Тваё, маё і наша
Я выходзіла замуж за хлопца, у якога была свая аднапакаёвая кватэра. Цяпер, апроч мужа і мяне, у ёй жыве наш трохгадовы сын. Каб палепшыць жыллёвыя ўмовы, мае бацькі прапанавалі прадаць гэтую кватэру і купіць большую. Грашыма яны бяруцца дапамагчы. Адзінае — настойваюць на тым, каб новае жыллё было аформлена не на мужа, а на мяне. Ён супраць, кажа, што, у выпадку разводу, застанецца на вуліцы... Ці ёсць выйсце з гэтай сітуацыі?
К.Ж., Мінскі раён.
Згодна з арт. 23 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, маёмасць, нажытая сужэнцамі ў перыяд шлюбу, незалежна ад таго, на каго з іх яно набыта або на каго або кім з сужэнцаў унесены грашовыя сродкі, з'яўляецца іх агульнай сумеснай уласнасцю. Сужэнцы маюць роўныя правы валодання, карыстання і распараджэння гэтай маёмасцю, калі іншае не прадугледжана шлюбным дагаворам.
Не з'яўляецца агульнай сумеснай уласнасцю сужэнцаў, у прыватнасці, маёмасць, якая належала камусьці з іх да ўступлення ў шлюб і атрыманая адным з іх у дар або ў парадку наследавання.
У выпадку ўзнікнення сумненняў у магчымасці прадастаўлення доказаў, што выключаюць прыналежнасць маёмасці, набытай у перыяд шлюбу, да агульнай сумеснай уласнасці сужэнцаў, яны могуць заключыць шлюбны дагавор, у якім будзе вызначана іх сумесная маёмасць і маёмасць кожнага з сужэнцаў, а таксама парадак падзелу сумеснай маёмасці ў выпадку скасавання шлюбу.
Сужэнцы могуць заключыць шлюбны дагавор у любы час і ў аб'ёме пагадненняў, вызначаным імі. Шлюбны дагавор заключаецца ў пісьмовай форме і падлягае натарыяльнаму засведчанню.
Віктар Савіцкі.