Рэпетыцыйнае тэсціраванне — дыягностыка прабелаў у ведах
У кастрычніку ў краіне стартуе першы этап рэпетыцыйнага тэсціравання, якое нядаўна змяніла сваю назву і ва ўсіх афіцыйных дакументах называецца цяпер тэсціраваннем абітурыентаў па вучэбных прадметах за курс сярэдняй школы. Назва мерапрыемства — новая, але яго сутнасць засталася ранейшай.
— Я лічу, што да рэпетыцыйнага тэсціравання трэба ставіцца ў першую чаргу як да выдатнага сродку самадыягностыкі. Гэта цудоўная магчымасць высветліць, якія існуюць прабелы ў ведах і на якіх раздзелах школьнай праграмы трэба сканцэнтраваць сваю ўвагу пры падрыхтоўцы да ЦТ, — тлумачыць дырэктар Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў Мікалай ФЯСЬКОЎ. — Упэўнены, што заняткі з рэпетытарам ніколі не дадуць такой багатай інфармацыі для роздуму і падрыхтоўкі да тэстаў, як вынікі рэпетыцыйнага тэсціравання. Для некаторых выпускнікоў і іх бацькоў вынікі рэпетыцыйнага тэсціравання становяцца "громам сярод яснага неба", асабліва калі тыя маюць у школе самыя высокія адзнакі па экзаменацыйнай дысцыпліне.
Між іншым, калі мы прааналізавалі вынікі ўдзельнікаў рэпетыцыйных тэсціраванняў папярэдніх гадоў , то пераканаліся, што маладыя людзі, якія ўдзельнічалі ва ўсіх трох этапах "рэпетыцыі" іспытаў, паказваюць на цэнтралізаваным тэсціраванні ў два разы вышэйшы бал, чым сярэдні па прадмеце сярод усіх удзельнікаў ЦТ. Тыя, хто ўдзельнічаў у двух этапах, атрымліваюць у паўтара раза вышэйшы за сярэдні бал. А ўдзельнікі аднаго этапу рэпетыцыйнага тэсціравання паказваюць, як правіла, сярэдні вынік.
Па словах Мікалая Фяськова, з кожным годам іх інстытут атрымлівае ад абітурыентаў усё менш скаргаў рознага кшталту, але сёлета павялічылася колькасць незадаволеных тым, што іх вынік на цэнтралізаваным тэсціраванні аказаўся намнога ніжэйшы, чым падчас рэпетыцыі будучага экзамену. Напрыклад, падчас рэпетыцыйнага тэсціравання ў абітурыента было 80 балаў, а падчас ЦТ — толькі 32. Калі ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў сталі аналізаваць прычыны, то высветлілася, што не ва ўсіх пунктах правядзення рэпетыцыйнага тэсціравання строга вытрымлівалася вызначаная працэдура: патэнцыйныя абітурыенты маглі праносіць падручнікі, шпаргалкі, карыстацца падказкамі, не здаваць мабільны тэлефон. Таму цяпер працэдура правядзення рэпетыцыйнага тэсціравання нічым не будзе адрознівацца ад цэнтралізаванага тэсціравання. Арганізатары "рэпетыцыі" павінны будуць прытрымлівацца ўсіх правіл правядзення ЦТ, каб адразу настроіць абітурыентаў на сур'ёзны лад і змадэляваць рэальную псіхалагічную абстаноўку правядзення ЦТ: ніякіх мабільнікаў, дапаможнікаў і шпаргалак у экзаменацыйнай аўдыторыі! Арганізатарам дазваляецца кансультаваць удзельнікаў "рэпетыцыі" толькі па тэхналогіі работы над тэстам і па парадку запаўнення бланка, але ніякіх кансультацый па змесце тэстаў не дапускаецца. У адрозненне ад ЦТ, пасля рэпетыцыйнага тэсціравання яго ўдзельнікам дазваляецца забіраць чарнавік дамоў. Колькасць дысцыплін, якія можна здаваць на рэпетыцыйным тэсціраванні, у адрозненне ад ЦТ, ніхто не абмяжоўвае. Больш за тое, можна паспрабаваць здаць кожную дысцыпліну нават двойчы, паколькі для кожнага рэпетыцыйнага тура рыхтуюцца два варыянты тэстаў. Таксама да ўдзелу ў рэпетыцыйным тэсціраванні дапускаюцца і дзесяцікласнікі...
Мікалай Фяськоў дадаў, што арганізатары ЦТ і далей будуць пераправяраць усе работы ўдзельнікаў як цэнтралізаванага, так і рэпетыцыйнага тэсціравання, якія маюць нулявы вынік. Хоць дагэтуль не было ніводнага выпадку, каб нулявы бал быў выстаўлены абітурыенту выпадкова ці памылкова.
— Калі абітурыент здае арганізатарам у аўдыторыі проста чысты бланк, нават не спрабуючы прыступіць да выканання заданняў — гэта адна справа, і зусім іншая — калі мы бачым, што на 18 заданняў з вобласці А абітурыент спрабаваў даць адказ. Прычым абітурыент яўна не варажыў на кававай гушчы, што відаць па яго чарнавіку, але ніводнага правільнага адказу дадзена не было. Крыўдна, аднак нічым дапамагчы яму мы не можам, — мусіў канстатаваць Мікалай Фяськоў.
Як вядома, Дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзеннем уступных іспытаў унесла па выніках прыёмнай кампаніі прапанову аб павелічэнні часу на правядзенне цэнтралізаванага тэсціравання па некаторых дысцыплінах. У прыватнасці, згадвалася ЦТ па фізіцы, па выніках якога абітурыенты не першы год дэманструюць самыя нізкія вынікі. А якой думкі прытрымліваюцца на гэты конт самі арганізатары цэнтралізаванага тэсціравання?
— Тэст — не кантрольная работа ў школе, — дзеліцца сваім бачаннем сітуацыі Мікалай Фяськоў. — Час, неабходны для выканання асобных заданняў тэста і ўсяго тэста ў цэлым вызначаецца па выніках апрабацыі тэставага матэрыялу. Кантынгент удзельнікаў пры гэтым фарміруецца ў асноўным з навучэнцаў устаноў, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі розных тыпаў — ад звычайных гарадскіх і сельскіх агульнаадукацыйных школ да гімназій і ліцэяў.
Акрамя гэтага, апрабацыя тэставага матэрыялу праводзіцца ў ВНУ сярод студэнтаў першага года навучання, якія складаюць невялікую частку ад агульнай колькасці ўдзельнікаў ЦТ.
Упэўнены, што празмерна доўгі час на выкананне тэста можа прывесці да з'яўлення вялікай колькасці абітурыентаў з аднолькава высокімі баламі ці да стамлення абітурыентаў, а зусім кароткі час — правакаваць на ўгадванне правільных адказаў. Асаблівасць тэсціравання ў тым, каб выбраць рацыянальны шлях рашэння, таму калі хтосьці сцвярджае, што рашэнне заняло ў яго некалькі старонак, гэта значыць, што абітурыент выбраў не самы кароткі шлях. Да таго ж на тэсціраванні па фізіцы ў нас няма заданняў, дзе была б складаная матэматыка, якая аднімала шмат часу. Уявіце сабе: на выкананне 30 заданняў па фізіцы даецца 180 хвілін! Тры гадзіны напружанай работы і канцэнтрацыі ўвагі! Да канца тэсціравання ў аўдыторыі застаецца ўсяго 10-15 працэнтаў абітурыентаў, а прыкладна трэцяя частка абітурыентаў здае работы ўжо праз паўгадзіны пасля пачатку тэсціравання. Дык для каго павялічваць час правядзення тэсціравання?
Магчыма, камусьці будзе цікава даведацца, што ў Азербайджане, Казахстане і Турцыі асаблівасцю правядзення адбору прэтэндэнтаў на студэнцкі білет з'яўляецца здача інтэграванага тэста адразу па чатырох-пяці дысцыплінах, у тым ліку па матэматыцы, незалежна ад таго, кім яны хочуць быць ("фізікамі" ці "лірыкамі"). Мне здаецца, што за тры—чатыры гадзіны нельга праверыць веды абітурыента па чатырох-пяці дысцыплінах адначасова. Між іншым, абітурыенты за гэты час павінны даць адказы на 125 заданняў, а ў нас колькасць заданняў на ЦТ вар'іруецца ад 30 у тэстах па фізіцы і матэматыцы да 60 — па гуманітарных прадметах, а працягласць іспытаў — ад 90 да 180 хвілін.
Мікалай Фяськоў таксама дадаў, што сёлета кошт удзелу ў рэпетыцыйным тэсціраванні павялічыўся да 30 тысяч рублёў за адзін прадмет. Новы кошт вызначаўся з улікам росту выдаткаў на яго правядзенне: цэны на паперу, паліва за апошнія месяцы істотна выраслі... Дзеля справядлівасці трэба заўважыць, што рэпетыцыйнае тэсціраванне не даражэла да гэтага чатыры гады.
Для павышэння эфектыўнасці ад удзелу ў рэпетыцыі ЦТ можна скарыстацца паслугамі рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі пры Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Я.Купалы, які ўжо не першы год арганізуе пры падтрымцы Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў індывідуальныя кансультацыі для ўдзельнікаў рэпетыцыйнага тэсціравання. Там могуць пракансультаваць любога абітурыента, незалежна ад пункта праходжання тэсціравання і месца яго жыхарства. Мэта такой кансультацыі — ліквідацыя прабелаў у ведах і далейшая падрыхтоўка па тэматыцы тэставых заданняў, з якімі абітурыенты не справіліся на "рэпетыцыі" экзамену. Індывідуальная кансультацыя ўяўляе сабой рассылку вучэбна-метадычнага пакета, які змяшчае тэматыку раздзелаў школьнай праграмы па кожным няправільна выкананым заданні з указаннем года ці класа вывучэння адпаведнага раздзела, з рэкамендаваным спісам вучэбнай і метадычнай літаратуры, са зместам няправільна выкананых заданняў, правільнымі адказамі і ўказаннем да правільнага рашэння. Дарэчы, паказчык паспяховасці абітурыентаў, якія скарысталіся індывідуальнай кансультацыяй па выніках усіх трох этапаў рэпетыцыйнага тэсціравання, намнога вышэйшы на цэнтралізаваным тэсціраванні, чым сярэдні па вобласці.
Надзея НІКАЛАЕВА.