Супраць ангіны і ларынгіту
Прырода — лепшы лекар: яна перамагае большасць захворванняў. Таму і прыхільнікі традыцыйнай медыцыны нярэдка звяртаюцца ў "кладоўку сонца": народныя рэцэпты правераны стагоддзямі і пакаленнямі. Не заклікаючы хворых пазбаўляцца люцікамі і рамонкамі ад грыпу або запалення лёгкіх, успомнім прывычныя з дзяцінства растворы для паласкання горла.
Чым паласкаць?
Рэцэптаў паласканняў мноства. Самы хуткадзейны — шклянка цёплай вады з дабаўленнем чайнай лыжкі соды, некалькіх кропляў ёду і крыху солі. На жаль, смак у зелля спецыфічны, а для эфектыўнага вылячэння паласкаць горла такім растворам прыйдзецца каля 10 разоў на дзень. Дарослыя дзеля хуткай мабілізацыі сіл у стане перанесці "марскі кактэйль", а вось дзецям, каб не адбіць назаўжды ахвоту паласкаць горла, варта пашукаць варыянт больш "смачны".
Рэцэпт для гурманаў: развесці ў цёплай вадзе па чайнай лыжцы мёду і імбірнага парашку і дадаць да іх сок паловы лімона. Альбо зрабіць "амаль вінегрэт": адціснуць шклянку бурачнага соку (бурак можна надзерці на дробнай тарцы) і дадаць да яго сталовую лыжку воцату, паласкаць 5—6 разоў на дзень.
Пазбавіцца ад бактэрый на слізістай дапамагае раствор лімоннага соку (1 ч. лыжка на шклянку гатаванай вады) або шклянка вады з дабаўленнем трохпрацэнтнага перакісу вадароду.
Не менш эфектыўныя цыбульныя паласканні: 3 ч. лыжкі цыбульнага шалупіння пракіпяціць у палове літра вады і настойваць на працягу чатырох гадзін — яны выратуюць ад ангіны і ларынгіту.
Як паласкаць?
Паскорыць эфект ад паласканняў дапамагае веданне асноўных правілаў:
1. Гатуйце паласканне на адзін раз, бо падчас захоўвання ў шклянку могуць патрапіць бактэрыі.
2. Глытаць раствор для паласкання непажадана: што добра для горла, не заўсёды "ветліва" сустракаецца страўнікам.
3. Паласкаць горла трэба пасля яды і не есці на працягу хаця б паўгадзіны пасля працэдуры.
4. У выпадку паласканняў частата — гарантыя здароўя: старайцеся паласкаць горла не менш як 3—5 разоў у суткі.
Падрыхтавала Вольга КУЛІНКОВІЧ.