У жніўні павялічыўся аб'ём золатавалютных рэзерваў
Як паведамілі карэспандэнту "Звязды" ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка, рэзервы павялічыліся на 426 млн долараў ЗША (у вызначэнні Спецыяльнага стандарту распаўсюджвання звестак МВФ) і на 1 верасня склалі 4604,3 млн долараў ЗША ў эквіваленце. У нацыянальным жа вызначэнні ўзровень золатавалютных рэзерваў дасягнуў 6202,2 млн долараў ЗША ў эквіваленце пасля павелічэння на 477,9 млн долараў.
"Значнае павелічэнне золатавалютных рэзерваў выклікана паступленнем у рэспубліку пазыкі ад Азербайджана на суму 300 млн долараў ЗША і дынамікай цэн на каштоўныя металы на міжнародным рынку", — падкрэсліў прадстаўнік упраўлення інфармацыі. Акрамя таго, на папаўненне рэзерваў паўплывала пагашэнне Нацыянальным банкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце (каля 66 млн долараў ЗША).
Між іншым, гэтае павелічэнне дае Нацбанку магчымасць у выпадку неабходнасці згладжваць асобныя спекулятыўныя ваганні курсу беларускага рубля падчас біржавых таргоў на дадатковай сесіі Беларускай валютна-фондавай біржы.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.