Пачалася актыўная фаза сумесных вучэнняў УС Беларусі і Расіі "Шчыт саюза-2011"
Актыўная фаза сумесных вучэнняў узброеных сіл Беларусі і Расіі "Шчыт саюза-2011" пачалася 16 верасня, паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве абароны Беларусі.
На папярэднім этапе была праведзена перагрупоўка органаў ваеннага кіравання і войскаў Узброеных Сіл Беларусі на палігоны Гарахавецкі і Ашулук у Расіі. Перадыслакацыя ажыццяўлялася чыгуначным і паветраным транспартам. У Мінабароны адзначылі, што гэта даволі складаны этап, такая маштабная перагрупоўка войскаў праведзена ўпершыню за гады існавання Узброеных Сіл Беларусі. Наступныя чацвёра сутак войскі правядуць трэніроўку вядзення манеўранай абароны на абарончых рубяжах. "У гэты перыяд будуць ацэньвацца эфектыўнасць сістэмы кіравання, правярацца зладжанасць органаў ваеннага кіравання, практычныя навыкі службовых асоб у час кіравання баявымі дзеяннямі з улікам змянення спосабаў вядзення ваенных дзеянняў у сучасных умовах", — расказалі ў Мінабароны. Вучэнні "Шчыт Саюза-2011" пройдуць з 16 па 22 верасня на палігонах Гарахавецкі ў Ніжагародскай вобласці і Ашулук у Астраханскай вобласці. Да ўдзелу ў вучэннях прыцягнуты каля 12 тыс. ваеннаслужачых (7 тыс. — УС Расіі і 5 тыс. — УС Беларусі), каля 50 самалётаў і верталётаў, да 200 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку каля 100 танкаў.