля. Па словах начальніка ўпраўлення ДАІ Гомельшчыны Ігара Макушэнкі, гэтыя прыборы дазволяць фіксаваць дарожную сітуацыю ў бесперапынным рэжыме, дапамогуць вырашыць любыя спрэчныя пытанні, у тым ліку і канфлікт паміж удзельнікамі дарожнага руху. Прынамсі, прыборы дазваляюць таксама весці кантроль за работай асабовага складу.
Карты памяці, на якую ідзе запіс, хапае на 8 гадзін бесперапынных здымкаў. Потым інфармацыю можна прагледзець на камп'ютары. Цікава, што прылада абсталявана інфрачырвонай падсветкай, што дазваляе рабіць якасны запіс нават у цёмны час сутак. Пры павароце ключа запальвання або пры любым руху ў кадры аўтаматычна спрацоўвае ўключэнне запісу. Калі ў кожным патрульным аўтамабілі будзе такі электронны памочнік, парушальнікі спакою на дарозе не застануцца без пакарання.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.