Хто палац будаваў?

Источник материала:  

Калі мне давялося пабываць у Чырвонабярэжскім палацы Козел-Паклеўскіх, лепшчык Дзмітрый Юнчыц важдаўся з нейкім адмысловым узорам. З перапынкамі ён працуе тут на працягу пяці гадоў. Дзіма расказвае, што ўсё самае прыгожае і цікавае знаходзілася пад тынкоўкай:

 — Мы не ведалі, што тут на самай справе. Штосьці ляпілася па знойдзеных фрагментах. Вельмі цікава працаваць. Ляпніны тут — вельмі шмат. Столькі ні на адным з іншых аб'ектаў, дзе працаваў, я не сустракаў. І ў Мірскім замку, і ў Нясвіжскім — там намнога менш.

Вартаўнік маёнтка ў Чырвоным Беразе Аляксей Пруднікаў праводзіць экскурсію па даручаным яму аб'екце. Ён гэты палац ведае як свае пяць пальцаў яшчэ і таму, што шмат гадоў прапрацаваў у гэтых сценах выкладчыкам — менавіта тут размяшчаўся Чырвонабярэжскі сельгастэхнікум. Сярод баек расказаў і пра тое, што ў сутарэнне, а потым увогуле за межы палаца можна было трапіць праз камін. Дарэчы, падземны ход павінен быць амаль у кожным палацы. Так было яно ці не на самай справе — хто ведае?

Яўген ці Віктар?

Між тым, з-за даўнасці гадоў ёсць блытаніна і з прозвішчам архітэктара, які будаваў маёнтак. Па-руску ён значыцца як "Е.Шретер", быццам бы — Яўген. Аказваецца, што сапраўднае імя архітэктара — Віктар Аляксандравіч Шротар ("Шрётер" — па-руску). І не толькі таму, што час пабудовы-аздаблення Чырвонабярэжскага палаца супадае з гадамі актыўнай творчай дзейнасці вядомага расійскага архітэктара, які пабудаваў шмат дамоў, маёнткаў, тэатраў, касцёлаў у Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Іркуцку, Ніжнім Ноўгарадзе, Тыфлісе, Адэсе... Вядомы такі факт: Шротар першы ў Расіі стаў абліцоўваць фасады без тынкоўкі — абпаленай у моцным агні цэглай і натуральным каменем. Цяпер паглядзіце на будынак у Чырвоным Беразе, а таксама на іншыя, якія захаваліся, — напрыклад, дом самога архітэктара ў Санкт-Пецербургу (фота). Почырк аўтара відавочны. Прынамсі, у падобным стылі быў аформлены і двухпавярховы флігель для аканома побач з маёнткам Козел-Паклеўскіх (фота).

А крэслы дзе?

Калісьці ў афармленні палаца, акрамя стыльнай мэблі, былі выкарыстаны бронзавыя рэчы, вырабленыя польскай фірмай Лапенскіх, венецыянскі крышталь, англійскі фаянс, французскі фарфор. Усё гэта разам і складала вытанчаную гармонію архітэктурнага ансамбля. Тут жа знаходзілася і багатая галерэя жывапісу — творы Сямірадскага, Айвазоўскага, Кандраценкі...

Хто палац будаваў?

Ніна Шрэйтэр, дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея горада Жлобіна, гаворыць, што аб напаўненні будучага філіяла аўтэнтычнымі рэчамі і размовы не можа ісці: адкуль іх узяць?

— Там ёсць пра што расказваць. Але, калі нарэшце будуць адноўлены сцены, гэта яшчэ далёка не ўсё. Гэтае памяшканне трэба будзе напоўніць. Аўтэнтычных экспанатаў не засталося, а каб вырабіць нешта падобнае — трэба таксама вялікія грошы. У пустых памяшканнях цяжка будзе праводзіць экскурсіі.

Сібірскія карані

Ёсць звесткі, што замежныя нашчадкі былых уладальнікаў маёнтка ў Чырвоным Беразе даязджалі да гэтых краёў у 80-я гады. І быццам бы мелі жаданне аднавіць былую веліч спадчыннай сядзібы. Але ж не той быў час... Пра некаторых з нашчадкаў узгадвае ў сваіх успамінах няблізкая сваячка Ірэна Манчунская, у замужжы Паклеўская-Козел. Гэтыя запісы датаваны 1971 годам. (httр://www.оkоrnеvа.ru).

— Пан Вікенцій, якога я вельмі добра памятаю, быў жанаты з Марыяй Гатоўскай з Мінскай губерні. У іх было трое дзяцей. Сын Альфонс (Алік) ажаніўся з англічанкай. У яго было двое дзяцей. Другі з сыноў — Вікенцій. У Вікенція Альфонсавіча таксама сын Станіслаў, які жыў у Варшаве, меў дачку. Дачка Вікенція Альфонсавіча — Марыя (Манюта) была замужам двойчы, першы раз за Хжаноўскім, другі раз за Марыноўскім. Ад першага шлюбу ў яе нарадзіліся дачка Ганна (яна выйшла замуж за Тшэчэскага) і сын Эдуард, які загінуў у Катыні.

Падтрымка сваіх

Ірэна Манчунская ўзгадвае, што сібірскія магнаты Паклеўскія-Козел заснавалі стыпендыі для дзяцей палякаў, якія трапілі ў Сібір па розных прычынах, і давалі працу на сваіх прадпрыемствах многім палякам. Стараннямі насельніцтва Таліцы (гэта гарадок у Свярдлоўскай вобласці, дзе быў галоўны маёнтак Паклеўскіх) і Вікенція Альфонсавіча асабіста ў 1876 годзе будуецца ў цэнтры Таліцы драўляная царква. Калі ж тая згарэла ў 1890 годзе, там была пабудавана новая. За свой кошт пан Вікенцій утрымліваў армейскі полк у гады Першай сусветнай вайны (сілкаванне, абмундзіраванне, рыштунак, узбраенне) і выдаваў цалкам зарплату сем'ям рабочых, якія пайшлі на вайну.

У першую чаргу Вікенцій Козел-Паклеўскі клапаціўся пра побыт сваіх рабочых: адкрываў бальніцы, сталовыя, клубы, дзіцячыя садкі, багадзельні, школы. На кожным буйным прадпрыемстве існавалі бібліятэка, тэатр і дабрачыннае таварыства. Католік па веравызнанні, ён выдаткоўваў значныя сродкі ў тым ліку на будаўніцтва цэркваў і ўтрыманне праваслаўнага духавенства. І яшчэ заўсёды аказваў дапамогу сваім землякам — удзельнікам паўстанняў 1830-1831 і 1863-1864 гг., якія адбывалі ў Сібіры пакаранне.

Паклеўскія паўсюль

Калі б не здарылася ў Расійскай імперыі рэвалюцыі, прапраўнукі Альфонса былі б цяпер уладальнікамі велізарнай карпарацыі. Але ўсё было зруйнавана ці нацыяналізавана. Зрэшты, нікога з Козел-Паклеўскіх рэвалюцыя не прыціснула. Савецкая ўлада Вікенція Альфонсавіча і яго сям'ю не чапала. Не крануў і ён нікога ў гады грамадзянскай вайны, але 19 чэрвеня 1919 года ўсе Паклеўскія эмігрыравалі ў Варшаву. На Паванзоўскіх могілках ён пахаваны разам з жонкай Марыяй. Адзін з яго сыноў — Альфонс — эмігрыраваў у Англію, і яго нашчадкі жывуць цяпер у Ірландыі. А вось польская лінія прамых нашчадкаў Вікенція і Марыі Козел-Паклеўскіх перарвалася. Іншыя сваякі, быццам, ёсць у Вялікабрытаніі, Даніі і Польшчы...

(Заканчэнне будзе.)

Ірына АСТАШКЕВІЧ. Фота аўтара і прадастаўленыя гісторыка-краязнаўчым музеем г. Жлобіна.

←У Красного костела задержана активистка оргкомитета БХД

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика