Вакцына бясстрашнасці
Айчынныя навукоўцы распрацоўвалі тэхналогію змянення тэмпературы арганізма шляхам уздзеяння на слізістую абалонку носа і нечакана для сябе вынайшлі цікавы пабочны эфект — змяненне паводзін.
У аснове метаду — увядзенне ў насавыя хады (на слізістую абалонку носа) эндатаксінаў — фрагментаў мікробаў, якія жывуць у стрававальным тракце кожнага чалавека і маюць важнае значэнне для актывацыі імуннай сістэмы.
— У нас распрацоўвалася мадэль — якім чынам можна выклікаць змяненне тэмпературы метабалічных працэсаў натуральным шляхам, а не тым, які пакуль што найчасцей выкарыстоўваецца ў свеце, — унутрывенным увядзеннем, — патлумачыў нам намеснік дырэктара Інстытута фізіялогіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар медыцынскіх навук Уладзімір КУЛЬЧЫЦКІ. — Пры выкарыстанні прапанаванага намі метаду (назальна) патрабуецца значна менш субстанцыі. Апроч таго, калі гэтую ачышчаную субстанцыю (эндатаксін) дазіравана нанесці на слізістую абалонку носа, выяўляецца эфект не толькі павышэння тэмпературы, але і змянення паводзін, які раней не заўважалі вучоныя.
Гэта пацвердзілі эксперыменты на мышах і пацуках. Паводзіны грызуноў змяніліся, яскрава праявіўшыся ў дзвюх фазах. Апісваючы іх, Уладзімір Адамавіч правёў паралель з першай і другой фазай прастуды ў людзей.
— Калі чалавек хварэе на грып ці прастуду, то ў першыя некалькі гадзін ён становіцца больш раздражняльны, нервовы, — патлумачыў навуковец, — а праз суткі-двое назіраецца абыякавасць, слабасць, апатыя. Пры правядзенні эксперыменту мы спачатку ўбачылі першую фазу актывацыі і ўзбуджанага стану ў жывёл, якія звычайна сядзяць па норках і ні ў якім разе не вылазяць на адкрытую прастору, калі побач знаходзіцца чалавек. Пацукі і мышы раптам сталі бясстрашнымі. Яны не проста выходзілі на адкрытую прастору свайго лабірынта, але, нечым зацікавіўшыся, звешваліся з масткоў, якія знаходзіліся на вышыні больш за метр над зямлёй, часам нават не ўтрымліваліся і падалі адтуль, што для жывёл выключна рэдкая з'ява (з-за ўласнай цікаўнасці згубіць асцярожнасць і зваліцца з вышыні). Такія нетыповыя паводзіны назіраліся ўсяго некалькі гадзін. Потым наступала другая фаза: жывёлы заміралі ў норках, і іх надзвычай цяжка было адтуль выманіць.
Грунтуючыся на інфармацыі, атрыманай беларускімі спецыялістамі, можна ісці далей і распрацаваць своеасаблівую "вакцыну бясстрашнасці" для людзей. Скажам, спартсменаў, ваенных, студэнтаў (на перыяд сесіі).
— Невялікая аплікацыя на слізістую абалонку носа шэрагам субстанцый, якія валодаюць аналагічным эфектам, перад спартыўнымі спаборніцтвамі ці іншымі хвалюючымі падзеямі дапаможа атрымаць упэўненасць у сваіх сілах і настроіцца на перамогу, — лічыць Уладзімір Кульчыцкі. — Пры правільным падыходзе такі сродак абсалютна бясшкодны для здароўя і не павінен разглядацца як допінг, бо ён і так прысутнічае ў арганізме чалавека.
Даследаванні ў азначанай галіне працягваюцца. Не выключана, што праект будзе пашыраны, і, карыстаючыся метадам увядзення асобных субстанцый праз слізістую абалонку носа, беларускія эксперты прапануюць новыя шляхі для лячэння псіхічных расстройстваў і хвароб.
Пры гэтым Уладзімір Адамавіч не абвяргае таго факта, што ў злых руках падобнае адкрыццё можна нанесці шкоду. У прыватнасці, перадазіроўка "вакцыны бясстрашнасці" можа выклікаць павышэнне агрэсіі і прыглушэнне інстынкту самазахавання. А гэта вельмі небяспечны "кактэйль". Карацей кажучы, у сваім памкненні да новых адкрыццяў навука не павінна губляць адказнасці, як і тыя, хто карыстаецца яе дасягненнямі.
Інга МІНДАЛЁВА.