Дзіцячая каляска да Абу-Дабі давязе!
Сямейства пячорных людзей, экзатычныя матылькі, прататып унікальнага савецкага танка МС-1, паланкін імператара Краіны ўзыходзячага сонца і, нарэшце, сапраўдная пірацкая шхуна — пад камандаваннем адважнага капітана, якому няма яшчэ і года... У такой развясёлай кампаніі ў мінулую нядзелю ў адным з дзіцячых забаўляльных комплексаў сталіцы адбыўся фінал Першага ўсебеларускага фестывалю дзіцячых калясак.
Падобнае мерапрыемства ўжо праходзіла ў нашых суседзяў — у Расіі і ва Украіне. Незвычайныя парады дзіцячых калясак сёлета адбыліся, напрыклад, у Валгаградзе, Омску, Смаленску, Харкаве, Сімферопалі, Кіеве, Днепрапятроўску, Данецку. Нарэшце, чарга дайшла і да беларусаў. "Мы падумалі: няўжо беларускія бацькі менш крэатыўныя? — узгадвае кіраўнік еvеnt-праектаў Беларускага партала TUT.BY Таццяна Калюжная. — І хоць зразумела, што сям'і з маленькім дзіцем вельмі цяжка знайсці вольны час, але мы спадзяваліся, што творчая жылка пераможа. Так яно і адбылося: многія бацькі ў лістах расказвалі, што працавалі па начах, калі маленькія памочнікі засыналі".
17 беларускіх сем'яў вырашылі паспрабаваць сілы ў гэтым незвычайным фэсце, прычым сціплая колькасць удзельнікаў цалкам кампенсавалася геаграфіяй — Мінск, Браслаў, Міёры, Віцебск, Полацк, Баранавічы — а галоўнае, багаццем ідэй і арыгінальнасцю іх увасаблення. Усяго за некалькі тыдняў (з 1 па 25 жніўня) канкурсанты прыдумалі вобраз як непасрэдна для калясак і іх маленькіх "пасажыраў", так і для ўсёй сям'і, запісалі адпаведную легенду і даслалі ў аргкамітэт фота-заяўку на ўдзел. На працягу тыдня інтэрнэт-карыстальнікі галасавалі за найбольш упадабаных удзельнікаў, а ўжо 4 верасня адбылося падвядзенне вынікаў і раздача сланоў ды іншых мяккіх цацак, а таксама больш важкіх прызоў пераможцам.
Уладальніка Гран-пры, як прызналася старшыня журы дызайнер Наташа Поткіна, выбіралі "з цяжкасцямі і баталіямі", з мінімальнай перавагай галасоў: "Проста ўсе ўдзельнікі вельмі яркія і розныя, з непаўторнымі вобразамі, і для мяне 17 сем'яў — гэта было не ўсяго толькі, а вялізная колькасць! Як дызайнер, асабіста я ацэньвала ў першую чаргу арыгінальнасць ідэі і яе ажыццяўленне, а як маці дваіх дзяцей, улічвала функцыянальнасць, каб дзіця ўнутры "мадэрнізаванай" каляскі адчувала сябе бяспечна і камфортна. І безумоўна, пасля знаёмства з конкурснымі работамі ў мяне самой з'явілася некалькі новых ідэй. Паколькі я таксама ўваходжу ў журы фестывалю авангарднай моды "Мамант", то, магчыма, бацькам-пераможцам наступнага фестывалю дзіцячых калясак я прапаную паўдзельнічаць у "Маманце" з тым, каб іх крэатыў развіваўся далей".
...Пакуль журы рыхтавалася абвясціць і ўзнагародзіць пераможцаў, усхваляваныя ўдзельнікі выстраілі ў холе забаўляльнага цэнтра ўсе транспартныя сродкі, пазіруючы ля сваіх калясак і разглядаючы канкурэнтаў. І калі бацькі 10-месячнага Сцяпана, капітана пірацкай шхуны "Чарцянё", ужо ведалі, што менавіта ім па выніках галасавання дастаўся прыз глядацкіх сімпатый, то для астатніх сем'яў інтрыга яшчэ захоўвалася. Хіба толькі наймаладзейшых з удзельнікаў хвалявалі не будучыя ўзнагароды, а простыя жыццёвыя патрэбы — камусьці хацелася піць, хтосьці засынаў на руках у маці; "тыграня", 1,2-гадовы Міша Кузняцоў намагаўся сцягнуць свой спякотны касцюмчык, а "японскі імператар", 9-месячны Глеб Мазок, у якога рэзаліся зубкі, ніяк не згаджаўся пасядзець адзін унутры сваёй каляскі-паланкіна... Толькі хуткасная цырымонія ўзнагароджання і атрыманне ад арганізатараў вясёлых яркіх шарыкаў ды цацак крыху прымірыла немаўлят з парушэннем звыклага для кожнага графіку. Прызы і падарункі, дарэчы, былі ўручаны абсалютна ўсім удзельнікам. А фантазія і ўмелыя рукі Валерыя і Таццяны Мазок, якія абралі для сваёй сям'і вобраз японскага імператара з набліжанымі, прынеслі гэтай сям'і Гран-пры — паездку на траіх у Абу-Дабі і тытул лепшай каляскі! "Мы ніколі не былі ў Японіі, а ідэя прыйшла проста таму, што ў таты і абодвух малых, дачушкі Карыны і маленькага Глеба, адметныя раскосыя вочы, — расказала "Звяздзе" шчаслівая мама Таня. — У працэсе работы так захапіліся вобразамі, што і самім стала цікава паглядзець на вынік. Але перамагчы — мы аб гэтым нават не марылі: вельмі ўжо моцныя ўсе ўдзельнікі. І тым не менш, перамога гэтая вельмі прыемная, асабліва таму, што 4 верасня — дзень нараджэння нашай сям'і!".
Сем'ям — удзельнікам Першага ў Беларусі фестывалю калясак — на памяць засталіся карысныя і прыемныя падарункі, а таксама яскравыя ўражанні. Усім астатнім, хто не паспеў паўдзельнічаць або ўвогуле нічога не ведаў пра фэст, арганізатары папрасілі перадаць, што фестываль мае стаць традыцыйным. Налета, як плануецца, ён будзе прымеркаваны да Дня абароны дзяцей і пройдзе ў сталіцы на адкрытай пляцоўцы — напрыклад, у дзіцячым парку імя Горкага.
Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Фота аўтара і з сайта арганізатараў Роvоd.tut.bу