Яны таксама набліжалі Перамогу...

Источник материала:  
На вядомых ва ўсім свеце Піскароўскіх могілках ёсць гранітная стэла — знак памяці пра амаль12 тысяч беларускіх юнакоў і дзяўчат. У цэнтры помніка размешчана рэльефная бронзавая выява падлетка, за спіной жа віднеецца толькі контурная цень кожнага другога з яго землякоў, які адышоў з блакаднай зямлі ў неўміручасць, аказаўся, па нашых сённяшніх мерках, героем.
Яны таксама набліжалі Перамогу...На стэле надпіс: “Суайчыннікам, якія загінулі ў блакаду, рамеснікам вучылішчаў Ленінграда ад беларускага народа”. Звыш чатырох тысяч з іх, у тыя часы званых “фэзэўшнікамі”, былі ўзнагароджаны пасмяротна медалём “За абарону Ленінграда”. У кожны памятны дзень помнік патанае ў кветках. Так было і летась 10 верасня, калі зроблены змешчаны тут здымак.
Адкуль жа ў перадваенным Ленінградзе з’явілася так шмат беларускіх падлеткаў-рамеснікаў? Сакрэт просты. У той час па ўсім Саюзе планавалася будаўніцтва буйных прадпрыемстваў. І ў Беларусі збіраліся ўзводзіць трактарны, аўтамабільны і іншыя заводы. Выкананне планаў патрабавала мноства кваліфікаваных рабочых рук, якіх у краіне для такіх мэтаў не ставала. І таму 2 кастрычніка 1940 года Савет Міністраў СССР выдаў Указ “Пра дзяржаўныя працоўныя рэзервы”, паводле яго прымаліся меры, каб забяспечыць неабходны прыток маладых рабочых кадраў у народную гаспадарку. У буйных гарадах адкрываліся рамесныя вучылішчы і школы фабрычна-завадскога навучання (ФЗН). Камсамол заклікаў моладзь: “Вучыцца рабочым прафесіям!” Каб атрымаць адпаведную тэхнічную адукацыю, толькі ў адзін Мінск прыбыло каля 50 тысяч падлеткаў. Вучылішчы горада, натуральна, прыняць такой колькасці жадаючых не маглі. І тады па распараджэнні з Масквы ажно 24 тысячы прэтэндэнтаў былі накіраваны ў Ленінград, дзе іх ужо чакалі на буйнейшых прадпрыемствах горада — такіх, як завод імя Кірава, “Арсенал”, хімкамбінат.
Вось як згадвае свой прыезд у паўночную сталіцу юны тады беларускі падлетак С. Скамарох. Калі хлопцы на завод прыйшлі, “уражанне было такое, нібы мы на другую планету трапілі… Велізарныя цэхі… Усюды станкі, шум. Нам да ўсяго хацелася дакрануцца. А нам казалі: “Пачакайце! Аглядайце, прызвычайвайцеся, на гэтых станках вы будзеце працаваць! Майстрам нашай сёмай слясарнай групы быў Аляксей Аляксеевіч Аляксееў, ён замяняў нам і бацьку, і маці, і брата. Мы яго вельмі паважалі і любілі. Калі б цяпер ён знайшоўся, я б яго да Мінска на руках нёс”.
Аб’яўленне вайны падлеткі перажывалі вельмі цяжка, асабліва — вестку, што немцы занялі Беларусь. Яны ж аказаліся адрэзаны ад родных мясцін, бацькоў. Некаторыя па начах плакалі… І прыйшоў час, калі вучоба прыпынілася, бо пачалася мабілізацыя, а за станкі сталі жанчыны і дзеці. Больш за 40 тысяч беларускіх хлопцаў і дзяўчат па 16—17 гадоў працавалі для фронту ў цэхах прадпрыемстваў акружанага фашыстамі Ленінграда. Па 12–14 гадзін яны знаходзіліся за станкамі ў холадзе і голадзе. Той жа С. Скамарох успамінае: “Да вайны балванку даўжынёй 1 метр 25 см я ставіў на станок адзін. А праз год з пачатку блакады 8 чалавек ледзь-ледзь спраўляліся”. А. В. Паўлюкевіч расказвае: “Кожную раніцу прачынаешся і глядзіш: Міша жывы — добра, Пеця жывы — добра… Таго, хто памёр, разам з ложкам перастаўлялі ў другі, халодны пакой”. Днём па вуліцах Ленінграда хадзілі машыны, у іх збіралі памерлых і вывозілі на Піскароўскія і іншыя могілкі. Юныя рамеснікі паміралі ад голаду, гінулі ў час артабстрэлаў і бамбёжак горада, траплялі пад лёд Ладагі разам з грузавікамі, на якіх зусім аслабелых падлеткаў вывозілі на Вялікую Зямлю.
Прайшоў час. У 1996 годзе па хадайніцтве Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і дзякуючы рашэнню Прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына на тэрыторыі Піскароўскага мемарыяла ўзнеслася стэла ў памяць пра рамеснікаў. Спраектаваў яе заслужаны работнік культуры Расіі Сямён Цымрынг, у мінулым таксама блакаднік і рамеснік. Грошы на граніт прыслалі з Беларусі, а падрыхтоўку і ўстаноўку помніка пецярбуржцы зрабілі бясплатна.
І вось прайшло яшчэ дзесяцігоддзе. Неяк я, ужо стаўшы членам пецярбургскага спецыялізаванага Фонда расійска-беларускага супрацоўніцтва “Белыя Росы”, пайшла на Піскароўскія могілкі і знайшла там стэлу ў запусценні... Я звярнулася да дырэктара мемарыяла, каб мне дазволілі высадзіць там кветкі. На дапамогу прыйшлі вучні 334-й школы Санкт-Пецярбурга. Па святах гэтае месца цяпер наведваюць жыхары горада, і экскурсіі з Мінска ўжо сталі з’яўляцца: ускладаюцца да стэлы кветкі і вянкі. Пішучы гэтыя радкі, цвёрда веру, што такая ж цырымонія паўторыцца і сёлета ў верасні, у 70-ю гадавіну таго дня, калі вакол Ленінграда замкнулася кола варожай блакады.

Раіса Барадзіна,
жыхарка Санкт-Пецярбурга, ураджэнка Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці

←Пограничники пресекают попытки вывоза из Беларуси продовольственных товаров

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика