Гняздуйся, пустальга!
Амаль пяць гадоў таму быў выраблены гэты плакат-аншлаг з выявай птушкі і назвай заказніка, і ў мінулую суботу падчас прыезду валанцёраў на прыборку тэрыторыі быў нарэшце ўсталяваны.
— Для многіх жыхароў нашага пасёлка гэта вельмі значная падзея, бо яны таксама дапамагалі берагчы і ахоўваць унікальны куток, — кажа спецыяліст па экалагічнай адукацыі грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Руслан Шайкін. — Для многіх будзе нечаканасцю ўбачыць і прачытаць гэтую інфармацыю, бо цяпер тут нельга, як раней, разводзіць агонь, кідаць смецце, шумець. Многія ж прывыклі жыць менавіта так.
Другі год запар на тэрыторыі сокала-пустальгі (а гэта менавіта птушыная тэрыторыя) адбываюцца акцыі па зборы смецця. У акцыі ёсць і свая назва — "Узляці высока!" Распачалі яе арганізатары вядомых прафесійных конкурсаў "Брэнд года". Маладыя людзі збіралі смецце, якое накоплівалася тут гадамі ці засталося пасля нядаўніх нядбалых адпачывальнікаў. Да валанцёраў далучыліся ахвочыя з фабрыкі "Мілавіца", Міжнароднага рэзервовага банка, кансалтынгавая кампанія САЦІА, іншых сталічных кампаній. Вядома, не засталіся ў баку мясцовыя школьнікі. А вядомы "Пінскдрэў" не толькі даслаў сваіх прадстаўнікоў, але і выдаткаваў матэрыял для вырабу скрынь для штучных гнёздаў.
— Цяпер гэта не проста тэрыторыя, важная для птушак, а тэрыторыя, якая ахоўваецца дзяржавай, — кажа былы школьны настаўнік-біёлаг з Мачулішчаў і колішні кіраўнік клуба "Біяразнастайнасць" Руслан Шайкін.— Ахоўваць "Сакаліны" зусім не цяжка, бо гэта адзін з самых маленькіх па тэрыторыі ў нашай краіне заказнікаў, ён усяго дваццаць з невялікім гектараў.
Анатоль Кляшчук. Фота аўтара.
Мінскі раён.