Дзелавы форум для прафесіяналаў ад будоўлі
Будаваць кватэру або дом ці не? Для чалавека, які мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пры больш-менш спрыяльных умовах адказ на гэтае пытанне, відавочна, адзін: так. У час складаны на гэтае рашэнне можа паўплываць шэраг фактараў, найперш тут ужо шмат залежыць або ад уласнай кішэні прыватнай асобы, або ад падтрымкі яе дзяржавай. І калі застацца без уласнага куточка на нейкі час для асобна ўзятай сям'і крыўдна і непрыемна, усё ж гэта прыватны выпадак. Аднак такіх сем'яў шмат, таму для краіны клопат аб узвядзенні не толькі жылля, але і іншых сацыяльна значных аб'ектаў — задача дзяржаўная. Паспяхова вырашаць яе прадстаўнікам галіны дапамагае, у прыватнасці, міжнародная спецыялізаваная выстава "Будпрагрэс", якая ладзіцца раз на год пры нязменнай падтрымцы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. З 6 па 9 верасня ў выставачным комплексе па сталічным праспекце Пераможцаў, 20/2 гэты форум сёлета ў 19-ы раз сустракае наведнікаў.
...Прызнаюся шчыра, калі яшчэ да афіцыйнага адкрыцця форуму набліжаўся да выставачнага комплексу, баяўся расчаравацца: раптам з-за цяперашніх не вельмі спрыяльных умоў колькасць удзельнікаў выставы зменшыцца? Не будзе на што паглядзець, пра што напісаць? Аднак ужо здалёк адкрытая пляцоўка перад уваходам, цалкам застаўленая будаўнічай тэхнікай, засведчыла, што асцярогі дарэмныя. Унутры павільёна таксама віравала жыццё: ішла рэгістрацыя ўдзельнікаў, заканчваўся мантаж экспазіцый. Забягаючы наперад, трэба сказаць, што ў форуме сёлета узялі ўдзел дзясяткі айчынных прадпрыемстваў розных формаў уласнасці і падпарадкаванасці, а таксама замежныя фірмы і арганізацыі з Польшчы, Турцыі, Літвы, Германіі, Расіі. Усе яны дэманстравалі апошнія навінкі сваёй прадукцыі, прызначанай для будаўнічага рынку...
Як адзначаў раней міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Нічкасаў, нарошчванне патэнцыялу будаўнічай галіны, выпуск новай прадукцыі і засваенне новых тэхналогій, забеспячэнне высокага ўзроўню якасці будаўніцтва і вытворчасці будаўнічых матэрыялаў — задачы, якім у краіне надаецца традыцыйна пільная ўвага на дзяржаўным узроўні. За мінулы год у Беларусі было здадзена ў эксплуатацыю шэсць мільёнаў семсот тысяч квадратных метраў жылля, сотні сацыяльна значных аб'ектаў аховы здароўя і адукацыі, культуры і спорту. Былі ўведзеныя у строй новыя энергазберагальныя вытворчасці па выпуску прадукцыі высокай якасці, арыентаванай на экспарт, у тым ліку будаўнічай вапны, паліраванага шкла, парызаваных блокаў, ліцавой цэглы шырокай колеравай гамы. У некалькі разоў павялічыўся экспарт будаўнічых і праектных паслуг: айчынныя спецыялісты паспяхова засвойваюць будаўнічыя пляцоўкі Расіі, Азербайджана, Туркменістана і іншых краін. Усё ў большых аб'ёмах на рынкі суседніх краін пастаўляюцца айчынныя будаўнічыя матэрыялы. Прыярытэтам на бліжэйшую перспектыву для галіны з'яўляюцца якасць будаўніцтва і стрымліванне цэн на жыллё, што ўзводзіцца; прыцягненне інвестыцый і рэалізацыя буйных інвестыцыйных праектаў, імпартазамяшчэнне і энергазберажэнне, экспарт прадукцыі і паслуг, інавацыі ў будаўнічай вытворчасці, рэалізацыя асноўных напрамкаў дзяржаўнай горадабудаўнічай палітыкі.
...Спецыялізаваная міжнародная выстава "Будпрагрэс" разлічана найперш не на шэраговага спажыўца, а на прафесіяналаў. Таму ніводны такі форум не абыходзіцца без насычанай дзелавой праграмы. Не стане выключэннем і цяперашняя выстава: падчас яе правядзення запланаваныя прэзентацыі асобных фірмаў, канферэнцыі, семінары, на якіх будуць абмяркоўвацца актуальныя праблемы будаўнічага комплексу.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.