Медыкі аб'явілі вайну самалячэнню. Толькі пацыентам аб гэтым паведаміць забыліся...
Інфармацыя аб тым, што Міністэрства аховы здароўя ўвяло больш жорсткі парадак безрэцэптурнага водпуску лекаў, стаў для многіх беларусаў непрыемнай нечаканасцю. Прычым непрыемны "сюрпрыз" чакаў усіх у аптэцы, калі на звычайную просьбу прадаць ім сродак ад павышанага ціску ці што-небудзь сардэчнае людзі чулі ў адказ ад фармацэўтаў: "А рэцэпт у вас ёсць? Прабачце, у такім выпадку нічым дапамагчы вам не можам..."
Мне таксама давялося наведаць у мінулыя выхадныя аптэку ў невялічкім пасёлку пад Мінскам. І на маю просьбу прадаць мне эналапрыл і німесулід аптэкарка пацікавіліся: "А рэцэпта ў вас, вядома ж, няма?! "Вядома, няма", — шчыра адказала я. Цяжка ўздыхнуўшы, работніца аптэкі мне ўсё ж такі лекі прадала, патлумачыўшы, што ў пасёлку ўсе больш-менш адзін аднаго ведаюць, а таму значна меншая пагроза "нарвацца" на каго-небудзь з кантралёраў. А вось у сталіцы ніхто не рызыкне адпусціць лякарства без рэцэпта ўрача пад страхам застацца ўвогуле без працы. Маё пытанне, з чым гэта звязана (было нейкае дадатковае распараджэнне Міністэрства аховы здароўя, рэкамендацыя, загад ці нейкая папера) адказу я не атрымала. Цікавілася я таксама і ў мінскіх аптэках, чым выклікана строгае выкананне пераліку рэцэптурнага водпуску лекаў. Пералік гэты існаваў заўсёды, аднак у аптэках, як правіла, усе заплюшчвалі на яго вочы. У тым ліку і ў аптэках дзяржаўнай формы ўласнасці, а ў камерцыйных аптэках і ўвогуле праігнараваць гэты пералік цяжкасці не ўяўляла. Калі сёлета ў маі мне давялося ўпершыню за многія гады звярнуцца ў аптэку па антыбіётык, асабіста я не верыла, што мне яго прададуць без рэцэпта. Пайшла, так бы мовіць, наўдачу, але мне яго не толькі прадалі, а і выклалі на аптэчны прылавак багаты асартымент розных вытворцаў: маўляў, вам больш танны айчынны прэпарат ці замежны, але больш дарагі? Аднак і ў мінскіх аптэках мне не змаглі даць вычарпальны адказ, чаму менавіта цяпер міністэрства вырашыла навесці парадак з рэцэптурным водпускам лекаў, бо апошняя рэдакцыя безрэцэптурнага пераліку лекаў зацвярджалася яшчэ ў 2010 годзе. Затое работнікі аптэк па сакрэце расказвалі, што спачуваюць усім сваім наведвальнікам. Бо як можна патлумачыць чалавеку, у якога астма ці проста рэзка скокнуў артэрыяльны ціск, што яму трэба тэрмінова бегчы ў паліклініку? Слова "тэрмінова", як вядома, не мае ніякага дачынення да нашых паліклінік, дзе трэба прыкласці шмат намаганняў, каб узяць да ўрача талон, бо без папярэдняга запісу можна ўвесь прыёмны час прасядзець каля дзвярэй кабінета, але так і не трапіць на прыём.
А як цяжка бывае адмовіць пажылому чалавеку! Сярод фармацэўтычных работнікаў распаўсюджваюцца жахлівыя гісторыі пра тое, што ў чарзе можа аказацца хто-небудзь з фармацэўтычнай інспекцыі ці іншага кантралюючага органа. Наведвальнік можа біцца ў істэрыцы, а калі яму ўсё ж такі прадасі без рэцэпта прэпарат, той дастае сваё службовае пасведчанне. Маўляў, парушаеце правілы... Між іншым, за водпуск рэцэптурнага прэпарата без рэцэпта ўрача прадугледжаны строгія санкцыі — аж да пазбаўлення ліцэнзіі на фармацэўтычную дзейнасць.
І ўсё ж такі асабіста ў мяне пытанні да галоўнага медыцынскага ведамства засталіся. Галоўнае з іх, чаму ніхто з прадстаўнікоў Міністэрства аховы здароўя не палічыў патрэбным растлумачыць насельніцтву сэнс такіх непапулярных мер? Асабліва з улікам таго, што беларусы і так па колькасці наведванняў паліклінік на аднаго чалавека ў год уваходзяць у сусветныя лідары... Няма ніякіх афіцыйных тлумачэнняў і на сайце галоўнага медыцынскага ведамства. Афіцыйны каментарый у Міністэрстве аховы здароўя журналістам таксама атрымаць немагчыма... А неафіцыйна строгі водпуск рэцэптурных прэпаратаў тлумачаць барацьбой з самалячэннем. Маўляў, дзякуючы шматлікім публікацыям і перадачам па радыё і тэлебачанні, рэкламе і інтэрнэту самалячэнне пераўтварылася для беларусаў у сапраўдную пагрозу. Беларусы самі прызвычаіліся ставіць сабе дыягназ і прызначаць лячэнне, пры гэтым аптэчным работнікам адводзіцца ганаровая роля дарадцаў пры выбары лекаў. Тыя параяць, што прымаць, і падбяруць лякарства ў патрэбным цэнавым дыяпазоне. Арсенал лекавых сродкаў, якія падыходзяць для прафілактыкі і самалячэння з высокім профілем бяспекі, пастаянна расце (менавіта таму спіс безрэцэптурных лекаў пастаянна пераглядаецца). Але ўсё роўна забеспячэнне лекамі і безрэцэптурны водпуск іх павінны знаходзіцца пад пастаянным кантролем дзяржавы — так, як гэта адбываецца ва ўсім свеце. Бо няправільнае выкарыстанне лекавых сродкаў і іх узаемадзеянне з іншымі прэпаратамі можа прывесці да сур'ёзных наступстваў для здароўя чалавека ці стаць прычынай несвоечасовага звароту па кваліфікаваную дапамогу. Адным з вынікаў самалячэння можа стаць сціранне клінічнай карціны захворвання, што, у сваю чаргу, цягне праблемы з правільнай дыягностыкай і падборам эфектыўных прэпаратаў для лячэння. Для прыкладу, у Вялікабрытаніі існуе вельмі сціплы пералік лекаў, якія можна купіць без рэцэпта, прычым іх доля не перавышае 20 працэнтаў ад агульнага абароту лекаў: пераважна гэта болесуцяшальныя сродкі, сродкі ад кашлю, ад алергіі, процізачаткавыя сродкі і антысептыкі. Той жа дыклафенак, які ў Беларусі і Расіі з'яўляецца безрэцэптурным сродкам, у Германіі, Нідэрландах, Швецыі і Вялікабрытаніі аднесены да рэцэптурных. Дарэчы, ад прымянення карвалолу, які пакуль што адпускаецца без рэцэпта ў беларускіх аптэках, у Заходняй Еўропе ўвогуле адмовіліся з-за таго, што ў яго склад уваходзіць барбітурат.
Цяпер і беларусам давядзецца забыць пра свабоднае набыццё вельмі многіх лекаў. Без рэцэпта з прэпаратаў, якія зніжаюць артэрыяльны ціск, у аптэках можна будзе набыць толькі раўнацін. З сардэчных сродкаў — валідол, настойку глогу, кардамед і сардэчныя каплі. Антыбіётыкі ж будуць адпускацца толькі па прызначэнні ўрача, бо празмернае (і, галоўнае, неапраўданае) захапленне антыбіётыкамі ўжо прывяло да таго, што ўсё большая колькасць лекаў становяцца неэфектыўнымі пры лячэнні інфекцыйных захворванняў. Устойлівасць мікраарганізмаў да антыбіётыкаў становіцца прычынай зацяжнога працякання хвароб, падаўжае тэрміны лячэння пацыентаў у стацыянарах і можа справакаваць нават смяротны зыход. Выдаткі, звязаныя з устойлівасцю мікраарганізмаў да антыбіётыкаў, дасягаюць у Еўропе 9 мільярдаў еўра.
Адным словам, намеры ў прадстаўнікоў галоўнага медыцынскага ведамства быццам бы і добрыя. Але ўсё роўна застаецца шмат пытанняў да іх. Што было зроблена для таго, каб, нарэшце, зніклі чэргі ў нашых паліклініках, каб усе рэцэптурныя прызначэнні можна было без праблем раздрукаваць з камп'ютара, а не запаўняць бланкі рукой? Ці не здарыцца так, што замест наведвання ўрача пацыенты цяпер стануць часцей выклікаць "хуткую дапамогу"? Ці будуць самі ўрачы належным чынам выконваць свае абавязкі — запаўняць рэцэптурныя бланкі зразумелым почыркам, з правільным указаннем дазіроўкі. А то нярэдка нават самі аптэкары не могуць разабрацца, што адпускаць пакупніку. Тым больш не рэдкасць, калі замест рэцэпта ўрач выпісвае пацыенту прызначэнне на рэкламным бланку якой-небудзь фармацэўтычнай фірмы ці на звычайным лістку паперы. А што для пажылога чалавека азначае чарговы паход да ўрача? Існуе распаўсюджаны міф пра старых, якія ходзяць у паліклініку, як на працу. Аднак асабіста я ведаю шмат пажылых людзей, якім элементарна проста цяжка дайсці да паліклінікі, хоць яны і маюць права на льготы. Аптэка знаходзіцца да дома бліжэй, і там, хоць і за поўны кошт, але можна набыць патрэбныя лекі... Ім застаецца толькі адно: выклікаць урача на дом. Але ці спадабаецца такая нагрузка і без таго загружаным звыш меры медыцынскім работнікам?
Надзея НІКАЛАЕВА.
Будзь у курсе
Папулярныя лекавыя сродкі, якія можна будзе набыць без рэцэпта ўрача:
Панкрэацін, фестал, мезім фортэ, алмагель, гастал, белалгін, беластэзін, дратаверын, папаверын, смазмалгон, смазматон, алахол, лів-52, халагол, халензім, эсэнцыяле фортэ, дыклафенак, ібупрафен, індаметацын, хандраіціна сульфат (капсулы і мазь), хандразамін, хандраксід, тэрафлекс, німесулід (толькі гель), валакардзін, валасердзін, карвалол, кардалол, настойка сардэчніка, настойка півоні, валяр'янка, цытрамон і іншыя.