Парыж, які ніколі не канчаецца

Источник материала:  

Святлана ЯСКЕВІЧ

Калі вы едзеце ў Парыж на дзень-другі ў чаканні цуду ад знаёмства з горадам Хемінгуэя, мастакоў-імпрэсіяністаў, едзеце, каб адчуць душой гэты асаблівы горад, — вы рызыкуеце сутыкнуцца з вялікім расчараваннем. Упершыню мы адчулі яго тады, калі наш экскурсійны аўтобус уехаў на адну з усходніх ускраін Парыжа. Проста жах ахапіў ад таго, што на вуліцах шмат смецця, вакол кантэйнераў валяюцца горы бруду. А ўздоўж вуліц цягнуцца агароднінна-фруктовыя гандлёвыя рады. Любы наш райцэнтр у сто разоў чысцейшы, а тут быццам нейкі Шанхай даваеннай пары. І справа не ў бяздзейнасці камунальных службаў мегаполіса, а ў дэмаграфічнай сітуацыі Еўропы. Насельнікі гэтых ускраін, гандляры такіх не характэрных для асноўнага горада рынкаў — выхадцы з краін Азіі і Афрыкі. Трэба думаць, нас чакае тое самае, калі дэмаграфічная свядомасць наша не зменіцца... Але гэта так, да слова.

У пошуках Парыжа

На шчасце, гэтыя нягеглыя пейзажы хутка канчаюцца, калі рухаешся далей у глыб горада. Варта дадаць, што і некаторыя турысты паводзяць сябе не лепш за насельнікаў ускраін. На востраве Сітэ, у самым сэрцы Парыжа, давялося назіраць сцэну, якая падалася мне надзвычай шчымлівай і красамоўнай. У гістарычнай частцы горада, ды яшчэ ў выхадны дзень, экскурсійныя групы з усяго свету рухаюцца бясконцым патокам. Вось і мы ў іх шэрагах з вялікай цікавасцю разглядалі прыгожыя гмахі будынкаў, узведзеныя Людовікамі, дзівіліся на масты цераз Сену, пабудаваныя ў розныя эпохі. І на адным з мастоў кідалася ў вочы свежая кучка пакетаў, скамечаных сурвэтак, пластыкавых бутэлек, якую абыякава абміналі турысты. Насустрач ішла пажылая парыжанка з заплечнікам. Спачатку яна таксама прайшла, потым вярнулася, пазбірала пазадкі чужога бескультур'я і кінула ў сметніцу, якіх на вуліцы шмат.

Парыж, які ніколі не канчаецца

Сапраўдныя парыжане любяць свой горад — пра гэта скажам пазней. А пакуль мы, як і ўсе турысты, спяшаліся за адведзены час ахапіць больш вачыма і душой. Пра Парыж столькі напісана, знята стужак, размешчана інфармацыі ў інтэрнэце, што не варта пералічваць яго асноўныя славутасці, тым больш што іх вельмі многа. Вядома, кожнаму, хто трапляе ў гістарычны цэнтр горада, карціць паглядзець на сабор Парыжскай Божай Маці. Была нядзеля, у храме ішла служба, але турысты маглі свабодна прагульвацца пад змрочнымі і велічнымі скляпеннямі Нотр-Дама. Ахвотныя, у тым ліку і мы з сяброўкай, паставілі свечкі ў старажытным саборы. Мне спадабалася сістэма: не трэба стаяць у чарзе і купляць тую свечку. Яны размешчаны на спецыяльным прыстасаванні ледзь не на кожным кроку. Побач стаяць скрынкі, куды трэба кінуць 2 еўра. Калі ў цябе няма грошай, ты можаш запаліць свечку так, ніхто цябе не кантралюе: ты ж у боскім храме, а не ў краме.

Наогул сабор Парыжскай Божай Маці вельмі вялікі, за 10 хвілін яго цяжка абысці па перыметры, калі рухаешся не хуткім крокам, а звяртаеш увагу на асаблівасці архітэктурнага вырашэння, на мастацкія магчымасці старажытных майстроў, апісаныя ў творах Гюго. У Парыжы ўражваюць не столькі самі помнікі архітэктуры, дамы, палацы, колькі магчымасць паглядзець на знаёмыя з літаратуры рэчы. Вось пляц, дзе стаяла гільяціна для Марыі Антуанеты; вось будынкі, узведзеныя кардыналам Рышэлье; далей — самы стары мост горада (ён, як ні дзіўна, называецца Новым), дамы і палацы, звязаныя з імем Напалеона Банапарта, якога парыжане любяць і шануюць. У Парыжы вам абавязкова пакажуць ваеннае вучылішча, якое скончыў будучы імператар. І хоць палітыкам Банапарт быў, як вядома, неадназначным, часам даволі жорсткім, тут найбольш акцэнтуюць увагу на тым добрым, што ён зрабіў для Францыі. Напрыклад, Дзяржаўны Дом інвалідаў, які быў узведзены яшчэ Людовікам ХІV, імператар зрабіў установай сацыяльнага тыпу. Нешта накшталт інтэрната, дзе людзі маглі жыць да канца сваіх дзён, атрымлівалі харчаванне і медыцынскую дапамогу. Правілы ў Доме інвалідаў былі даволі строгія. Так, кожны насельнік за абедам штодня атрымліваў 400 грамаў віна. А хто дазваляў сабе больш, рызыкаваў пазбавіцца месца. У наш час дом належыць міністэрству абароны. Там размяшчаюцца музей і ваенны шпіталь. Кажуць, што ў шпіталі працуюць самыя высакакласныя медыкі французскай сталіцы, а трапіць туды, калі ты не маеш адносін да войска, немагчыма. Але ў апошнім няма вялікай патрэбы. Медыцына Францыі лічыцца адной з лепшых ва ўсім Еўрасаюзе, аб чым красамоўна сведчыць самая высокая працягласць жыцця грамадзян. Што датычыць адукацыі, то і сярэдняя, і вышэйшая адукацыя ў Францыі бясплатныя. Паступіць у Сарбону, напрыклад, маюць шанц нават замежныя абітурыенты і ў выпадку, калі яны пакажуць адпаведны ўзровень на іспытах, то залічваюцца на такіх жа ўмовах, як грамадзяне сваёй краіны.

Парыж, які ніколі не канчаецца

Парыж жа гандлёва-прамыслова-дзелавы, паводле слоў тых, хто бываў у Нью-Ёрку, нагадвае Манхэтэн. Сапраўды, высозныя офісныя гмахі са шкла і бетону падобныя на тое, што даводзілася бачыць па тэлевізары з Амерыкі. У дзелавой частцы — а начаваць нам давялося менавіта там — вельмі прыемная сучасная архітэктура, бездакорная чысціня. І разам з тым, што забудаваны, падаецца, кожны квадратны метр, знайшлося месца для зялёных насаджэнняў. Так, сёння Парыж — сучасны еўрапейскі мегаполіс, які будуецца вельмі прадумана. Падземныя тунэлі, што злучаюць розныя часткі горада, цягнуцца на некалькі кіламетраў і значна разгружаюць наземныя трасы.

І хоць, несумненна, мяне ўразіў Парыж часоў сярэднявечча, цікава было паглядзець на дзелавую частку горада, а з вышыні Эйфелевай вежы Парыж здаецца зусім не падобным да іншых гарадоў. Я ўсё шукала і не знаходзіла свой Парыж, той асаблівы Парыж, сустрэчы з якім я чакала не без уплыву Хемінгуэя ды іншых аўтараў... І нечакана знайшла яго не ў Луўры, не на Елісейскіх палях альбо ў Лацінскім квартале, а на адной з набярэжных Сены, аглядаючы яе са звычайнага турысцкага карабліка, прагулку на якім прапануюць усім ахвотным. Тэмпература ў той дзень дасягала 34 градусаў цяпла. І на той частцы набярэжнай, якая была "апранута" ў камень, магчыма, яшчэ ў пазамінулым стагоддзі адпачывалі гараджане, у большасці моладзь. Па адным, па двое, групкамі людзі бестурботна ўладкоўваліся на беразе Сены: адны сядзелі, другія ляжалі, прымасціўшы пад галаву сумку і паставіўшы побач бутэльку з вадой. Многія шчыра ўсміхаліся і прыветна махалі рукамі ў бок пасажыраў нашага карабліка. І было нешта ўрачыста-святочнае ў гэтых сучасных людзях, што ляжалі ўздоўж сцен, узведзеных Людовікамі, і разам з тым, простае і блізкае. Потым гэтае адчуванне паўтарылася, калі давялося акінуць вокам гараджан, што сядзелі з кубкам кавы, з келіхам віна альбо піва ў вулічных кавярнях на Елісейскіх палях. Найчасцей у Парыжы сядзяць усё ж з кавай. Падалося тады, што найбольшая загадка Парыжа — у яго жыхарах. Мабыць, яны ведаюць нешта такое, што не адразу адкрываецца несвядомаму турысту. Тое, што Хемінгуэй вызначыў выразам: "Парыж ніколі не канчаецца", і далей: "...Мы заўсёды вярталіся туды... Парыж варты таго, і ты заўсёды атрымліваў спаўна за ўсё, што аддаваў яму". І гэта праўда, нават калі на гэтыя ўзнёслыя словы спраецыраваць банальны кошт пуцёўкі, якую трэба купіць, каб паехаць у Еўропу. І калі давялося ўсяго толькі дзень-другі правесці ў гэтым цікавым горадзе, то пакідаеш яго з вялікім жаданнем прыехаць сюды калі-небудзь зноў.

Варшава і Берлін

Да Парыжа я вярнуся яшчэ неаднойчы ў сваіх сціплых нататках, але мушу сказаць колькі слоў пра іншыя гарады, у якіх давялося пабыць падчас шасцідзённага падарожжа па Еўропе. І першай была Варшава, бо яна — адразу за Брэстам. Нейкія 150 кіламетраў — і ты ў сталіцы Польшчы. Хто не быў у той частцы Варшавы, якую палякі называюць "Старэ място", варта пабываць. Як вядома, Варшава была ледзь не ўшчэнт разбурана падчас бамбардзіровак у Вялікую Айчынную. Але мудрыя нашы суседзі не без дапамогі Савецкага Саюза па крупіначках, па цаглінах узнавілі сваю даўніну і цяпер гэтым вельмі ганарацца. Радуюцца самі і прымаюць шматлікіх турыстаў. У Старым горадзе прыемна пахадзіць уздоўж даўніх муроў, адчуць пад нагамі брукаванку, якой больш за стагоддзе. Тут прапануюць выпіць кавы, пакажуць процьму сувеніраў, запросяць на бясплатны арганны канцэрт у касцёле.

А тое, што ты ўжо перасек граніцу Германіі, можна пазнаць па дзясятках, а можа, і сотнях ветракоў. Устаноўкі, што качаюць энергію ветру, стаяць на многія кіламетры ўздоўж аўтабана, які вядзе на Захад. Можа, таму Германія і аб'явіла аб адмове ад атамнай энергетыкі, што так актыўна асвойвае новыя альтэрнатыўныя крыніцы атрымання энергіі. У Германіі наогул усё грунтоўна, акуратна, прадумана. Калі дарога ідзе каля населенага пункта, то яна абнесена высокімі агароджамі, якія забяспечваюць надзейную гукаізаляцыю.

Палі там вельмі дагледжаныя, усё абгароджана. У Еўропе, як і ў нас, у сярэдзіне жніўня былі скошаны збожжавыя, але сцяной стаяла кукуруза. Дзе-нідзе ў цюках ляжала салома, а магутныя трактары аралі зямлю пад будучы ўраджай. У гарадах жыццё ідзе сваёй чаргой. У вочы кідаліся цішыня і спакой. І хоць мы прыехалі ў Берлін у той самы час, калі ўсе СМІ наперабой перадавалі пра масавыя падпалы машын, нідзе не было відно паліцэйскіх, нішто не паказвала на нейкія асаблівыя меры бяспекі. У іх наогул ажыццяўленне бяспекі выглядае сімвалічным.

(Заканчэнне будзе.)

←Внешкольные центры помогут поступить в вуз?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика