Што наша жыццё? Тэатр лялек!

Источник материала:  

Гуляць у лялькі не сорамна ў любым узросце. Калі гэта сапраўдныя абрадавыя лялькі, як у аграгарадку Кароўчына Дрыбінскага раёна. Там ведаюць, як робяцца лялькі ад бяссонніцы і лялькі для шчасця.

Антыкрызісны абярэг

Пачнём з галоўнага: абрадавая лялька Зернавушка можа выконваць важную цяпер антыкрызісную ролю. Робіцца яна проста: невялікі палатняны мяшэчак напаўняецца адборным збожжам новага ўраджаю — гэта будзе цела лялькі. Потым яно апранаецца, прывязваюцца рукі і галава з хусткай.

Зернавушка стаіць у хаце перад абразамі як сімвала сямейнага дабрабыту і сытасці. Штогод ляльку трэба абнаўляць: увесну высыпаць збожжа ў поле, а ўвосень напаўняць новым. Сяляне са старадаўніх часоў верылі, што такая прыгожая лялька дапамагае стаць заможнымі. Можа, і нам паспрабаваць?

Што наша жыццё? Тэатр лялек!

— Са старажытнасці галоўнай цацкай чалавека была лялька: нашы продкі надавалі ёй вялікае значэнне, — расказвае пра абрадавыя лялькі дырэктар Кароўчынскага Дома рамёстваў Ларыса Заклікоўская. — Лялька абавязкова рабілася сваімі рукамі, і ёй надаваліся магічныя ўласцівасці. Гэта пайшло яшчэ ад паганства, але традыцыі засталіся, і бабулі ў нашых вёсках яшчэ памятаюць, як іх рабілі бацькі. Лялька была памочніцай у доме, яна дапамагала, засцерагала ад хвароб, дапамагала вырашыць нейкія складаныя праблемы, абараняла і берагла чалавека. І таму такіх лялек называюць берагінямі альбо абярэгамі.

Рукі ў дапамогу

Ларыса Заклікоўская адразу паказвае ляльку, якая робіцца для гаспадыняў. Яе называюць Дзесяціручкай. Гэтая лялька зусім не падобная на шматрукага грознага індыйскага бога Шыву, яна — ваша добрая памочніца ў доме. Гэта, пагадзіцеся, актуальна для жанчын ва ўсе часы — ад старажытнасці да нашых дзён. Нягледзячы на сучасную бытавую тэхніку і роўнасць з мужчынамі, і цяпер часам адчуваецца востры недахоп некалькіх дадатковых пар рук, ці не так?

— Яе рабілі на Пакроў, калі ўсе работы ў полі скончаны і жанчыны могуць спакойна заняцца рукадзеллем. Дзесяціручку ставілі на самае ганаровае месца ў жаночым пакоі, каб дапамагала ўсё паспяваць рабіць.

Каб лялька сапраўды была дзейснай, ёсць некалькі важных правілаў. Напрыклад, нажніцамі і іголкамі карыстацца нельга. Аснова — скрутак з бяросты. Толькі ніткі, якія вяжуцца вузламі, і кавалкі тканін, якія рвуцца рукамі.

І галоўнае, выкарыстоўваюцца толькі старыя тканіны. Найлепш — з адзення, якое знасілі. Гэта не толькі таму, што ў старыя часы добрая тканіна была каштоўным вынікам цяжкай і працяглай сялянскай працы і ў ляльцы атрымлівала працяг жыцця.

— На адзенні ёсць энергетычны адбітак чалавека, які яе насіў, — тлумачыць Ларыса. — Калі маці насіла хустку і з гэтай тканіны робіць для дзіцяці ляльку, то яна перадае з ёй кавалак сябе, сваіх душы і сэрца. Сваю любоў, якая абароніць. Мы — сучасныя людзі, але мы добра ведаем, што нашы продкі мелі рацыю, і сапраўды кожная рэч мае сваю энергетыку.

Дзявочыя гульні

У Доме рамёстваў у Кароўчыне лялькамі захапіліся ўсе, ад прыбіральшчыцы да самых юных вучаніц.

— Навучыцца зусім не складана, — запэўніваюць 12-гадовыя Наташа Маісеева і Карына Волкава, якія на вачах гасцей за паўгадзіны зрабілі па ляльцы.

Наташа робіць Стаўбушку, папулярную ляльку ва ўсіх дзяўчынак. Кажуць, юныя мясцовыя прыгажуні спалучылі ў ёй старадаўнія славянскія і сучасныя заходнія традыцыі. Напярэдадні навамоднага Дня ўсіх закаханых яны робяць лялькі на аснове бяросты (бяроза сімвалізуе жаночы пачатак).

— На бяросце трэба напісаць імя хлопца, які цікавіць: ну нібыта для таго, каб прываражыць, — тлумачыць дзяўчынка стратэгію. — А вось ці дзейнічае гэта ўсур'ёз, я і не ведаю. Мне проста прыемна і цікава рабіць прыгожыя рэчы сваімі рукамі. Для дома на багацце я зрабіла Зернавушку.

— А я раблю ляльку для малых дзетак, — паказвае Карына. — Яшчэ перад нараджэннем такую мяккую ляльку клалі ў падрыхтаваную загадзя калыску, каб яна сагравалася. Потым малыя, калі падрастаюць, з ёй гуляюць. Я лічу, каб зрабіць добрую ляльку, патрэбна добрае жаданне. І я веру, што яны — сапраўды абярэгі.

Энергія дабрыні

Яркія лялькі адразу прыцягваюць погляды і выклікаюць захапленне. Першая думка: навошта такія грошы мы выдаткоўваем на кітайскую пластмасу для сваіх дзяцей і ўнукаў, калі ёсць сваё і вельмі добрае?

У кожнай ляльцы, калі патрымаць яе у руках, адчуваецца моцная энергетыка. Безумоўна, энергетыка станоўчая, бо ў Кароўчыне дзеці і дарослыя ў Доме рамёстваў добра ведаюць, што ляльку трэба рабіць з добрым настроем і прыемнымі думкамі.

Але цяпер, пасля знаёмства з добрымі славянскімі лялькамі, больш разумееш сэнс фільмаў жахаў з усялякімі лялькамі-вуду і чорнай магіяй. Калі раней гэта здавалася нейкай дзіцячай лухтой, то цяпер ёсць нагода задумацца — лялька, напэўна, сапраўды можа быць злой.

— Заўважце, што ўсе лялькі без твараў, — звяртае ўвагу старэйшая майстрыца. — Нашы продкі верылі, што як толькі з'яўляюцца вочы на твары лялькі, то ў ёй пасяляецца душа. А гэта небяспечна: душа можа аказацца злой і не дапамагчы, а, наадварот, нашкодзіць чалавеку і тым больш дзіцяці.

Напрыклад, Пелянашка — гэта прыгожая лялечка, спавітае ў хустачцы немаўля. Маленькая лялька выглядае вельмі кранальнай, але ролю выконвае важную, абарончую. Аказваецца, славяне ў старажытнасці лічылі, што злыя духі імкнуцца ўсяляк нашкодзіць безабаронным людзям. Каб збіць іх са следу, такую ляльку падкладалі да немаўляці ў калыску: да абраду хрышчэння менавіта лялька прымала на сябе ўсе напасці, якія пагражаюць нованароджанаму чалавечку. Потым Пелянашку захоўвалі ў хаце разам з хрысцільнай кашулькай як сродак абароны супраць сурокаў.

Шчасце ў дзецях

Ларыса Заклікоўская і сельскі Дом рамёстваў, які яна ўзначальвае, вядомыя ў Магілёўскай вобласці сваімі добрымі праектамі. "Звязда" расказвала, як у Кароўчыне плятуць лапці. Вось цяпер захапіліся абрадавымі лялькамі.

Між тым, сама Ларыса родам з Сібіры, у Беларусь паехала калісьці за мужам.

— Я лічу, што інтарэс да сялянскіх старажытных традыцый у мяне ад продкаў, — расказала жанчына. — У маёй прабабулі Сашы было 22 дзіцяці, і апошнюю двойню яна нарадзіла ў 58 гадоў, а пражыла 103 гады! Яна была дачкой беднага святара, а пайшла замуж у заможную і вялікую сялянскую сям'ю. Расказвалі, што толькі дарослых людзей садзілася за сямейны стол ажно 28 чалавек, а яшчэ ж ва ўсіх было шмат дзяцей. Потым іх раскулачылі...

— Бабуля пяцярых дзяцей нарадзіла ў полі, — працягвае Ларыса цікавыя ўспаміны пра сваякоў. — У часе жніва пачыналіся схваткі: дзед сам прымаў роды, маці адпачывала некалькі гадзін, потым вешала на бярозу дзіця ў сваёй кашулі і... ішла далей жаць хлеб. Самі разумееце, з такім жыццём і працай без Дзесяціручкі ніяк не абыдзешся!

Сама Заклікоўская таксама зрабіла для свайго дома абрадавую ляльку, якая з'яўляецца сімвалам жаночай прыгажосці і пладавітасці. Вельмі прыгожая лялька, з траімі дзеткамі. Адразу жартуем: каб адразу атрымаць ільготы для шматдзетных.

— Дзеці — асноўнае багацце заўсёды, таму што ў сялянскай сям'і гэта новыя працаўнікі, — усміхаецца Ларыса. — Такая лялька абараняе ад бяды, прыносіць шчасце ў дом, дапамагае захаваць дабрабыт. Ці атрымліваецца? Так, вядома: жывём, працуем. Спадзяюся, што лялька дапаможа.

Вечныя лялькі

Ёсць шмат відаў абрадавых лялек: прастора для творчасці шырокая. Так, любую маці ўразіць лялька Бяссонніца: у яе руках — клункі, але не простыя — з сухімі зёлкамі. Напрыклад, з мятай альбо мелісай, якія супакойваюць. Калі немаўля дрэнна спіць, то яму кладуць такую ляльку ў ложак. Што ж, нашы продкі былі разумныя людзі, варта і нам карыстацца іх вопытам.

А вось пышнагрудая лялька Капустка. Назва паходзіць, верагодна, ад вялікай колькасці яркіх спадніц: дарэчы, модны шматслойны выгляд, з пункту гледжання сучаснай жанчыны. Аказваецца, такую ляльку давалі ў рукі юнаку, калі вырашалася, ці надышоў час яму жаніцца. Ад таго, як ён будзе яе разглядаць і чым, прабачце, цікавіцца, і рабіліся пэўныя высновы.

А вось вясельныя лялькі: дзве ў адной, звязаныя разам адной вялікай рукой. Такую ляльку рабіла сяброўка нявесты, абавязкова з добрым настроем, у цішы, і кожны вузельчык на такой ляльцы суправаджаўся пажаданнем — шчасця, удачы, багацця, каб лёс склаўся добра і шмат дзяцей было ў хаце.

Такую вясельную ляльку вешалі на падводу, калі везлі маладых з царквы ў хату — каб ніхто не пазайздросціў і не сурочыў, а потым яна захоўвалася дома як абярэг. Гэта ў нас падказка для маладых, якія цяпер актыўна адраджаюць старыя шлюбныя традыцыі і прыдумваюць новыя, каб уразіць гасцей на вяселлі. Вясельная абрадавая лялька якраз будзе тут дарэчы!

А вось ці сапраўды лялька прынясе тое самае жаданае шчасце і абарону, гэта спрэчнае пытанне. Залежыць ад таго, у што вы верыце.

— Абрадавая лялька нібыта гаворыць нам, што мінаюць стагоддзі і мяняюцца часіны, а яна заўсёды застаецца маладой, — гаворыць Ларыса Заклікоўская. — Яе проста апранаюць у новае адзенне, надаюць пэўную сучаснасць, але сэнс застаецца ранейшым: зрабіць з любоўю, каб радаваліся вочы і верылася ў лепшае.

Ілона Іванова. Фота аўтара.

Дрыбінскі раён.  

←Аврил Лавин привезла в Москву нового бойфренда

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика