У госці да ашмянскіх чытачоў
Паехаць на свята горада, а разам і на сустрэчу з падпісчыкамі, давялося ў мінулую суботу. Ашмяны сустрэлі крыху пахмурным надвор'ем. На шчасце, на настрой і планы, у якіх значылася пагуляць па ашмянскіх вуліцах, пазнаёміцца з жыхарамі горада, падарыць ім сувеніры ад газеты, нарабіць шмат фотаздымкаў, а таксама ўручыць прыз нашаму падпісчыку, які збіраўся прыехаць з суседняга Смаргонскага раёна, гэта ніяк не паўплывала.
Некалькі хвілін пасля таго, як выходзіш з аўтобуса і ідзеш па Ашмянах, адчуваеш сябе нібыта не зусім у Беларусі. У горадзе, які знаходзіцца недалёка ад літоўскай мяжы, некаторыя маладыя асобы, напрыклад, называюць адна адну не дзяўчатамі і сяброўкамі, а каляжанкамі і паненкамі.
Разам з загадчыкам Ашмянскага раённага вузла паштовай сувязі Клемянцінай Дробыш і інструктарам па падпісцы Таццянай Завадскай мы толькі пачалі раскладаць прывезеныя з Мінска сувеніры. Да стэнда газеты "Звязда", які ўсталявалі каля будынка ашмянскай пошты, адразу ж сталі падыходзілі госці свята. Дзеці прасілі памераць кепкі з лагатыпам газеты, а бацькі па-гаспадарску цікавіліся, для каго прызначаецца прыз — электрасушылка, якая чакала свайго ўладальніка.
Франц Іосіфавіч Пятроўскі, жыхар вёскі Ардашы Смаргонскага раёна, прыехаў па свой падарунак з жонкай Галінай Уладзіміраўнай:
— "Звязду" мы чытаем вельмі даўно, выпісваць пачалі, калі яшчэ былі студэнтамі. З задавальненнем атрымоўваем газету і сёння.
Франц Іосіфавіч мае дыплом настаўніка гісторыі, шмат гадоў працаваў дырэктарам школы. Галіна Уладзіміраўна выкладала беларускую мову і літаратуру. Двое з траіх сыноў Пятроўскіх — таксама настаўнікі. Адзін жа працуе ветэрынарам.
Электрасушылка паехала ў Ардашы, таму за яе больш не патрэбна было хвалявацца. З'явіўся час, каб паглядзець на свята вачыма простага госця. Пагуляўшы сярод кветкавых кампазіцый, зробленых школьнікамі з Ашмяншчыны, паглядзеўшы на танцы і паслухаўшы песні, я трапіла ў невялікі сквер, дзе гандлявалі сваімі вырабамі народныя майстры. Тут былі не толькі ашмянцы. Прыехалі ўмельцы і з суседніх Іўя і Валожына.
Зацікавіў дзядзька ў саламяным капелюшы, які адмыслова ткаў ручнік на невялічкіх кроснах. Вітольд Вітольдавіч Малютка прыехаў з Валожынскага раёна. Такое нязвыклае для мужчыны майстэрства, як ткацтва, ён асвойваў разам з жонкай. Сёння да Вітольда Вітольдавіча прыходзяць школьнікі, якім цікава таксама навучыцца рабіць такія ручнікі, сурвэткі і настольніцы. Побач прадаваў вырабы з дрэва майстар, які прадставіўсяЮлдашам Рамазанавічам. Ён прыехаў у Ашмяны з Іўеўшчыны.
На галоўнай плошчы горада тым часам народу станавілася ўсё больш. Людзі гулялі з родзічамі і маленькімі дзецьмі. Апошніх у Ашмянах, дарэчы, надзвычай шмат. Каляскі і яркія дзіцячыя камбінезончыкі вока без цяжкасцяў выхоплівала з натоўпу.
Яшчэ на свята горада вяселле гулялі дзве ашмянскія пары. Не ведаю, можа, у горадзе гэтым які клімат асаблівы, ці погляд на жыццё, але трэба сказаць, што ніколі ў адным населеным пункце за такі кароткі прамежак часу абсалютна незнаёмыя людзі так часта не цікавіліся маім сямейным становішчам.
Нарэшце апошнія сувеніры знайшлі сваіх уладальнікаў, і прыйшоў час Ашмяны пакінуць. З акна маршруткі яшчэ раз паглядзела на вежы касцёла, які тут вельмі шыкоўны і велічны. А людзі ў Ашмянах надзвычай гасцінныя.
Ганна ГАРУСТОВІЧ.
г. Ашмяны.