Магутны беларускі Ніл
І прывязуць у Нацыянальную акадэмію навук герояў фільмаў "Аватар" і "Тэрмінатар"
Ёсць рэчы, пра якія ўсе як быццам нешта чулі, але мала хто выразна ўсведамляе, у чым іх сутнасць. Гэта вызначэнне лепш за ўсё пасуе галаграфіі, пра якую ў двух словах не распавядзеш: ці то навука, ці мастацтва, ці новы від вытворчасці, ці неад'емная частка сучаснага таварна-грашовага абарачэння? Расставіць кропкі над "і" цікаўным дадуць магчымасць Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "ГалаЭкспа-2011" і Міжнародная выстава мастацкіх галаграм "Галаграфія 2011".
Галаграфія — адносна новы і вельмі перспектыўны накірунак навукі і тэхнікі, пачала актыўна развівацца пасля вынаходжання ў 1960 годзе першага лазера. Унікальныя ўласцівасці галаграм дазволілі ім стаць найбольш надзейным ідэнтыфікатарам сапраўднасці дакументаў — пашпартоў, банкнот, іншых каштоўных папер. Таксама гэта вельмі зручны сродак запісу і захоўвання інфармацыі: так, на невялікай пласцінцы можна змясціць поўны збор твораў Льва Талстога. Магчымасці галаграфіі ў галіне ўтварэння аб'ёмных трохмерных выяў шырока выкарыстоўваюцца ў дызайне інтэр'ераў, рэкламе, кінематографе, выяўленчым мастацтве.
Адзін з найбольш распаўсюджаных і знаёмых кожнаму відаў галаграмы — акцызныя маркі і абарончыя этыкеткі на розных таварах: гэта алкагольныя напоі, тытунёвыя вырабы, бытавая тэхніка, лекі і г.д. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць ствараць мнагаслойныя выявы з тонкім малюнкам, вельмі дробнымі элементамі. Пры розных вуглах прагляду ствараецца ілюзія руху, малюнак можа змяняцца, знікаць і праяўляцца, мяняць колер. Яшчэ адна свежая распрацоўка беларускіх вытворцаў — кодаграма, якая змяшчае адначасова ахоўныя элементы галаграмы і штрых-код.
Не менш цікавы накірунак галаграфіі — мастацкая. У рамцы пад шклом мы бачым не проста выяву, а трохмерны аб'ёмны прадмет: "сапраўдную" статуэтку ці каштоўнае ўпрыгажэнне, "жывы" пейзаж ці постаць дзіўнага звера. Насамрэч гэта работа мастакоў ад фізікі, у якіх замест пэндзля і мальберта — лазер з рознай даўжынёй хваль і аптычны стол, а замест палатна — адмысловая высокаадчувальная эмульсія. Не ў кожнай зале ёсць магчымасць выстаўляць унікальныя прадметы гісторыка-культурнай спадчыны коштам па некалькі соцень тысяч долараў кожны. Галаграфія ж дазваляе хоць ва ўласным доме стварыць маленькі Эрмітаж ці Луўр. Напрыклад, летась для ўдзелу нашай краіны ў выставе "Экспа-2010", якая праходзіла ў Кітаі, айчынныя галаграфісты стварылі серыю "Скарбы зямлі беларускай", якая з поспехам замяніла сапраўдныя рарытэты са збору Нацыянальнага гістарычнага музея...
Учора ў Мінску адкрылася 8-ая Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "ГалаЭкспа-2011". Адмыслоўцы з усяго свету абмяняюцца сваімі ідэямі, напрацоўкамі і адкрыццямі. А пакуль навукоўцы будуць абмяркоўваць тэарэтычныя і прыкладныя аспекты сучаснай галаграфіі, шырокай грамадскасці прапануюць ацаніць самы відавочны яе бок. 1 кастрычніка ў выставачнай зале Нацыянальнай акадэміі навук РБ адкрыецца Міжнародная выстава мастацкіх галаграм "Галаграфія 2011". На ёй будуць прадстаўлены лепшыя творы мастацкай галаграфіі з Аўстраліі, Бельгіі, Канады, Швецыі, Францыі, Японіі — больш за 150 работ з 20 краін свету. Як распавёў "Звяздзе" куратар выставы Сяргей Гінак, наведнікі ўбачаць найбольш цікавыя работы за апошнія 30 гадоў, — ад монахромных і нерухомых да рознакаляровых і дынамічных; ад гісторыка-культурных аб'ектаў (сярод якіх і створаная ў 2008 годзе ўнікальная галаграма Крыжа Ефрасінні Полацкай) да рэкламных постараў, а таксама партрэтаў. У ліку апошніх, напрыклад, — героі фільмаў "Аватар" і "Тэрмінатар".
Дарэчы, стварэнне трохмерных партрэтаў — вельмі папулярны сёння накірунак мастацкай галаграфіі. Праўда, задавальненне гэтае даступна не ўсім: паводле ацэнак беларускіх адмыслоўцаў, такое ўвекавечанне сябе, любімага, сёння абыдзецца прыкладна ў 100 долараў. Затое ўбачыць шэдэўры сусветнай мастацкай галаграфіі можна значна танней: кошт квіткоў на выставу складае 18 тысяч беларускіх рублёў, а для льготнікаў, сярод якіх пенсіянеры, школьнікі і студэнты, — 7 тысяч. Выстава будзе працаваць два месяцы з 10 да 19 гадзін без выхадных.
Ніна ШЧАРБАЧЭВІЧ, Вікторыя ЦЕЛЯШУК.