Цвыркун
Цвыркун у разуменні ўсходніх славян быў сімвалам утульнасці, парадку і дабрабыту, "жывым ахоўнікам хаты".
Цвыркун — насякомае, якому падабаецца цяпло, таму ў зімовы час ён жыве бліжэй да цяпла: у балках і бярвёнах, з якіх складзена хата.
Калі цвыркун заводзіць сваю аднастайную песню — значыць, хаце нічога не пагражае, у сям'і ўсё добра. І наадварот, лічылася, што, калі сярод зімы цвыркуны пакідалі хату, гэта прадказвала няшчасце: пажар, смерць кагосьці са сваякоў.
Цвыркун — недатыкальнае насякомае. Паўсюдна лічылася, што забіць цвыркуна — забіць добры дух хаты, наклікаць бяду. У некаторых рэгіёнах лічылі, што забойства цвыркуна магло пацягнуць за сабой смерць каханага чалавека.
А ў народзе прыкмячалі: "Калі цвыркун заспявае — час сеяць жыта".
Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.