Назіраць за міграцыяй птушак у выхадныя будзе ўся Еўропа
Менавіта ў першыя дні кастрычніка — у суботу і нядзелю — усе жыхары Еўропы могуць паўдзельнічаць у арганізаваных назіраннях за самай грандыёзнай з'явай у прыродзе — міграцыяй птушак. У Беларусі каардынатарам Еўрапейскіх дзён назіранняў за птушкамі выступае грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ).
Як адзначыў рэдакцыі спецыяліст па экалагічнай адукацыі АПБ Руслан Шайкін, менавіта ў гэтыя дні людзі могуць убачыць самыя розныя віды птушак, якія з'яўляюцца для нас даволі рэдкімі ці пралятаюць праз тэрыторыю краіны ў якасці мігрантаў.
Сёлета арганізаваныя назіранні за птушкамі ў першыя дні кастрычніка пройдуць у 37 краінах Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Прыняць удзел у назіраннях даволі лёгка. Трэба ў суботу ці нядзелю (або ў абодва дні) наведаць прыроду ці зялёны куток горада і зафіксаваць усіх заўважаных птушак. Пажадана вызначыць від птушак і палічыць іх колькасць, пасля чаго паведаміць пра гэта ў офіс АПБ па тэлефонах: +375 17 263 06 13, + 375 17 263 01 30, МТС +375 29 223 06 13, Vеlсоm +375 29 101 68 87. Вынікі сваіх назіранняў можна дасылаць і па электроннай пошце на е-mаіl: іnfо@рtushkі.оrg. Паведамленні назіранняў прымаюцца не пазней за 16.00 2-га кастрычніка.
Руслан Шайкін адзначае, што арганізатарам мерапрыемства важна паведамляць і пра тое, колькі чалавек назірала за птушкамі. Сярод актыўных удзельнікаў назіранняў ужо традыцыйна АПБ будзе разыгрываць палявы бінокль і іншыя карысныя для аматараў прыроды прызы.
У нашай краіне восеньскія дні назіранняў за птушкамі ажыццяўляюцца пры падтрымцы Мінпрыроды і Мінадукацыі.
Сяргей КУРКАЧ.