Адмоўся ад аўто на дзень — захавай чыстае паветра
Акцыя
22 верасня ў краіне пройдзе чарговая штогадовая міжнародная акцыя "Дзень без аўтамабіля". Мінпрыроды прапануе грамадзянам хоць бы адзін дзень устрымацца ад выкарыстання аўтамабільнага транспарту, далучыўшыся да ўдзельнікаў мерапрыемства.
Дзякуючы тым захадам, якія прымаюцца ў Беларусі па зніжэнні шкоднага ўздзеяння транспарту на навакольнае асяроддзе, за мінулы год атрымалася зменшыць выкіды забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра ад мабільных крыніц больш чым на 17 працэнтаў. Гэта пры павелічэнні парка аўтатранспартных сродкаў за гэты ж перыяд (на пачатак бягучага года ён налічваў 3 597,8 тысячы адзінак). У сярэднім за дзень па краіне летась выкідвалася каля 2 580 тон забруджвальных рэчываў (у 2009 годзе — каля 3 115 тон), у тым ліку па Мінску каля 430 тон.
За мінулы год у краіну было ўвезена 209 012 аўтатранспартных сродкаў, у тым ліку 193 710 адзінак — фізічнымі асобамі. З агульнай колькасці больш за 56 працэнтаў складалі аўто ўзростам больш за 7 гадоў (за папярэдні год такіх аўтатранспартных сродкаў было больш за 60 працэнтаў).
У сярэднім пры прабегу аўтамабілем за год 15 тысяч кіламетраў ім спальвацца больш за 2 тоны паліва і спажываецца каля 30 тон паветра. Пры гэтым у атмасферу выкідваецца каля 700 кілаграмаў угарнага газу, 400 кілаграмаў дыяксіду азоту, 230 кілаграмаў вуглевадародаў і іншых забруджвальных рэчываў, агульная колькасць якіх складае больш за 200 найменняў.
Ці ёсць карысць ад правядзення такіх акцый? На гэту карысць сведчаць факты паляпшэння якасці паветра ў гарадах, а таксама тое, што толькі за гэты адзін дзень 22 верасня штогод папярэджваецца выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу ў аб'ёме ад 250 тон і больш.
Сяргей РАСОЛЬКА.