Казка сваімі рукамі
У Валерыя Іванавіча стаў падаць зрок. І ён вымушаны быў пагадзіцца на аперацыю, пасля якой атрымаў групу інваліднасці. А гэта, як ні круці, тлустая кропка на кар'еры. Апошнія 16 гадоў Валерый Бабкоў працаваў галоўным бухгалтарам у адной са сталічных фірмаў. Прыносіў неблагія грошы ў сям'ю. А зараз нават выкладаць у каледжы, які знаходзіцца побач з домам, яму забаронена па стане здароўя. Сітуацыя, прама скажам, не з лёгкіх, але, нягледзячы ні на што, мой суразмоўца не страчвае аптымізму.
"Мае козы ды стракозы есці не просяць"
— Што ў вёсцы рабіць беспрацоўнаму чалавеку? — разважае Валерый Іванавіч. — Камп'ютар і тэлевізар мне супрацьпаказаныя па зроку. Выпіваць я, шчыра прызнацца, не ахвотнік. Нецікава мне гэта. А заняць жа сябе нечым трэба. Да зямлі пакуль не цягне. Ды і падымаць урачы дазволілі не больш як 5 кілаграм. Вось я і набыў дзесяць курак і пеўніка, каб хоць такім чынам унесці сваю лепту ў сямейны бюджэт.
Акрамя курэй, на двары Бабковых, пераканалася на свае вочы, поўна ўсялякіх жывёл і птушак. Вось толькі ўжо не набытых, а зробленых уласнымі рукамі. Хтосьці выразаны з дрэва, хтосьці — з бляхі. Коні, вавёркі, стракозы, ластаўкі, буслы, чаплі... Каго тут толькі няма!..
— Мая гаспадарка адрозніваецца тым, што есці не просіць, — жартуе Валерый Іванавіч. — І разам з тым радуе маю ўнучку. Я ж у першую чаргу для яе стараюся. Мы з Сенечкай моцна сябруем. Шмат чытаем, шмат гуляем, як грэкі старажытныя. Я ёй расказваю і пра траву, і пра космас...

І сапраўды, для маленькага дзіцяці больш цікавага месца не знойдзеш. Тут і сажалка, дзе плаваюць жывая рыбка ды лебедзі з пенапласту. І ступа Бабы-Ягі, і кот вучоны на ланцугу ля лукаморскага зялёнага дуба.
— Вы, пэўна не звярнулі ўвагі, але гэта не дуб, а клён насамрэч, — усміхаецца гаспадар. — Я проста шыльдачку павесіў з надпісам "дуб", каб ні ў каго пытанняў лішніх не ўзнікала. Мы, калі сюды пераехалі жыць, спілавалі шмат дрэў, а гэты клён пакінулі. Яму, каб не схлусіць, ужо амаль два стагоддзі. Вось пясочніца ў выглядзе паравозіка для маёй любімай унучкі, — працягвае экскурсію Валерый Іванавіч. — А гэта лісіца і вінаград з байкі Крылова. Лісіца драўляная, а вось вінаград сапраўдны, частуйцеся.
На траўцы ля сцяжынкі заўважыла бляшанага козліка.
— У любым доме павінен быць раганосец, — працягвае жартаваць мой экскурсавод. — А вось гэта месца для гамака і лежакі для маіх дачок і ўнучкі. Калі яны прыязджаюць да нас, то я ўсталёўваю тут яшчэ і басейн. Дык мае дзяўчаты тут і загараюць, і купаюцца. І на мора ехаць не трэба. Чым вам не альтэрнатыва замежнаму адпачынку, тым больш у крызіс.
— Валерый Іванавіч, я заўважыла, што ў вас, куды ні кінь вокам, паўсюль фігуркі катоў. З чым гэта звязана?
— Так, іх больш як два дзясяткі. На плоце, на балконе, на лазні. Проста катоў у доме не люблю, таму раблю іх на вуліцы. Маляваць я не ўмею. Але і з гэтай сітуацыі знайшоў выйсце. Заходжу ў краму дзіцячай кнігі, дзе набываю ўсе віды расфарбовак, якія там ёсць. На пытальныя позіркі адказваю, што ў мяне сем дзяцей (<І>смяецца ). Пасля малюнкі множу, павялічваю і выразаю па трафарэце з бляхі. Размалёўваць дочкі дапамагаюць. Асобныя ідэі самі сабой у галаву прыходзяць, нешта падгледжваю. Што казаць, і з суседзямі нам пашанцавала. Усе як адзін умельцы вялікія. У нас нават спаборніцтва маецца негалоснае: хто што на гэты раз прыдумае.
Пакуль мы з гаспадаром усцяж рабілі агледзіны, з хаты паказалася з піражкамі на падносе гаспадыня Галіна Уладзіміраўна і запрасіла нас на гарбату. Маўляў, на галодны страўнік якая можа быць размова. Мы прайшлі ў драўляную альтанку, зробленую таксама рукамі Валерыя Іванавіча.
— Вой, якая гарбата ў вас смачная, з зёлкамі, — не ўтрымалася я.
— Тут і мацярдушка, і мята, і палын, — пералічвае Галіна Уладзіміраўна. — Балазе, у нас тут, побач з домам, багата зёлак расце.
— Вы і мядку нашага таксама паспытайце, — працягвае талерачку Валерый Іванавіч. — Самы што ні на ёсць натуральны. Я пчалярствам заняўся не так даўно. Маю 6 вулляў, пакуль што толькі ў двух з іх жывуць пчолы. Многія пчаляры, чуў не раз, скардзяцца, што іх хатнія не ядуць мёд. І ўсё з-за таго, што дастаюць яго толькі, калі нехта захварэе альбо па святах. Мёд жа павінен заўсёды стаяць на стале. Так лічыць і наш сусед — пчаляр Мікіціч. Ён, сам бачыў, і цыбулю з мёдам есць, і агуркі. Пацвердзі, Галіна, Мікіцічу ўжо за восемдзесят. А так выдатна выглядае, што ніколі не скажаш.
"Прыязджайце паглядзець на нашу Швейцарыю!"
Валерый Іванавіч з жонкай скончылі Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт. І па волі лёсу прыехалі выкладаць у сельскагаспадарчы тэхнікум (зараз "Навапольскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж") у Новае Поле. Спачатку жылі ў інтэрнаце. З цягам часу атрымалі ўчастак і пабудавалі побач з навучальнай установай вялікі дом.
— Мы вельмі рады, што жывём у Новым Полі, — кажа Галіна Уладзіміраўна. — І ні на што не прамяняем гэтае прыгожае месца, якое да таго ж мае багатую гісторыю. Яшчэ калі мы прыехалі, старажылы распавядалі, што ў ХVІІ стагоддзі ў Новым полі ўладарыў славуты беларускі род Сангушкаў. Аднойчы да Сымона Сангушкі прыехаў у госці кампазітар Міхал Агінскі. Ён захацеў прагуляцца па наваколлі, так бы мовіць, злавіць тэму для музыкі. Пагуляў і кажа: "Прадайце мне Новае Поле, бо тут спяваюць не толькі салаўі, але і кожная травінка, лісточак, галінка, кожная кветачка мелодыю навявае".
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай Новае Поле ўвайшло ў склад Расійскай імперыі. Пачалася падрыхтоўка да нацыянальна-вызваленчага паўстання, на чале якога стаяў Тадэвуш Касцюшка. І Агінскі, каб набыць амуніцыю для паўстанцаў, прадаў Новае Поле шляхціцу Іосіфу Сяляве.
— Менавіта пры Сялявах, сцвярджаюць гісторыкі, тут і быў пабудаваны палац, які сёння носіць імя апошніх уладальнікаў Друцкіх-Любецкіх, — дадае Валерый Іванавіч. — Цудоўны парк, які ў той час ахоўваў палац ад вятроў, добра захаваўся.
Пасля смерці Апалінара — сына Іосіфа Сялявы — Новае Поле перайшло да яго пляменніцы Хрысціны, якая была замужам за князем Іеранімам Друцкім-Любецкім. Новыя ўладальнікі спачатку прыязджалі ў Новае Поле адпачываць улетку, а пасля пераехалі на пастаяннае месца жыхарства. Апошнім уладальнікам маёнтка быў унук Іераніма Друцкага-Любецкага, названы ў гонар дзеда. Ён быў абраны дэпутатам расійскай Дзяржаўнай думы, дзе адстойваў самастойнасць Беларусі. Сам жа з жонкай і дзецьмі жыў у Новым Полі.
— Пасля Рыжскага дагавора тут пралегла мяжа паміж Польшчай і Беларускай Савецкай рэспублікай, — паведаміў яшчэ адзін цікавы гістарычны факт Валерый Іванавіч. — Ракаў увайшоў у склад Польшчы, а Новае Поле — у склад савецкай Беларусі. У палацы Друцкіх-Любецкіх размясціліся памежнікі.
— Адным словам, у нас тут такая прыгажосць! — кажа на развітанне Галіна Уладзіміраўна. — Калі мая маці сюды прыехала ўпершыню, яна ў мяне літаратар, дык была не ў меншым захапленні, як у свой час Агінскі. Прыйшла дадому і кажа: "Галя, дык гэта ж у вас тут сапраўдная Швейцарыя!". Так што запрашайце чытачоў "Звязды" паглядзець на нашу Швейцарыю, на сядзібна-паркавы комплекс ХІХ стагоддзя Друцкіх-Любецкіх, які знаходзіцца ў цэнтры вёскі. А дабрацца да Новага Поля можна на маршрутцы, якая адпраўляецца ад станцыі Паўднёва-Заходняя.
Надзея ДРЫЛА,
Мінскі раён. Фота аўтара.