Аб'ём здзелак на дадатковай сесіі беларускай валютнай біржы ў 1,6 раза перавысіў паказчыкі асноўнай
Аб'ём таргоў дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы ўчора ў параўнанні з 14 верасня павялічыўся амаль у 6 разоў да Br399,37 млрд, перавысіўшы аб'ём здзелак на асноўнай сесіі біржы практычна ў 1,6 раза. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі на біржы.
На дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы ўчора гандлявалі трыма валютамі — назіраецца тэндэнцыя да зніжэння (ў параўнанні з мінулым днём долар патаннеў на 20 беларускіх рублёў, еўра — на 10, расійскі рубель — на 1). Па ўсіх трох валютах папярэдняе прапанаванне перавышала попыт. У таргах па долару прымалі ўдзел 28 банкаў, еўра — 27, расійскага рубля — 28. Пры гэтым курс беларускага рубля да долара ЗША, які склаўся на дадатковай сесіі 16 верасня, перавышае афіцыйны курс на 57,8 працэнта (Br5375), да еўра — на 63,7 працэнта (Br7414), да расійскага рубля — на 67 працэнтаў (Br176,04).
Нацыянальны банк Беларусі прадаўжае прытрымлівацца палітыкі неўмяшання ў ход дадатковай сесіі, якая будзе праходзіць штодзень.
На асноўнай гандлёвай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы рэалізуецца частка валютнай выручкі, якая абавязкова прадаецца (30 працэнтаў валютнай выручкі, якая паступіла, за выключэннем выпадкаў, устаноўленых Нацбанкам). Набытая на асноўнай сесіі валюта накіроўваецца на аплату лякарстваў, вырабаў медпрызначэння, прыроднага газу, нафты і электраэнергіі. Па выніках таргоў вызначаюцца афіцыйныя курсы беларускага рубля адносна замежных валют. Валюта, набытая банкамі на дадатковай сесіі, паступае ў іх абменныя пункты для продажу насельніцтву па курсу, устаноўленаму банкам з улікам вынікаў гэтай сесіі.