Незабыўныя адбіткі гістарычнай памяці
Народны фотаклуб "Мінск" распачаў цікавы выставачны праект "Зрокавая памяць гісторыі". Адкрыццём праекта стала выстава "Партрэт 60—80-х гадоў". Аўтар ідэі і куратар праекта старшыня фотаклуба Яўген Казюля расказвае, што такая задумка ўзнікла не раптам.
— Мінулае, што няўмольна аддаляецца ад сучаснасці, — кажа Яўген Карпавіч, — з кожным годам робіцца даражэйшым. За паўвекавую гісторыю існавання фотаклуба тут сабрана больш за пяць тысяч унікальных здымкаў, адбіткаў гістарычнай памяці.
І не толькі беларускіх аўтараў. Гэта цудоўныя творы Анатоля Дудкіна, Уладзіміра Няхайчыка, Віктара Ганчарэнкі, Міхася Жылінскага, Мікалая Байцова, фотамастакоў з Украіны, Расіі, Літвы, Германіі, Англіі... Некалькі пакаленняў фотамайстроў пакінулі свой след у гісторыі фатаграфіі. На жаль, некаторых аўтараў няма ўжо з намі, але і іх талент мы хочам данесці да маладога пакалення фатографаў, знатакоў і прыхільнікаў мастацтва светапісу.
Дарэчы, дзякуючы карпатлівай шматмесячнай працы, Яўгену Карпавічу ўдалося стварыць сістэматызаваны архіў і такім чынам зрабіць даступнымі фонды клуба для сучаснага гледача. Выставы ладзяцца ў галерэі фотаклуба "Мінск". Першая тэматычная экспазіцыя "Партрэт 60 — 80-х" будзе доўжыцца да 11 кастрычніка.
Марыя Жылінская.