Гінэс-2011: ад самага доўгага языка да найвялікшай у свеце шакаладкі
У новым выданні знакамітага зборніка на 2012 год, якое трапіла на прылаўкі ў верасні, чытачы ўсяго свету змогуць даведацца, як завуць уладальніцу самых вялікіх пазногцяў і хто з'яўляецца самым адчайным аматарам пірсінгу.
Надзвычай выразны ўнёсак у стварэнне кнігі дала таксама ўладальніца самага доўгага ў свеце языка — цемнаскурая студэнтка з Каліфорніі Шанэль Тэпер. 9,75 см — такая лічба атрымліваецца, калі вымяраць даўжыню языка дзяўчыны ад кончыка да верхняй губы. У інтэрв'ю, якое Шанэль дала стваральнікам кнігі, яна паведаміла, што незвычайную ўласцівасць заўважыла ў сябе яшчэ ў 8 гадоў і таму цалкам прывыкла да гэтага. Прыроду дзіўнай з'явы студэнтка растлумачыць не змагла, выказаўшы толькі здагадку, што справа ў прыроджанай адсутнасці аброці.
Носьбіткай самых вялікіх грудзей таксама аказалася чарнаскурая жанчына. Як паведамляе Кніга рэкордаў Гінэса, Эні Хокінс-Тэрнер (вядомая таксама пад псеўданімам Норма Сцітц) можа ганарыцца натуральным бюстам 177,8 см у ахопе.
Сярод іншых дзіўных чалавечых дасягненняў — уменне некаторых наносіць арганізму штучныя пашкоджанні. Тут поспех атрымалі амерыканцы: 3900 металічных клямараў увагналі ў скуру адзін аднаму за 7 гадзін і 46 хвілін тэхасцы Тайсан Турк і Крыс Эліот. Раней ім жа ўдалося ўвагнаць у сябе "толькі" 3100 клямараў, але гэтым разам яны вырашылі пабіць гэты рэкорд, каб праславіць студыю пірсінгу, якую трымае Турк.
Самай вялікай колькасцю пірсінгу адзначыўся жыхар нямецкага Дортмунда Рольф Буххольц, які праколаты ў 453 месцах па ўсім целе. Буххольц носіць 94 упрыгажэнні ў вуснах або вакол іх, 25 у бровах, 8 у носе і 278 у вобласці геніталій.
Тытул уладальніцы самых доўгіх пазногцяў у свеце атрымала 45-гадовая жыхарка Лас-Вегаса Крысцін "Графіня" Уолтан. Пазногці яе левай рукі на момант фіксавання рэкорду дасягнулі даўжыні 3,09 м, правай — 2,88. Крысцін прызналася, што ненавідзіць займацца ўборкай, але прыходзіцца. Ганаровае званне яна забрала ў Лі Рэдманд, якая зламала ў аўтамабільнай аварыі свае пазногці, агульная даўжыня якіх дасягала васьмі метраў.
Самая вялікая прычоска ў стылі афра належыць Эвін Дуглас з Новага Арлеана:
18,3 см у вышыню, 19,5 см у шырыню і 1,31 м у ахопе.
Самымі доўгімі вусамі ў свеце — 4,2 м — вызначыўся індыец Рам Сінг Чаўхан.
Ёсць, зрэшты, у гэтым спісе і "нармальныя", з пункту гледжання большасці аўдыторыі, рэкорды. Так, самым маладым чалавекам, які ў адзіночку абляцеў вакол свету, стаў 23-гадовы студэнт Мемарыяльнага ўніверсітэта Фларыды Барынгтан Ірвінг. Юнак, дарэчы, стаў першым чарнаскурым амерыканцам, які пабіў гэты рэкорд. Калі Барынгтан даведаўся, што ніхто не пазычыць яму самалёт для рэкорду, то пабудаваў уласны Соlumbіа 400 з дэталяў, ахвяраваных яму авіябудаўнічым заводам у Калумбіі.
Зала славы Гінэса сёлета папоўнілася яшчэ адным незвычайным пачынаннем: святар з Ілінойса Дарэл Бест вынайшаў самую хуткую вянчальную капліцу. Ён пераабсталяваў старую пажарную машыну для шлюбаў, і маладыя зараз могуць прынесці неабходныя клятвы і абяцанні адно аднаму на хуткасці ў 99 км/г. У мініяцюрнай царкве ёсць усё, што трэба: вокны з вітражамі, 1000-ватная стэрэасістэма, арган, кафедра прапаведніка і ганак з каванымі парэнчамі.
Год ад года ў Кнізе рэкордаў Гінэса не змяншаецца колькасць ахвотных зрабіць што-небудзь самае-самае вялікае. Так, самую вялікую ў свеце скрыпку стварылі майстры па вытворчасці скрыпак і лукаў з Фогтланда (Германія). Памеры інструмента складаюць 4,2 м у даўжыню і 1,23 м у шырыню. Гэтая музычная прылада і яе 5,1-метровы смык у сем разоў большыя за звычайную скрыпку. Каб сыграць на рэкардсменцы, патрэбны тры чалавекі: адзін прыціскае струны, а двое іншых водзяць смык.
Адмыслова дзеля ўваходжання ў Кнігу рэкордаў у кандытарскай кампаніі Wоrld's Fіnеst Сhосоlаtе ў Чыкага сёлета 13 верасня была выраблена самая вялікая ў свеце шакаладка вагой у 5574 кг. Вышыня батончыка амаль метр, даўжыня — 7 м, прычым яго вага пераўзыходзіць мінулы рэкорд амаль на тону.
Не адстаюць ад чалавека і браты нашы меншыя: значная частка забаўных і незвычайных рэкордаў у чарговым выданні Кнігі рэкордаў Гінэса належыць менавіта ім. Так, сабакам з самымі доўгімі ў свеце вушамі афіцыйна прызнаны чорна-падпалы кунхаунд па мянушцы Харбар. Даўжыня яго левага вуха складае 31,7 см, а правага — 34 см.
Самы доўгі ў свеце кот і самы доўгі каціны хвост — усё гэта ёсць у гаспадароў 5-гадовага мейн-куна па мянушцы Сцюі. Даўжыня самой жывёліны, якую ўладальнікі ката вымяралі яшчэ напрыканцы 2010 года, складае 1,23 м, а асобна ўзятага хваста — 41,5 см.
Сабрат Сцюі, брытанскі дамашні кот Смокі (яго парода не ўдакладняецца) вызначыўся ў іншай сферы: ён вуркатаў з гучнасцю, якая дасягнула 67,7 дэцыбела.
Аўстралійскі марскі кракадзіл Касій Клэй быў абвешчаны сёлета самым вялікім кракадзілам, які жыве ў няволі. Яго даўжыня складае 5,47 м, а вага — 907 кг.
Найвялікшая колькасць сабак, якія скачуць на скакалцы, — хто б мог уявіць такое дасягненне? Тым не менш, яно існуе і належыць цырку "Suреr Wаn Wаn Сіrсus" з Японіі. У адным з нумароў ажно 13 сабак адначасова скачуць на скакалцы.
Ліна Малініна.