Увага, дзеці!
"Паводле апошніх звестак, у ДТЗ у краіне загінулі 23 дзіцяці і 384 атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці. Як паказаў аналіз, у 90% дарожна-транспартных здарэнняў вінаватыя дарослыя. У палове з гэтых выпадкаў пацярпелымі з'яўляюцца дзеці-пасажыры", — праінфармаваў старшы інспектар УДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Станіслаў Салавей.
З 25 жніўня па 10 верасня па ўсёй рэспубліцы Дзяржаўтаінспекцыяй і супрацоўнікамі міліцыі праводзіцца комплекснае мерапрыемства "Увага, дзеці!". Прычына — цяжкая адаптацыя да горада дзяцей, якія вярнуліся з летніх канікул. Менавіта ў гэты час назіраецца павелічэнне ДТЗ з удзелам маленькіх пешаходаў. Падчас мерапрыемства праводзяцца гутаркі супрацоўнікаў міліцыі са школьнікамі, настаўнікамі, студэнтамі. "Наша мэта — каб кожнае дзіця пачула міліцыянера, супрацоўніка ДАІ, каб бацькі і настаўнікі звярнулі ўвагу на гэтую праблему, і ўвогуле ўсе тыя, хто знаходзіцца ў асяроддзі дзяцей", — адзначыў Станіслаў Салавей. Старшы інспектар параіў першыя навучальныя дні правесці дзяцей да школы, акцэнтаваць іх увагу на небяспечныя ўчасткі шляху. У асноўным, гэта пешаходныя пераходы. Абавязкова трэба праверыць наяўнасць флікераў.
Акрамя таго, старшы інспектар па асабістых даручэннях УДАІ Міністэрства ўнутраных спраў Андрэй Іваноў паведаміў, што 30 жніўня ў Бараўлянах каля дзіцячай клінічнай бальніцы быў устаноўлены святлодыёдны дарожны знак з падсвятленнем пешаходнага перахода. "Ён абсалютна аўтаномны, не патрабуе ніякіх выдаткаў і дадатковага абслугоўвання", — адзначыў старшы інспектар. Месца для ўстаноўкі знака было выбрана з меркаванняў бяспекі дзяцей і мам з дзецьмі, якія наведваюць бальніцу. Сродкі на такі знак выдзеліў Глабальны эканамічны фонд, з якім упраўленне ДАІ супрацоўнічае два гады. Кошт такога дарожнага знака ў сярэднім складае каля 30 млн рублёў. "Ёсць дамоўленасць, што мы і далей папрацуем на гэтую тэму. Фонд гатовы вылучыць пэўныя сродкі на гэтыя экалагічныя праблемы", — паведаміў Іваноў.
Плануецца, што такі знак у хуткім часе з'явіцца на трасе Мінск—Гомель і будзе ўстаноўлены за бюджэтны кошт.
Па словах намесніка дырэктара РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Леаніда Ломаця, у год у краіне рэгіструецца прыкладна 750 тысяч траўмаў, каля 20% — сярод дзяцей. "Адсоткаў 10 складаюць дарожныя траўмы, — адзначыў спецыяліст, — гэта даволі значная частка. Калі казаць пра дынаміку траўматызму ў краіне, то апошнія дзесяць год яго ўзровень застаецца даволі высокім. Толькі ў апошнія тры гады трохі стабілізаваўся траўматызм сярод дзяцей".
Леанід Ломаць звярнуў увагу на тое, што вялікай праблемай застаецца аказанне першай дапамогі. Так, у выпадку ДТЗ першую дапамогу звычайна аказваюць кіроўцы, пасажыры, супрацоўнікі ДАІ. Менавіта для такіх людзей, "якія па абавязку службы першымі трапляюць на месца ДТЗ", дзейнічаюць спецыялізаваныя курсы па аказанні экстраннай дапамогі. Паводле статыстычных звестак, прыпыненне крывацёкаў у першыя хвіліны зніжае рызыку смерці на 30%, а своечасовая імабілізацыя пры пераломах канечнасцяў на 70% змяншае развіццё траўматычнага шоку.
Крысціна ШАЛАМІЦКАЯ.