Родныя людзі

Источник материала:  
Родныя людзі

Нашы ўчынкі — самыя справядлівыя сведкі таго, хто мы ёсць у гэтым жыцці.

Крызіс — бадай, самае моднае і самае папулярнае сёння слова не толькі ў нашым грамадстве, — ва ўсім свеце. Мы яго ўжываем ледзь не штодня, прычым наўрад ці асабліва задумваемся аб значэнні гэтага слова. Зрэшты, у тлумачальных слоўніках усё проста і зразумела, хоць і складана, сфармулявана: крызіс — стан, пры якім існуючыя сродкі дасягнення мэт становяцца неадэкватнымі, у выніку чаго ўзнікаюць непрадказальныя сітуацыі і праблемы. Менавіта гэта мы назіраем у той жа Еўропе, у Амерыцы... Што датычыцца нашага грамадства, то, на мой погляд, тут больш падыдзе іншае, менш вядомае тлумачэнне гэтага слова, якое аднойчы давялося пачуць ад патрыярха Кірыла: “крызіс” са старажытнагрэчаскай яшчэ можна перакласці як “суд”. Суд Божы, на якім кожны чалавек, яго ўчынкі, памкненні, думкі і словы — як на далоні. А матэрыяльныя цяжкасці, з якімі так ці інакш давялося сутыкнуцца апошнім часам, — проста лакмусавая паперка для нас усіх, якая дапамагае без падману і прытворства зразумець, хто ёсць хто ў гэтым жыцці, на гэтым месцы ў гэты час.

***У рэдакцыйнай пошце нярэдка сустракаюцца допісы аб раздзеле спадчыны. Звяртаюцца людзі ў асноўным да юрыста з просьбай растлумачыць правы, дапамагчы дабіцца праўды. Наш юрыст сумленна адказвае: дае каментарыі на старонках газеты, калі ж справа вельмі прыватная, адказвае карэспандэнтам асабіста. Усё, здавалася б, як мае быць, звычайная рэдакцыйная практыка... Але, сабраўшы гэтыя лісты разам, прачытаўшы, прааналізаваўшы, проста жахнулася: судзяцца за спадчыну (часцей за ўсё за бацькоўскую хату) родныя браты і сёстры! Прычым чаго толькі не вытвараюць, каб давесці сваё эксклюзіўнае права на бацькаўшчыну: мяняюць замкі, топчуць грады і выкопваюць пасадкі “варожага боку”, прабіваюць калёсы, кідаюць усякую дрэнь у калодзеж, нярэдка даходзіць і да рукапашнага бою, не кажучы ўжо пра ночвы слоўных памыяў, якія падчас сварак адно на аднаго выліваюцца і якія, канешне, наўрад ці забудуцца і даруюцца...***У нашых прысталічных мясцінах (да Мінска ўсяго кіламетраў сорак, самае што ні ёсць дачнае месца) падобныя выпадкі зусім не рэдкасць. А цяпер з’явілася, як кажуць, новая тэндэнцыя: падзел нерухомасці паміж спадчыннікамі. І стаіць у вёсцы ўжо не дыхтоўная хата з трыма карункавымі вокнамі на вуліцу, у якой утульна і зусім няцесна было калісьці ўсёй вялікай сям’і, а незразумелая пачвара, падзеленая ўздоўж на дзве часткі, у якой адна палова — ад той, драўляна-карункавай, а другая — абшаляваная сайдынгам, з пластыкавымі вокнамі, з дабудаванай верандай. Аднаго з трох акон, якімі хата калісь радасна пазірала на вуліцу, няма зусім: акурат па ім праходзіць мяжа. Так падзялілі між сабой хату пасля смерці маці родныя брат і сястра. Цяпер у іх асобныя брамкі, асобныя сенцы, адасобленае адно ад аднаго жыццё... А на другім канцы вёскі — яшчэ адно архітэктурнае вычварэнне: хату падзялілі ўжо ўпоперак, і прама ля дарогі з’явіўся яшчэ адзін уваход, які перакрывіў “твар” будыніны, адгарадзіўшы фасад ад вуліцы. Так падзялілі матчыну хату браты-“аднагнедзікі”, адзін на аднаго падобныя так, што старыя бабулі, недабачваючы, часта іх блыталі. Цяпер яны ў бацькоўскую хату, у якой спалі на адным ложку, елі з адной міскі (маці гадавала іх адна, жылі зусім небагата), заходзяць праз асобныя сенцы...А акурат пасярэдзіне вёскі з адкрыццём дачнага сезона суседзі часта становяцца сведкамі сапраўдных разборак: гэта дзве родныя сястры ніяк не падзеляць бацькоўскую хату. Бацькі сышлі ў нябыт больш як дзесяць гадоў таму, а яны ўсё сварацца, даводзячы свае правы. Хатка зусім невялікая, ні ўдоўж, ні ўпоперак яе не падзеліш, а жыць разам, хоць і толькі пару тыдняў за лета — стала раптам цесна, а пасля ўсяго сказанага і зробленага — дык і зусім немагчыма.***І справа тут зусім не ў выхаванні: напэўна, бацькі-нябожчыкі і ў страшным сне не маглі ўявіць сабе такое. Да таго ж у вёсцы родзічы заўжды адзін за аднаго трымаліся, заўсёды было “брат за брата”, а калі атрымлівалася “брат на брата” — гэта было варта самага жорсткага асуджэння, самай бескампраміснай пагарды, гэта перадавалася дзецям і ўнукам як навука, што так нельга, што так быць не павінна... І заўсёды было і  цяпер застаецца апорай, якая дапамагае ўпэўнена стаяць на зямлі, веданне, што родныя людзі, калі што, дапамогуць, працягнуць руку, падзеляцца апошнім. Як жа жыць без гэтага ведання, без гэтай апоры? Як жыць у памяшканні, якое ўжо ніколі не стане бацькоўскім цёплым домам?.. Рана ці позна над гэтымі пытаннямі давядзецца задумацца кожнаму.***...Кожны дзень, акрамя чацвярга (у чацвер у нашай краме выхадны), яна пад дзевяць гадзін раніцы, цяжка шоргаючы галёшамі па асфальце, брыдзе па доўгай вясковай вуліцы ў магазін. Пакамечаны шэры твар, паўсагнутыя ў каленях худыя ногі (вы, дарэчы, не заўважалі, што ва ўсіх жанчын-алкагалічак, нават у тых, што яшчэ не зусім апусціліся, такія вось ногі — цыбатыя, крыху сагнутыя ў каленях, як у вялізнай саранчы). Яна ідзе ў магазін за “чаем” — так мясцовыя аматары выпіць называюць пладова-ягаднае віно...Глядзець на гэту жанчыну асабліва горка, таму што я добра помню, якой яна была. Цётка Марыся працавала ў школе  тэхнічкай, была заўсёды гаваркая, ружовашчокая, вясёлая. Гадавала дачку, якая была яе гордасцю, бо добра вучылася, пасля з першага разу паступіла ў інстытут, “на настаўніцу”. Што прымусіла гэту кабету ўпасці ў прорву алкагольнага віру, з якой было не выбрацца, з якой нават не ўбачыла, як памірае ў бальніцы на сацыяльным ложку састарэлая маці? Пытанне, на якое наўрад ці сёння знойдзеш адказ, а калі ёсць, дык ён універсальны, а таму безаблічны: жаночы алкагалізм — хвароба страшная, менш паддаецца лячэнню, чым мужчынскі, патрабуе ад блізкіх нязмернай увагі, цярпення, душэўных сіл. Толькі так можна выцягнуць з таго віру блізкага чалавека... Дачка цётку Марысю з віру цягнуць не стала. Яна, ужо дарослая жанчына, проста... выгнала маці з хаты. Людзі кажуць: не даравала ёй, што бабуля памірала ў бальніцы. Так яно ці не — ім адным і вядома. Бясспрэчным застаецца тое, што навідавоку: дачка зрабіла з хаты дачу і прыязджае туды з сям’ёй на лета. Маці “прыжанілася” ў суседнюю вёску да гэткага самага выпівохі і кожную раніцу, акрамя чацвярга, брыдзе па доўгай вуліцы за “чаем”. Ад адной вёскі да другой — нейкія два кіламетры. Але гэта адлегласць так і застанецца для іх непераадольнай.***...У адрозненне ад дачкі цёткі Марысі гэтыя сёстры ніколі не вызначаліся выдатнай вучобай і прыкладнымі паводзінамі, хаця былі і здольнымі. Настаўнікі толькі рукамі разводзілі: нічога не папішаш, бацькі п’юць, якое ж тут выхаванне. Нягледзячы на неаптымістычныя прадказанні маралістаў, сёстры знайшлі сваё месца ў жыцці: маюць работу, моцныя сем’і, кватэры, машыны — усё як у людзей. Бацькі, ужо немаладыя і нямоглыя, па-ранейшаму цягнуцца да бутэлькі. Але каб вы ведалі, колькі дзяўчаты прыклалі намаганняў, каб яны гэтага не рабілі! Нават сілком вазілі кадзіраваць. А на зіму, каб не пакідаць старых з немалой пенсіяй і сабутыльнікамі, забралі іх у горад: адна дачка пасяліла ў сябе маці, другая — бацьку. Там іх дагледзелі, падлячылі ўсе старэчыя балячкі, не давалі піць. Колькі сіл, нерваў, спакою ім гэта каштавала — застаецца за кадрам. Летам бацькі, абжыўшыся крыху ў вёсцы, зноў узяліся за сваё. Але дзяўчаты не здаюцца: яны зноў забяруць іх на зіму ў горад, зноў будуць даглядаць, лячыць, не даваць піць. Бо проста не разумеюць, як гэта можна — пакінуць самых блізкіх людзей адзін на адзін з бядой... Праўду кажуць, у кожнага свой кодэкс гонару. Па ім і ўчынкі і задумы нашы.***На пачатку 80-х мінулага стагоддзя, акурат у гэткія самыя сонечныя, але ўжо халодныя восеньскія дні, была ў суседняй вёсцы дзівосная з’ява, якую мелі магчымасць назіраць многія, у тым ліку і ваша пакорная слуга. У кастрычніку, калі ўжо ўсе птушкі накіраваліся ў вырай, прама ў цэнтры вёскі на падмурак разбуранага касцёла некалькі дзён запар прылятаў і садзіўся... чорны бусел, сам па сабе вельмі дзікі, ён нават гнёзды робіць у лясным гушчары, падалей ад людскіх вачэй. Касцёл акурат у той год разабралі на бярвенні, і людзі казалі, што гэта душа нейкага ксяндза прылятае аплакаць разбураны храм... Касцёл адбудавалі на тым жа месцы гадоў ужо дзесяць таму. Цяпер ён, узведзены ў псеўдагатычным стылі, складзены з чырвонай цэглы, на ўсё тым жа месцы і нават на старым падмурку, урачыста лунае над наваколлем. Нядаўна на касцёле з’явілася буслянка. На вільчыку страхі, якраз над алтаром, пасяліліся белыя буслы — птушкі, заўжды блізкія да чалавека, амаль свойскія. І гэта трэба бачыць, калі ў промнях ранішняга сонца на крыж, што ўзносіцца над храмам, садзіцца белы птах і пачынае залівіста і радасна клекатаць, вітаючы новы дзень... Зараз гняздо апусцела, але ўвесну птушкі абавязкова вернуцца дадому, і зноў над вёскай будзе гучаць іх вясёлы пошчак як найлепшы гімн жыццю.Старыя людзі кажуць, што гэта вельмі добры знак. І тут нельга не пагадзіцца. Але падобныя знакі разгледзець і зразумець — гэта яшчэ палова справы. Трэба самому зрабіць хоць каліва, каб яны спраўдзіліся.

Праблема ўзаемаадносін паміж блізкімі людзьмі ў наш шалёны час, калі нават тэлефонныя званкі бацькам адкладваем на пасля, не ўсведамляючы, што пасля можа быць адчайна-незваротна позна, — тэма балючая і неадназначная. З палярна рознымі меркаваннямі, з гэткімі ж рознымі жыццёвымі гісторыямі. Падзяліцеся імі — меркаваннямі і гісторыямі — са сваёй “Народнай газетай”. Давайце разам абмяркуем тое, што, без перабольшвання, блізка кожнаму з нас.

←Получите и распишитесь!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика