Вярхоўны Суд пачаў разгляд справы аб тэракце ў мінскім метро

Источник материала:  

Ураджэнцы Віцебска — Дзмітрый Канавалаў і яго саўдзельнік Уладзіслаў Кавалёў — абвінавачваюцца ў здзяйсненні чатырох тэрарыстычных актаў

У актавай зале Дома правасуддзя, дзе праходзіла судовае пасяджэнне, практычна не было вольных месцаў. Большую яе частку займалі пацярпелыя і іх законныя прадстаўнікі, а таксама сваякі тых, хто загінуў падчас тэракту ў метро, сведкі. Гучны судовы працэс выклікаў павышаную цікавасць і ў журналістаў — прычым не толькі беларускіх, але і замежных СМІ. Некалькі радоў было прадугледжана і для тых людзей, якія па ўласным жаданні вырашылі паназіраць за ходам судовага разбіральніцтва. Як паведамлялася раней, судовае пасяджэнне праходзіць у адкрытым фармаце.

Вярхоўны Суд пачаў разгляд справы аб тэракце ў мінскім метроКлетка, у якой падчас працэсу знаходзіліся абвінавачваныя, была раздзелена перагародкай на дзве часткі. Такім чынам, маладыя людзі не мелі магчымасці кантактаваць паміж сабой.

На працягу некалькіх гадзін дзяржаўны абвінаваўца — намеснік генеральнага пракурора Аляксей Стук — зачытваў абвінавачанне (нагадаем, што матэрыялы крымінальнай справы па абвінавачанні Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва складаюць больш як 550 тамоў).

Самы гучны эпізод справы — выбух 11 красавіка на станцыі метро "Кастрычніцкая" ў Мінску. У выніку тэракта загінула на месцы 11 чалавек, чацвёра памерлі ў бальніцах. Траўмы і маральныя пакуты атрымалі 387 грамадзян. Вага самаробнага выбуховага ўстройства, якое Канавалаў пераносіў у вялікай дарожнай сумцы, складала не менш як 12,5 кілаграма.

Паводле слоў дзяржабвінаваўцы, падсудны Канавалаў быў дактыласкапіраваны за два дні да тэракта ў метро. Малады чалавек, значыцца ў абвінавачанні, здагадваўся, што адбіткі яго пальцаў былі зняты з бомбы, якая не разарвалася ў 2008 годзе падчас святкавання Дня Незалежнасці Мінска, і ўсведамляў верагоднасць таго, што яго затрымаюць. Таму і паспяшаўся рэалізаваць задуманае.

9 красавіка 2011 года ён звязаўся з Кавалёвым па тэлефоне, а 10 красавіка прыехаў у Мінск на цягніку Віцебск-Мінск. Кавалёў, паводле слоў абвінаваўцы, ведаў аб падрыхтоўцы выбуху яшчэ з 2010 года. А ў красавіку 2011 ён дзейнічаў разам з Канавалавым. Кавалёў, згодна з абвінавачаннем, разумеў, якую грамадскую небяспеку панясуць дзеянні яго знаёмага, тым не менш не толькі не паведаміў аб злачынстве ў міліцыю, але і згадзіўся яму дапамагчы. У прыватнасці, Кавалёў прадаставіў Канавалаву свой тэлефон, каб таго не паспелі "вылічыць" пасля зняцця адбіткаў пальцаў, дапамог знайсці здымную кватэру (да слова, на пачатку пасяджэння пацярпелыя заявілі суду хадайніцтва аб выкліку ў суд жанчыны, якая здавала жылплошчу Канавалаву напярэдадні выбуху. Гэта хадайніцтва суд задаволіў).   Вярхоўны Суд пачаў разгляд справы аб тэракце ў мінскім метроПаводле слоў пракурора, злачынную дзейнасць Канавалаў распачаў з 2000 года. Першыя выбухі здзейсніў у родным горадзе Віцебску. Спачатку аб'ектамі яго небяспечных эксперыментаў былі пад'езды шматпавярховых дамоў. Летам жа 2002 года па папярэдняй змове з Кавалёвым і яшчэ адным знаёмым, Румянцавым, было падарвана выбуховае ўстройства на фасадзе філіяла № 10 дзіцячай бібліятэкі імя Якуба коласа ў Віцебску. Тады, на шчасце, абышлося без чалавечых ахвяр.

У жніўні 2003 года Канавалаў узарваў самаробнае ўстройства на пешаходнай дарожцы непадалёку ад жылога дома. У выніку выбуху кароткачасова аглушыла непаўналетняга мінака.

З цягам часу маладому чалавеку стала цесна ў абласным цэнтры, і ён вырашыў пакінуць свой след за межамі Віцебска: двойчы ўзарваў свае самаробкі паблізу ад чыгуначнай станцыі Грышаны (Віцебскі раён). У выніку пацярпелі два чалавекі: у першага кароткачасовае аглушэнне, другі атрымаў апёкі 1 і 2 ступені. Бомбы прыводзіліся ў дзеянне рознымі спосабамі: з дапамогай таймера, нацягнутай лескі і інш.

14 верасня 2005 года Канавалаў здзейсніў свой першы тэрарыстычны акт — выбух у Віцебску паблізу прыпынку грамадскага транспарту "Плошча свабоды". У выніку два чалавекі атрымалі лёгкія цялесныя пашкоджанні. Другі тэракт адбыўся каля летняй кавярні таксама ў цэнтры Віцебска 22 верасня. На гэты раз пацярпела каля 55 чалавек.

У абвінавачанні ўзгаданы і тэракт 4 ліпеня 2008 года, які адбыўся на перакрыжаванні праспектаў Пераможцаў і Машэрава ў Мінску. На шчасце, тады спрацавала толькі адно выбуховае ўстройства з двух устаноўленых. Усяго па медыцынскую дапамогу звярнулася 59 чалавек.

Вярхоўны Суд пачаў разгляд справы аб тэракце ў мінскім метроШто тычыцца матыву здзяйснення тэрактаў, дзяржабвінаваўца падкрэсліў, што падсудзімы Канавалаў здзяйсняў злачынствы свядома. Хацеў зрабіць "дэманстратыўны выклік грамадству", "атрымаць маральнае задавальненне ад здзяйснення злачынства", "выразіць такім чынам агрэсію і ўседазволенасць", імкнуўся такім чынам "самарэалізавацца і самасцвердзіцца", "дэстабілізаваць грамадскі парадак, паказаць сваю перавагу над астатнімі".

Кавалёў і Канавалаў, у сваю чаргу, сваю віну на судовым пасяджэнні прызналі часткова. Максімальнае пакаранне, якое пагражае ім па найбольш цяжкіх эпізодах справы (артыкул 289 Крымінальнага кодэкса "Тэрарызм") — смяротнае пакаранне.

У цэлым дзеяннямі Канавалава нанесены ўрон на суму звыш Br2,3 млрд. Гэта не кажучы аб чалавечых жыццях, якія, на жаль, ужо не вернеш...

Карэспандэнты "Звязды" будуць працягваць сачыць за ходам гэтага гучнага судовага працэсу.

Надзея ПАЎЛАВА.

←Как из простых белорусских пацанов получились террористы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика