“За жыццё мне нямала шанцавала”
Дзякуючы археолагу Пятру Лысенку з-пад зямлі паўстала старажытнае Бярэсце, а ў Тураве адкапалі царкву ХІІІ стагоддзя.
Па праўдзе, доктара гістарычных навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Пятра Лысенку цяжка застаць на месцы. Нягледзячы на ўзрост — на мінулым тыдні археолаг адзначыў васьмідзесяцігоддзе — ён літаральна не вылазіць з экспедыцый. А колькі іх ужо было на памяці мэтра беларускай археалогіі! Пётр Фёдаравіч, які займаецца вывучэннем Паўднёвай Беларусі перыяду ІХ—ХІІІ стагоддзяў, капаў у Пінску, Мазыры, Слуцку, Клецку, Давыд-Гарадку, у Рагачове... І ўсюды рабіў цікавыя адкрыцці. Але галоўнымі і найбольш плённымі сам Пётр Фёдаравіч лічыць раскопкі ў Тураве і Брэсце. Ведаеце пра ўнікальны археалагічны музей “Бярэсце” і тураўскую “Скрыпту” на месцы падмурка старажытнай царквы, паглядзець на якія прыязджаюць нават з далёкага замежжа? Дык вось, з’явіліся яны менавіта дзякуючы Пятру Фёдаравічу — чалавеку таленавітаму, шчыраму і простаму.
Я сустрэлася з археолагам у яго кабінеце ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі. Ведаеце, што адразу кінулася ў вочы? Вялізныя стосы папер, кніг і папак. Па ўсім памяшканні. Адразу відаць, што яго гаспадару прыходзіцца шмат чытаць... і пісаць.— Бачыце вунь той кошык для смецця? — Пётр Фёдаравіч паказаў на кут. — Ён стаіць не для таго, каб запаўняць яго вынікамі нашай працы. Я лічу, што мы абавязаны аб сваіх знаходках, ад-крыццях шырока інфармаваць наша насельніцтва. Таму, акрамя навуковых работ, прысвечаных нашым экспедыцыям, я пішу яшчэ навукова-папулярныя кнігі — для карыстання чытачоў з рознай падрыхтоўкай.Кажуць, чытаюцца яны нібы дэтэктывы. А паслухаць, як Пётр Фёдаравіч расказвае пра свае адкрыцці... Вельмі захапляе. Асабліва калі археолаг дазваляе дакрануцца да якой знаходкі.— Патрымайце-патрымайце, дзе вы яшчэ такое ўбачыце! — працягвае Пётр Фёдаравіч рэшткі бронзавага посуду. — Гэта кадзільніца ХІІІ стагоддзя. Бачыце, нават імёны святых можна прачытаць — Георг, Іаан, Ахрым. Мы знайшлі яе на месцы старажытнай тураўскай царквы, падмурак якой нам удалося адкапаць у 2005 годзе. Гэта быў вялізны кафедральны храм даўжынёй 29 метраў і шырынёй звыш сямнаццаці. Па сваіх памерах з ім не можа параўнацца ні адзін з храмаў Полацкай і Смаленскай зямель.
Храм пад зямлёй
Але як жа атрымалася, што такі велічны цуд паўстаў з зямлі толькі праз сем ста-годдзяў?!— Будаўнікі не ўлічылі склад глебы, на якой узводзіўся храм, — тлумачыць археолаг, у якога, здаецца, адказы ёсць на любыя пытанні. — Царква была пабудавана на пяску. Побач працякалі рэкі, якія насычалі яго вільгаццю. А мокры пясок мае вельмі малую трываласць. Яшчэ пры будаўніцтве гэты храм пацярпеў катастрофу. Яго адрамантавалі. Аднак хутка, у 1230 годзе, на тэрыторыі Румыніі адбыўся вялікі землятрус, хвалі якога, дайшоўшы і да Беларусі, знішчылі царкву. Пра яе існаванне людзі забылі. Гарадзішча парасло травой. Па ім хадзілі гусі, козы, коні... Ніхто б і дагэтуль пра царкву не ведаў, калі б у 60-х гадах ХХ стагоддзя не спатрэбілася мясцовай школе ўзвесці гаспадарчыя пабудовы.Сталі капаць — наткнуліся на кладку. Паклікалі археолагаў. Тыя ж, вядома, забаранілі ўсялякае будаўніцтва. Праз колькі гадоў з экспедыцыяй прыехаў дырэктар Ленінградскага аддзялення Інстытута археалогіі СССР Міхаіл Каргер. Пётр Фёдаравіч з групай таксама працаваў у той час у Тураве, але ў іншым месцы. Успамінае, прыходзіў да Каргера, цікавіўся, чым ён там займаецца — ленінградскаму археолагу ўдалося па перыметры адкапаць падмурак царквы. Каргер правёў вялікую працу, а пасля закапаў знаходку і з’ехаў, не пакінуўшы ніякіх запісаў пра дакладнае месца знаходжання скарба ХІІІ стагоддзя. І калі ў 2005 годзе ў Гомельскага аблвыканкама знайшліся грошы, каб на месцы былога храма правесці раскопкі і пабудаваць музей, ніхто і паказаць не мог, дзе знаходзіцца царква.
Скрыня з сюрпрызам
— Людзі стаяць, рукамі размахваюць: адзін — сюды, другі — туды, — успамінае Лысенка. — Я да іх — кажу, тут трэба капаць. А мне — раз ты такі разумны, можа, яшчэ і разбівачныя восі намалюеш. Намаляваў, ды так дакладна, што нават ніякіх паправак не прыйшлося ўносіць. Нават не ведаю, як у мяне так атрымалася. — А хочаце нешта цікавае пакажу? — пытаецца Пётр Фёдаравіч і пераводзіць позірк на невялікую скрыню на шафе.Здымае яе і пачынае адкрываць, акуратна дастаючы са скрыні газетныя шматкі, якія захоўваюць прадмет, відаць, вельмі каштоўны, ад пашкоджання. Разгортвае апошні пласт газеты... І што б вы думалі, я там убачыла? Чэрап! Ён належыць тураўлянцы, пахаванне якой знайшлі пры раскопках царквы. Гадоў восемсот праляжала цела жанчыны ў зямлі, а цяпер чакае даследаванняў антраполагаў.— Пасля таго як на месцы царкоўнага падмурка пабудавалі выставачны павільён, паехалі да яго людзі з усіх бакоў — экспедыцыі, экскурсіі, адзіночныя, групавыя. Бывае, музей прымае ў дзень па 4—5 аўтобусаў, — расказвае Пётр Фёдаравіч. — На атрыманыя за білеты грошы тураўскаму музею ўдаецца ўтрымліваць увесь штат су-працоўнікаў. Унікальны выпадак. Але яшчэ больш унікальны, — археолаг робіць паўзу, — музей “Бярэсце”, дзе за трыццаць гадоў яго існавання ўжо пабывала амаль тры мільёны наведвальнікаў.
Знаходка маладога археолага
Колькі папярэднікаў было ў Пятра Фёдаравіча, якія спрабавалі знайсці ў Брэсце старажытны горад. Дзе толькі яго не шукалі! А прыходзілі да аднаго вываду — няма горада. Пакуль у 1961 годзе малады археолаг Пётр Лысенка не выказаў думку, што горад знаходзіцца на Шпітальным востраве.— Праз колькі гадоў я правёў раскопкі, — успамінае Лысенка. — Досыць шырокай плошчы. Знайшлі нават пабудовы на пяць вянкоў. Але хацелася яшчэ большага. Побач з месцам, дзе праводзілі раскопкі, размяшчаліся агароды брэстаўчан. Раслі цудоўныя буракі, памідоры, агуркі. Дык я, абнаглеўшы, папярэдзіў гэтых агароднікаў — будзем капаць тут, не са-джайце анічога. Людзі, вядома, былі незадаволеныя, — смяецца Пётр Фёдаравіч. — Але затое ўжо ў першым раскопе мы знайшлі... вось гэту пабудову. Лічыце вянкі, — археолаг працягвае фотаздымак старажытнага драўлянага зруба. — Дванаццаць? — пытаюся нясмела.— Ага! — пацвярджае археолаг. — І кожны з вянкоў памечаны насечкамі сякерай. Такога нідзе-нідзе-нідзе-нідзе няма. Нават у Вялікім Ноўгарадзе не знайшлі нічога падобнага.
Старажытныя мудрацы
Акрамя гэтага колькі фантастычных рэчаў удалося знайсці на месцы драўлянага горада! Па іх можна вывучаць не толькі побыт, але і характар нашых продкаў.— Людзі гэтыя шмат працавалі, цярпелі і ад голаду, і ад нястачы, — расказвае Пётр Фёдаравіч. — Гляньце на тыя хаткі — усяго чатыры на чатыры метры. А там жа жыла цэлая сям’я. Але і мудрацамі ж былі. Клапаціліся не толькі пра хлеб. Пра мастацтва думалі. Мы знайшлі падчас раскопак малюнкі, скульптуры, упрыгожанні. І самаадукацыяй займаліся. Бачыце, — суразмоўца паказвае мне фотаздымак грэбня. — Што на ім?— Аз, букі, ведзі, — чытаю выскрабленыя літары. — Няўжо азбука?! Ну і разумнікамі ж былі нашы продкі. Прычасаўся — і грамаце навучыўся.Здаецца, пра старажытнасць Пётр Лысенка можа гаварыць не проста гадзінамі, але тыднямі і месяцамі, кожны раз здзіўляючы новымі фактамі з гісторыі. Столькі прайшло праз яго рукі зямлі, розных чарапкоў, знаходак. І нават у восемдзесят адпачынак яму толькі сніцца. Калі я спыталася Пятра Фёдаравіча напярэдадні юбілею, як ён збіраецца яго святкаваць, археолаг толькі ўсміхнуўся.— Святкаваць? Не люблю я гэтага. Жыццё вымяраецца не гадамі, а тымі справамі, якія зрабіў чалавек за адмераны яму час. Ці шмат зрабіў я? Не мне меркаваць. Але, параўноўваючы свае набыткі з вынікамі прац калег, магу сказаць, што за жыццё мне нямала шанцавала.