"Будуць змяненні — з'явіцца і нагода вярнуцца да тэмы адраснай сацыяльнай дапамогі..."
Аляксандр Антонавіч Вашкевіч з вёскі Пасадзец Лагойскага раёна да нядаўняга часу працаваў акампаніятарам у сельскім клубе. А яго жонка ўзначальвала гэтую ж установу культуры. А потым сямейную пару адначасова скарацілі. Апошнім працоўным днём для сужэнцаў стала 31 жніўня. У рэдакцыю Аляксандр Антонавіч патэлефанаваў з наступным пытаннем: ці могуць яны з жонкай, улічваючы дату свайго скарачэння, разлічваць на атрыманне адраснай сацыяльнай дапамогі ў памеры 500 тысяч рублёў, выплата якой, як паведамлялася, павінна быць праведзена для бюджэтнікаў, што працавалі ў такіх арганізацыях і ўстановах па стане на 1 верасня?
Карыстаючыся выпадкам, суразмоўца задаў і пытанне наконт закрытага клуба. У прыватнасці, зазначыў, што пасля таго як няпоўнагадовых перасталі пускаць на дыскатэкі, колькасць наведнікаў клуба сапраўды скарацілася. Аднак, з іншага боку, на працягу лета клуб на 117 працэнтаў выканаў гадавы план. Капітальны рамонт будынка быў зроблены восем гадоў таму. Як зазначыў Аляксандр Антонавіч, клуб яны ацяплялі самастойна. У "сухой рэшце" заставалася пытанне: ці так ужо трэба было закрываць гэты ачаг культуры ў вёсцы? Можа, ёсць шанц яго "адваяваць"?
Каб даць адказы на пытанні чытача, мы патэлефанавалі намесніку старшыні Лагойскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Галіне ДРАГУНОВАЙ. Высветлілася, што наш заяўнік ужо быў на прыёме ў Галіны Васільеўны.
— Што датычыцца пытання Аляксандра Антонавіча пра выплату адраснай сацыяльнай дапамогі, мы можам кіравацца толькі той датай, якая ўказана ва Указе кіраўніка дзяржавы. А там яна пазначана — па стане на 1 верасня. Калі з'явяцца нейкія дапаўненні ці змяненні, магчыма, будзе нагода вярнуцца зноў да гэтага пытання. Пакуль жа, на жаль, такіх падстаў няма, — зазначыла Галіна Васільеўна.
Пра закрыццё клуба суразмоўца сказала, што гэта "вымушаная мера, улічваючы сітуацыю ў эканоміцы". Пасадзец — адна з самых аддаленых вёсак, яна не вельмі шматлюдная. Да таго тут жа была закрыта школа, і цяпер дзетак-школьнікаў возяць аўтобусам да Крайска — гэта недзе каля дзесяці кіламетраў ад названай вышэй вёскі. Дарэчы, усе настаўнікі пасля закрыцця навучальнай установы былі працаўладкаваныя.
— Пасля скарачэння мы прапаноўвалі варыянты працаўладкавання і для Аляксандра Антонавіча. Аднак яго яны пакуль не задаволілі — у прыватнасці, ён адмовіўся ад месца ў вёсцы Зарэчча. Аднак ён і сам чалавек актыўны, і мы пытанне па-ранейшаму трымаем на кантролі. Спадзяюся, здолеем дапамагчы яму працаўладкавацца, — сказала Галіна Васільеўна.
А вяртаючыся да тэмы самога клуба, яна адзначыла, што няма магчымасці яго ўтрымліваць. Адказваючы на пытанне пра яго далейшы лёс, паведаміла, што будынак будзе выстаўлены на продаж.
Сяргей РАСОЛЬКА.