Дзіцячыя кансервы хутка перастануць быць дэфіцытам. Але падаражэюць?
"Вось ужо месяц, як ва ўсіх навакольных і нават спецыялізаваных крамах зніклі дзіцячыя мясныя кансервы айчыннай вытворчасці. Паліцы, дзе стаялі гэтыя прадукты, цяпер застаўлены тушонкай і ўсякімі паштэтамі, а на ўсе роспыты, што здарылася, прадаўцы толькі разводзяць рукамі: "І самі не ведаем". Няўжо крызіс "з'еў" і гэты, такі сацыяльна значны, прадукт?"
Наталля Малівук, маці 2 дзяцей, Слуцк.
Пытаннем, куды зніклі мясныя кансервы, заклапаціліся не толькі многія маладыя бацькі, але таксама алергікі, якім прадпісана дыетычнае харчаванне, і нават гаспадары катоў і сабак: іх гадаванцы любяць час ад часу паласавацца тонка змолатым мяскам без усялякіх "Е". Яшчэ ўлетку рознакаляровыя бляшанкі адзінага ў Беларусі вытворцы мяснога, мяса- і рыбарасліннага дзіцячага харчавання — Аршанскага мясакансервавага камбіната — свабодна ляжалі практычна ў кожнай краме. Цяпер жа натрапіць на іх нават у спецыялізаваных магазінах — вялікая ўдача, і тыя, каму яна выпала, стараюцца закупіць пра запас адразу некалькі дзясяткаў кансерваў... Нечаканы дэфіцыт спарадзіў самыя розныя чуткі. Вось самыя распаўсюджаныя версіі, якія рэгулярна чуваць у крамах: "Завод увогуле стаў, кансервы засталіся толькі для маламаёмных, хто атрымлівае бясплатнае харчаванне", "Кашатнікі раскупілі" і "Усё вывозяць у Расію". Найбольш аптымістычны варыянт — "Вытворцы проста чакаюць, пакуль ім дазволяць падняць цану".
— Што вы так хвалюецеся? Вунь у нас поўна мясных кансерваў, — супакойвала наведвальнікаў кансультант папулярнай сеткі дзіцячых магазінаў.
— Угм, — змрочна ківалі наведвальнікі, разглядаючы шэрагі слоікаў украінскай, расійскай і еўрапейскай вытворчасці, — толькі гэтыя 100 грамаў каштуюць як мінімум 10—12 тысяч, а беларускія былі па 2—3... Будзем шукаць.
Карэспандэнты "Звязды" вырашылі не займацца разам з усімі бясплоднымі "забегамі", а спытацца наўпрост у вытворцаў, што здарылася і ці маюць чуткі пад сабой падставу.
На Аршанскім мясакансервавым заводзе паведамілі, што пэўны спад вытворчасці дзіцячых кансерваў сапраўды быў: у маі на заводзе здарыўся пажар, з-за якога пэўны час стаяў забойны цэх і рэканструявалася халадзільная ўстаноўка.
— Але зараз мы цалкам аднавілі ранейшы аб'ём вытворчасці, — падкрэсліла намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці і якасці Вольга Масаловіч. На асартыменце прадукцыі, паводле слоў спецыяліста, часовы прастой не адбіўся — прадпрыемства па-ранейшаму вырабляе каля 20 відаў дзіцячых мясных кансерваў. Праўда, у сувязі з тым, што ў Беларусі назіраецца сезонны дэфіцыт мяса індычкі, труса, бараніны, каніны, кансервы з гэтым мясам пакуль што не выпускаюцца, затое пабольшала ялавічыны і свініны з разнастайнымі расліннымі і мяснымі дабаўкамі. Атрымліваецца, што цяперашняя адсутнасць кансерваў у крамах — не віна прадпрыемства, а хутчэй няспрытнасць саміх крам.
— Паверце, мы цудоўна разумеем сваю адказнасць, што з'яўляемся адзіным вытворцам гэтага віду дзіцячага харчавання ў Беларусі, і таму прыкладаем усе намаганні для таго, каб дзіцячае харчаванне ў поўным аб'ёме было прадстаўлена ў гандлёвай сетцы краіны, — запэўніла Вольга Масаловіч. У айчынныя магазіны, удакладнілі "Звяздзе" ў аддзеле збыту, адгрузкі ідуць штодня, а вось доля экспарту практычна не павялічылася, так што "расійскага следу" ў дэфіцыце кансерваў шукаць не варта.
— Яшчэ адно пытанне, якое безумоўна хвалюе бацькоў: як вырастуць цэны на дзіцячыя кансервы, скажам, да канца гэтага года?
— Дакладна адказаць не магу. Справа ў тым, што цана на нашу прадукцыю рэгулюецца Міністэрствам эканомікі, і самастойна мы яе павысіць не можам. Адпаведная заяўка пададзена, зараз яна разглядаецца. Мяркую, што цэны на дзіцячае харчаванне вырастуць прыкладна на 30 працэнтаў.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.