Гусі

Источник материала:  

На Мікіту-гусятніка, 28 верасня, на сялянскіх падворках білі выгадаваных за лета гусакоў — для свайго стала і на продаж.

 У адпаведнасці з павер'ем, у гэты дзень дамавік насылаў на гусакоў псоту. Калі птушка гублялася, гэта лічылі свавольніцтвам вадзяніка. Таму і дамавіка, і "гаспадара вод" пажадана было задобрыць да наступнай вясны. Існаваў нават пэўны рытуал. З усіх гусакоў, прыгатаваных на мяса, выбіралі найгоршага, забівалі яго і без галавы кідалі ў раку ці возера. Гэта было своеасаблівае ахвяраванне вадзяніку. Галаву гусака неабходна было ахвяраваць дамавіку — яе неслі ў хату і клалі пад прыпечкам.

 Звычайна Мікітаў дзень заканчваўся "гусіным сталом", галоўным упрыгажэннем і пачастункам якога быў засмажаны гусак.

 У народзе прыкмячалі, што з гэтага дня дзікія гусі адлятаюць на поўдзень: "Гусі адлятаюць — зіму на хвасце нясуць". Па гомане гусей меркавалі аб надыходзе хуткіх маразоў. Казалі: калі гусакі ляцяць нізка, зіма прыйдзе хутка, калі высока — маразоў яшчэ доўга не будзе.

 У Гродзенскай вобласці з дня адлёту гусей пачыналі "лічыць" зіму: за колькі тыдняў да Каляд гусі паляцяць у вырай — столькі тыдняў пасля Каляд будзе доўжыцца зіма.

 А яшчэ прыкмячалі: калі гусі адлятаюць на Сямёнаў дзень (14 верасня), чакай ранняй зімы.

 Па паводзінах гусей прадказвалі надвор'е не толькі восенню, але і вясной, калі гусі прылятаюць з выраю. Калі гусь стаіць на адной назе, падціснуўшы другую, ці хлопае крыламі — да маразоў; хавае пад крыло нос — да холаду; гусі ляцяць высока — будзе вялікая паводка; нізка — мала вады пры адлізе.

 Да адлёту гусей народныя знахары "прывязвалі" лячэнне ад санлівасці. Для гэтага чалавеку трэба было памыцца ў праточнай вадзе і, убачыўшы гусей, якія адлятаюць, папрасіць іх забраць сваю хваробу.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Возможности самостоятельного проживания инвалидов обсуждают на международном семинаре в Витебске

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика