POSTfactum

Источник материала:  
Урачы выявілі заканамернасць паміж ракам і апушчаным шклом у дзверцы аўтамабіля   Апублікаваная медыкамі справаздача сцвярджае, што рызыка ўзнікнення анкалагічных захворванняў значна вышэй, калі рэгулярна падвяргацца ўздзеянню ультрафіялету, кіруючы аўтамабілем.

Цікавыя звесткі прыводзяцца ў даследаванні, надрукаваным у часопісе Амерыканскай акадэміі дэрматалогіі. Аўтары прааналізавалі статыстыку па анкалагічных захворваннях скуры і атрымалі вось такія даныя.

Сцвярджаецца, што больш за 55 працэнтаў усіх выпадкаў раку скуры перадплечча, 52 працэнты выпадкаў меланомы скуры і 53 працэнты карцыномы з клетак Меркеля фіксуецца на левым баку цела чалавека.

Самі па сабе гэтыя звесткі напрамую цяжка было б звязаць з размяшчэннем руля ў аўтамабілі, але аўтары рызыкнулі зрабіць такую заяву. Тым больш, што ў доказ прыведзены вынікі аналагічнага даследавання ў Аўстраліі, праведзенага яшчэ ў 1986 годзе. Там вынікі былі прама процілеглыя: большая колькасць злаякасных пухлін ўзнікала менавіта на правым баку цела чалавека, а як вядома, рух у Аўстраліі левабаковы і руль у аўтамабілі размешчаны справа.

Аўтары даследавання пакуль абмяжоўваюцца толькі канстатацыяй факту, не заклікаючы да якіх-небудзь рашучых мераў. Яны толькі звяртаюць увагу кіроўцаў, што ўвесь час падвяргаць пэўныя часткі свайго цела ўздзеянню ўльтрафіялету, скажам, у працяглых паездках, — небяспечна.

Як вядома, шкло цалкам блакуе ўльтрафіялет. Зразумела, ніхто не рэкамендуе 365 дзён у годзе ездзіць строга з паднятым шклом, аднак паберагчы сваё здароўе, мабыць, не будзе лішнім у асабліва сонечныя дні. У большай ступені гэта датычыцца вадзіцеляў, якія аддаюць перавагу кіраваць аўтамабілем, трымаючы руку на рулі і адначасова паклаўшы локаць на кромку вадзіцельскай дзверцы, апусціўшы шкло.

Эль-Ніньё прыносіць войны

З'ява Эль-Ніньё ў два разы павышае рызыку грамадзянскіх войнаў і буйных канфліктаў у 90 краінах свету і павялічвае верагоднасць узнікнення прыродных катаклізмаў і распаўсюджвання інфекцыйных хвароб, лічаць амерыканскія вучоныя.

Гісторыкі і кліматолагі ў апошні час усё часцей тлумачаць карэнныя змены ва ўстройстве грамадства уплывам клімату і яго зменамі.

POSTfactumНапрыклад, згодна з работамі еўрапейскіх навукоўцаў, апублікаванымі сёлета ў часопісе Sсіеnсе, адной з прычын падзення Рымскай імперыі была засуха, якая супала па часе з сур'ёзным палітычным крызісам, узмоцнымі набегамі варвараў. Да такой высновы прыйшлі вучоныя, якія аднавілі ваганні тэмпературы і колькасць ападкаў у Еўропе за апошнія 2,5 тысячы гадоў.

Існуе гіпотэза, што халоднае лета, неўраджаі 1601—1602 года ў Расіі ў часы Барыса Гадунова — гэта вынік вывяржэння вулкана Уайнапуціна ў Перу. Тады былі вельмі суровыя зімы і халоднае лета, памерлі некалькі мільёнаў чалавек. "Наступствы вывяржэння (калі гэта былі яны) адбіліся не толькі на Расіі, але і на Еўропе: вельмі суровая зіма была ў Францыі, аднак там наступствы не былі гэтак катастрафічнымі, бо клімат Еўропы ўсё-ткі прыкметна мякчэйшы і цяплейшы, чым у Расіі. Таксама вядомы прыклад 1816 года — гэта "год без лета" ў Еўропе. Яму папярэднічала вывяржэнне вулкана Тамбора ў 1815 годзе ў Інданэзіі", — расказаў "Газете.Ru" доктар геолага-мінералагічных навук Павел Плячоў.

Але першая работа, якая пацвярджае сур'ёзную сувязь стану сучаснага грамадства з глабальным кліматам, з'явілася толькі цяпер. Цэнтральнай тэмай новага нумара часопіса Nаturе стаў артыкул, аўтары якога выявілі сувязь з'явы Эль-Ніньё з грамадзянскімі войнамі. Даследаванне правялі Саламон Сян і Кайл Мен са Школы міжнародных і грамадскіх спраў Калумбійскага ўніверсітэта ў супрацоўніцтве з Маркам Кейнам, які прадстаўляе размешчаную ў тым жа ўніверсітэце Абсерваторыю Зямлі імя Лэмонта-Догерці.

З'ява Эль-Ніньё, якая заключаецца ў ваганнях тэмпературы паверхневага пласта вады ў экватарыяльнай частцы Ціхага акіяна, уплывае на клімат, надвор'е і, магчыма, палітычную абстаноўку ў большай частцы краін Афрыкі, Блізкага Усходу, Індастана, Паўднёва-Усходняй Азіі, Аўстраліі і Амерыкі. Гэтая праца ахоплівае перыяд з 1950 па 2004 год. Вучоныя прыйшлі да высновы, што кожны пяты грамадзянскі канфлікт у гэты час узнікаў пад уздзеяннем Эль-Ніньё. Так, напрыклад, навукоўцы знаходзяць сувязі паміж кліматычным цыклам і напружанай абстаноўкй у Перу ў 1982 годзе ці ў Судане ў 1963, 1976 і 1983 гадах.

Акрамя таго, з кліматычным цыклам можа быць звязана насілле ў Сальвадоры, на Філіпінах і ва Угандзе ў 1972 годзе, у Анголе, Бірме і на Гаіці ў 1991-м, а таксама ў Конга, Эрытрэі, Інданэзіі і Руандзе ў 1997-м.

Навукоўцы прызнаюць, што каля 40 працэнтаў канфліктаў адбыліся б у любым выпадку, але ўплыў Эль-Ніньё, з іх пункту гледжання, значна павысіў верагоднасць імклівага абвастрэння сітуацыі. Навукоўцы таксама адзначаюць, што ўплыву Эль-Ніньё больш схільныя бедныя краіны.

Паколькі развіццё цыклу можа быць прадказана за два гады да яго пачатку, навукоўцы спадзяюцца, што іх адкрыццё дапаможа прадбачыць канфлікты і гуманітарныя крызісы. "Самае галоўнае заключаецца ў тым, што мы ўпершыню вывучылі сучасную сітуацыю і зрабілі гэта ў глабальным маштабе, — заявіў Саламон Сян, адзін з аўтараў даследавання. — Мы можам спекуляваць на тэму таго, што старажытная егіпецкая дынастыя была звергнута ў час засухі. Але гэта канкрэтны час і канкрэтнае месца, якое можа моцна адрознівацца ад сённяшняй сітуацыі, і людзі маглі б сказаць: "ОК, мы застрахаваныя ад гэтага цяпер". Наша даследаванне паказвае сістэматычную сувязь глабальнага клімату і канфліктаў — і паказвае яе прама зараз".

З'явіліся першыя "нігерыйскія лісты" з Лівіі

Антывірусная кампанія "Лабараторыя Касперскага" паведамляе аб з'яўленні ў інтэрнэце лістоў ад імя другой жонкі лівійскага лідара Муамара Кадафі — Сафіі Фаркаш аль-Бараазі.

Лісты рассылаюцца з акаўнта mrs.sаfіаgаdаffі паштовага сэрвісу Gmаіl. Да ліста прымацаваны дакумент Wоrd, у якім карыстальніку ў "найлепшых" традыцыях прапануецца паўдзельнічаць у захоўванні 20 тон золата.

Каб дапамагчы жонцы палкоўніка, які ў апошні час "сутыкаецца з некаторымі праблемамі ў Лівіі", трэба толькі паведаміць свае імя, узрост, адрас, род заняткаў і нумар мабільнага тэлефона. Нагадаем, "нігерыйскія лісты" (спам-паведамленні, якія выманьваюць пад рознымі падставамі грошы ў атрымальнікаў) названы так таму, што распаўсюджванне гэты від махлярства атрымаў менавіта ў гэтай афрыканскай краіне, прычым яшчэ да з'яўлення інтэрнэту — лісты тады рассылаліся па звычайнай пошце.

Падобныя пасланні звычайна адпраўляюцца ад імя былога караля, прынца, прэзідэнта, высокапастаўленага чыноўніка або мільянера з просьбай аб дапамозе ў банкаўскіх аперацыях, звязаных з пераводам грошай з Нігерыі або іншай краіны за мяжу, атрыманнем спадчыны і г.д., якія нібыта абкладаюцца вялізным падаткам ці ў іх уладальніка з'явіліся сур'ёзныя праблемы з уладамі. Адпраўнік звычайна піша, што не можа самастойна па гэтых прычынах перавесці грошы на замежны рахунак, і ахвяры прапаноўваецца выступіць пасрэднікам у абмен за саліднае ўзнагароджанне.

Калі махляр атрымлівае адказ, то ён просіць ахвяру ўнесці нейкі плацёж або спрабуе атрымаць поўны кантроль над яе банкаўскім рахункам. "Нігерыйскія лісты" ўзначальваюць спіс самых папулярных ашуканскіх выкрутаў у Сетцы, складзены экспертамі. Паводле статыстыкі, на "нігерыйскія лісты" адгукаюцца 10 адрасатаў з адной тысячы. Адзін з 20 з іх можа прынесці махлярам рэальны прыбытак. У 2005 годзе складальнікі "нігерыйскіх лістоў" былі ўдастоены "Шнобелеўскай" прэміі, (жартаўлівы аналаг Нобелеўскай прэміі, якая выдаецца за самыя сумнеўныя дасягненні) па літаратуры за "стварэнне мноства выразных і багатых вобразаў у жанры кароткага апавядання".

Сярод сюжэтаў "нігерыйскіх лістоў" трапляюцца цікавыя гісторыі. Напрыклад, некаторыя пасланні расказваюць пра касманаўта з Нігерыі, які нібыта ўдзельнічаў у сумесным палёце на савецкім касмічным караблі і якога "забытыліся" на арбітальнай станцыі. Ахвяры прапаноўвалася фінансава дапамагчы ў вызваленні з арбіты няўдачлівага "касманаўта" ў абмен на частку яго зарплаты, назапашанай на банкаўскім рахунку за дзясяткі гадоў знаходжання ў космасе.

←Внешкольные центры помогут поступить в вуз?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика