"Мужчына ў школе — гэта від, які вымірае..."
Уявіце сабе сітуацыю: прыходзіць на ўрок дырэктар школы і кажа сваім вучням: "Мне тут патэлефанавалі і далі намёк, што нашу з вамі любімую школу ў пасёлку Жураўлі (па вуліцы Бяды) могуць зачыніць, калі мы з вамі не знойдзем якое-небудзь выйсце і не навучымся зарабляць уласныя сродкі. Ноччу мне не спалася, і я накідаў бізнэс-план выратавання нашай школы. А для таго, каб праверыць, наколькі ён жыццяздольны, нам з вамі трэба высветліць, ці зможам мы рэалізаваць кожную прыватную праблему майго бізнэс-плана". Такі арыгінальны пачатак урока літаральна патануў у апладысментах. На сцэне Акадэміі паслядыпломнай адукацыі знаходзіўся суперфіналіст рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагогаў, настаўнік матэматыкі Лошніцкай раённай гімназіі Барысаўскага раёна Іван ЯКІМЕНКА, а ў ролі "вучняў" выступалі калегі-фіналісты, якія хоць і не здолелі трапіць у суперфінал, тым не менш, абсалютна шчыра падыгрывалі свайму больш шчасліваму канкурэнту. І за гэта ім шчыры дзякуй ад гледачоў.
— Аксана, на прышкольным участку трэба пасадзіць 8 кустоў кветак у форме правільнага чатырохвугольніка. Вось вам рыдлёўка, вось — насенне, працуйце. Святлана, у вас вельмі складанае заданне. У якасці нашага спонсара хоча выступіць металургічны завод па вытворчасці сашчэпак. Але кіраўніцтва просіць напісаць для іх слоган, які будзе рэкламаваць іх прадукцыю. Аднак ёсць адна ўмова: колькасць літар у слогане павінна быць удвая большая, чым колькасць слоў у назве завода, — актыўна раздаваў заданні сваім "вучаніцам" Іван Якіменка. — Дзяўчаткі, я разумею, што ваша жыццё і так няпростае, але вы павінны наладзіць цяжкае машынабудаванне. Вось вам два аркушы паперы, зрабіце з іх, калі ласка, караблік і самалёцік. Адзін караблік каштуе тысячу рублёў, 100 караблікаў каштуюць 100 тысяч рублёў, самалёцікі каштуюць крышку даражэй (падлічвае сам сабе)... Так, дзяўчаткі, калі атрымаецца, рабіце разам лепш самалёцікі.
Дзмітрый Шыц: "Рэзананс — гэта так проста..."Напэўна, калі б быў прадугледжаны прыз глядацкіх сімпатый ці прыз за самую гучную падтрымку балельшчыкаў, то Іван Якіменка быў бы адным з галоўных прэтэндэнтаў на яго. Годную канкурэнцыю ў барацьбе за глядацкія сімпатыі маглі скласці яму яшчэ два педагогі-мужчыны: настаўнік фізікі і астраноміі, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гродзенскай гімназіі № 3 Ігар МАСЛАЎ і настаўнік фізікі, дырэктар полацкай сярэдняй школы № 18 Дзмітрый Шыц. Шчыра кажучы, інтрыгі ў суперфінале ўжо не было, барацьба ішла хіба толькі за размеркаванне дыпломаў першай, другой і трэцяй ступені, бо настаўніца англійскай мовы з дзятлаўскай гімназіі № 1 Інэса Зубрыліна мела па выніках фіналу конкурсу вялікую перавагу ў балах перад сваімі канкурэнтамі, прычым гэты запас быў створаны ёй падчас правядзення ўрокаў і майстар-класа — асноўных конкурсных мерапрыемстваў. І менавіта яна і стала ў выніку ўладальніцай звання "Настаўнік года". Але выступленні мужчын у суперфінале вылучаліся дасціпнасцю і нестандартным бачаннем любой прапанаванай сітуацыі.
"Паэтам можаш ты не быць..." — менавіта так гучала тэма міні-ўрока, якую прапанавала ўсім удзельнікам суперфіналу журы. І, шчыра кажучы, цяжка нават было ўявіць сабе, як гэтую тэму можна раскрыць на ўроку фізікі, матэматыкі, біялогіі і англійскай мовы. Тым больш, што ў гэтай фразы павінен быў з'явіцца лагічны працяг. Урок Івана Якіменкі завяршыўся высновай "Паэтам можаш ты не быць, але бізнэс-план мець абавязаны". Пагадзіцеся, гучыць звышактуальна з улікам таго, што сёння ўсе навучальныя ўстановы пастаўлены перад неабходнасцю зарабляння грошай.
Іван Якіменка: "Дзяўчаткі, родненькія, выратуем нашу школу...""Паэтам можаш ты не быць, але закон Ома ведаць абавязаны" — такую выснову зрабілі разам са сваім педагогам "вучні" Дзмітрыя Шыца. Дзмітрый Шыц здолеў не толькі растлумачыць папулярна, даступна і з гумарам, што такое з'ява рэзанансу і закон Ома, але і дасягнуў таго, што ўсе адчулі гэтую з'яву на сабе. Для гэтага настаўнік паставіў вучняў побач з сабой. Нагамі ён задаваў гукавы рытм (тупаў па сцэне), а вучні падтрымлівалі гэты рытм, пляскаючы ў далоні.
"Вучням" Ігара Маслава і ўвогуле пашанцавала. "Мы сёння ляцім у космас. Не хвалюйцеся, палёт пройдзе выдатна", — паабяцаў настаўнік. Зала літаральна ляжала ад смеху, калі "вучні" пераўвасабляліся ў ракету, камету, астэроіды і чорную дзірку, і спрабавалі сымітаваць шлях карабля ў касмічнай прасторы. Дзеці разам з настаўнікам складалі формулу наладжвання кантакту з іншапланецянамі, прыдумлялі візітоўку Зямлі, шукалі пяць самых значных характарыстык нашай планеты. Таму з лозунгам "Паэтам можаш ты не быць, але астраномам быць абавязаны" ўсе дружна пагадзіліся.
Акрамя міні-ўрока на сцэне ў суперфінале прэтэндэнтаў на званне "Настаўнік года" чакалі педагагічны брэйн-рынг, урок-сюрпрыз і абарона адукацыйнага праекта. Заданне на ўроку-сюрпрызе для настаўніка гучала так: "Вядома, што пры падрыхтоўцы і правядзенні ўрока настаўнік у якасці наглядных сродкаў выкарыстоўвае самыя нечаканыя прадметы. Як бы вы змаглі выкарыстаць на сваім уроку гэтыя тры прадметы?". У якасці "наглядных дапаможнікаў" былі прапанаваны плецены кошык, вешалка і дэкаратыўнае палена. Толькі пачуццё гумару выратавала многіх на гэтым выпрабаванні. "Напэўна, гэта нейкі суперсучасны інтэрактыўны дыдактычны сродак, — задумліва гледзячы на рагатую вешалку рэзюмаваў Ігар Маслаў. — Магчыма, лесвіца ў неба..." Кошык на ўроку фізікі ён прапанаваў выкарыстоўваць для вывучэння трываласці матэрыялу, а палена — для вывучэння эфекту трэння.
Ігар Маслаў: "Адгукніцеся, разумныя істоты ў Сусвеце!"— Я прапанаваў бы сваім вучням спачатку вылічыць аб'ём кошыка, — падзяліўся сваім выхадам з сітуацыі Іван Якіменка і паклаў пры гэтым у кошык палена. — Затым пацікавіўся б у іх, ці змяніўся аб'ём кошыка. (Зноў пераклаў палена ў кошыку). А цяпер змяніўся? Можна пакласці ў кошык палена, павесіць яго на вешалку і вылічыць нагрузку на вешалку...
А Дзмітрый Шыц выкарыстаў вешалку па прызначэнні, адзначыўшы пры гэтым, што кожны ўрок пачынаецца з вешалкі.
Натуральна, што суперфінал рэспубліканскага конкурсу "Настаўнік года" — гэта штосьці кшталту тэатральнага дзеяння, дзе ў настаўнікаў ёсць магчымасць паімправізаваць, бліснуць абаяльнасцю, кемлівасцю і здольнасцю імгненна дзейнічаць у нестандартнай сітуацыі. А такіх сітуацый у жыцці педагогаў бывае, безумоўна, шмат.
А вось публічная абарона ўласнага адукацыйнага праекта — гэта ўжо крыху іншае дзеянне, якое вяртае ўсіх да галоўнай ідэі конкурсу — прапаганды перадавога педагагічнага досведу.
— Ёсць меркаванне, што вучань — гэта гліна, і задача настаўніка — сфарміраваць з яго гарманічна развітую асобу. Некаторыя педагогі разглядаюць дзяцей як сасуд, які трэба напоўніць ведамі. Хтосьці параўноўвае вучняў з факелам, які неабходна запаліць. Адным словам, ёсць рознае бачанне настаўніцкай місіі, — падкрэсліў падчас абароны свайго адукацыйнага праекта Ігар Маслаў. — Для неабыякавага педагога вучань — гэта заўсёды адкрыццё, з ім заўсёды па-новаму і заўсёды цікава. Прырода надзяліла кожнае дзіця ўнікальным дарам — генетычнай здольнасцю да здзяйснення адкрыццяў. Аднак даволі часта ў працэсе навучання гэтая якасць губляецца. Па меркаванні псіхолагаў, да заканчэння навучання ў школе толькі 3 працэнты выпускнікоў здольныя мысліць крэатыўна і ствараць творчы прадукт высокага ўзроўню.
Каб развіць крэатыўныя здольнасці і нестандартнае мысленне ў сваіх выхаванцаў і зацікавіць іх фізікай і астраноміяй, Ігар Маслаў выкарыстоўвае на сваіх уроках эўрыстычныя заданні:
— З вучнямі шостага класа мы ствараем аблокі, вывучаем таямніцы мыльнай бурбалкі, даследуем электрызацыю валасоў, вылічваем формулу ўстойлівасці снегавіка... З васьмікласнікамі вывучаем фізіку шаліка, даследуем працэс расставання марожанага...
На думку Ігара Маслава, калісьці Галілеем была выказана геніяльная для сучаснай дыдактыкі думка: "Нельга нечаму навучыць вучня, можна толькі дапамагчы яму зрабіць для сябе гэтае адкрыццё".
Тэмай адукацыйнага праекта Дзмітрыя Шыца стала выкарыстанне на ўроках флэш-анімацыі для павышэння якасці выкладання фізікі. Што, шчыра кажучы, вельмі актуальна, паколькі менавіта па гэтай дысцыпліне абітурыенты ўжо не першы год дэманструюць надзвычай "сціплыя" вынікі. Прымяненне флэш-анімацыі робіць фізіку больш даступнай і зразумелай і дапамагае зацікавіць складанай дысцыплінай не толькі будучых фізікаў, але і гуманітарыяў.
Іван Якіменка сцвярджае, што ў рамках аднаго ўрока можна спалучыць да шасці вучэбных прадметаў, прычым перавагі такога навучання відавочныя: інтэграваны ўрок можа падрыхтаваць, правесці і прааналізаваць адзін і той жа настаўнік. Тры педагагічныя адукацыі і пяць спецыяльнасцяў дазволілі яму вывучыць інтэграцыю ў рамках работы аднаго настаўніка.
"Лічбы правяць светам, — рэзюмаваў педагог. — Што такое фінал конкурсу "Настаўнік года"? Гэта 9 бяссонных начэй, два туры, усяго адзін пераможца і ніводнага пераможанага..."
Натуральна, што ўсе суперфіналісты конкурсу былі вельмі рознымі: кожны — са сваім арсеналам сродкаў, са сваімі сакрэтамі педагагічнага майстэрства і са сваімі падыходамі да вучняў. Таму ў кожнага, хто быў сведкай суперфіналу, быў свой фаварыт. Асабіста для мяне фаварытамі былі педагогі-мужчыны. Магчыма таму, што мужчына-педагог стаў экзатычнай з'явай у беларускай школе, і літаральна кожны мужчына-педагог абавязкова аказваецца ў цэнтры ўсеагульнай увагі. Нават падчас папярэдняга конкурсу "Настаўнік года" сярод фіналістаў было 7 прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва, а ў гэты раз — толькі тры. Але ўсе тры мужчыны-педагогі прарваліся ў суперфінал, што яшчэ раз даказвае, што мужчына ў педагогіцы — гэта яркая з'ява. Як правіла, гэта людзі, якія калісьці здзейснілі свядомы сур'ёзны выбар, і далей яны ад свайго выбару ўжо не адмаўляюцца. Педагогіка — гэта іх прызванне... Але што трэба зрабіць, каб мужчыны зноў вярнуліся ў педагогіку? Гэтае пытанне мы адрасавалі самім суперфіналістам:
Іван ЯКІМЕНКА:
— Мужчына ў педагогіцы — гэта від, які вымірае. А што робяць з відам, які вымірае? Правільна, заносяць яго ў Чырвоную кнігу. Дзяржаве трэба мужчын-педагогаў пеставаць і ахоўваць. І калі для мужчын будуць створаны адпаведныя ўмовы, яны вернуцца ў школу. А пакуль, на жаль, я вымушаны працаваць на трох работах, каб утрымліваць сваю сям'ю. Але са школы не пайду. Калі я вызначаўся са сваёй будучай прафесіяй, мяне ніхто не падштурхоўваў і не адгаворваў, бо мае бацькі — педагогі, мой старэйшы брат і сястра — таксама педагогі.
Дзмітрый ШЫЦ:
— Напэўна, каб мужчына прыйшоў у школу, яго трэба зацікавіць. Вось чым зацікавіць — гэта ўжо іншае пытанне. Павінны быць магчымасці для прафесійнага росту, для пабудовы кар'еры. У нашай школе працуюць усяго шэсць педагогаў-мужчын, уключаючы мяне — дырэктара школы. Вельмі часта мы выбіраем прафесію пад уплывам любімага педагога. У мяне была настаўніца, якая прывіла мне любоў да фізікі. І ў 10-11-м класах "пасыпаліся" і вынікі, і граматы, і перамогі. Мужчыны заўсёды шукаюць шляхі для самарэалізацыі, таму больш ахвотна выбіраюць тэхнічныя спецыяльнасці, ІТ-спецыяльнасці і гэтак далей. Школа, напэўна, не ўяўляецца ім прыцягальным месцам для самарэалізацыі...
Надзея НІКАЛАЕВА.
Фота Марыны Бегунковай.