Які сэнс вы ўкладваеце ў слова “дажынкі”?
Які сэнс вы ўкладваеце ў слова “дажынкі”?
Анастасія Лівада, навучэнка:
− Гэта наша падрыхтоўка. Групай тры разы хадзілі на суботнікі, было весела. Дапамагалі ў Лядовым палацы і прыбіралі лісце ў горадзе. Будзем удзельнічаць у дэманстрацыі. Чакаю свята, хачу пагуляць.
Фёдар Бажко, пенсіянер:
− Добраўпарадкаванне горада трэба было пачынаць з абнаўлення рынку райспажыўтаварыства, каб можна было ў добрых умовах выбіраць прадукты. А пад’еўшы, чалавек і ў спартзалу пойдзе. Дзякуй за дарогі, па праспекце можна з заплюшчанымі вачыма ездзіць. У гэтым сэнс свята.
Мікалай Круглоў, начальнік тэхнічнага бюро:
− Заканчэнне ўборкі ўраджаю, калі дажыналі апошні сноп. Падводзілі вынік, называлі лепшых у калгасе, віншавалі, выпісвалі прэміі лідарам сацспаборніцтва. Гэта было проста свята, на якім адпачывалі пасля цяжкай працы. Я сам некаторы час працаваў памочнікам камбайнера.
Зоя Гіль, настаўніца працы:
− Дажынкі звязаныя з часам, калі заканчваюцца сельскагаспадарчыя работы, а дзеці ідуць у садок, школу, ВНУ. Усе адыходзяць ад летняга жыцця. Памятаю, як рыхтаваліся да вялікага кірмашу на плошчы. Рабілі пацеркі з рабіны, везлі вырабы з гародніны, глядзелі, што падрыхтавалі іншыя.
Сяргей Жалягін, зваршчык:
− Гэта проста свята, прычым не маё. Падабаецца, як прыбралі горад. Хацелася б вялікі спяваючы фантан, як у Краснадары. А на час “Дажынак” я з’язджаю з горада, не люблю мітусню.
Валянціна Парцянка, настаўніца беларускай мовы і літаратуры:
− Мы ў гімназіі рыхтаваліся да “Дажынак” яшчэ з мінулага навучальнага года. Работы было шмат. Але наогул гэта беларуская нацыянальная традыцыя. Падводзяцца вынікі работы па гаспадарцы. Памятаю, як святкавалі ў бабулі, мне і самой даводзілася жаць сярпом.
Людміла Акімава, дырэктар салона прыгажосці:
− Гэта дэманстрацыя дасягненняў народнай гаспадаркі. Прыемна, як папрыгажэў горад. Але свята пройдзе, і трэба будзе самім падтрымліваць горад у такім выдатным стане. Каб было чыста, цвілі кветкі. Самі людзі сталі больш прыгожыя і вясёлыя.
Падрыхтавала Зоя ХРУЦКАЯ.