Гарачую ваду дадуць. На наступным тыдні
Адна з жыхарак шматкватэрнага жылога дома па сталічным завулку Каржанеўскага паскардзілася на тое, што ўвесь ліпень і жнівень не было гарачай вады.
— Ужо і верасень пачаўся, а рамонтныя работы не завершаны. У ЖЭСе, куды раз-пораз звяртаемся, усё нешта абяцаюць, аднак выніку няма. Раніцай на працу ісці, памыцца трэба, а з крана вада — натуральна ледзяная. Праўда, апошнімі днямі быццам бы далі цяплейшую. Я сама ў той момант на працы была, тэлефанавала суседзям. Тыя сказалі, што тэмпература вады толькі 34 градусы. І яшчэ. На нашы запыты ў ЖЭСе адказваюць, што работы вядуцца, няспраўнасці ліквідуюцца. Аднак мы нідзе не бачылі месцаў раскопак. Нават у паштальёнкі пацікавілася, якая добра ведае акругу. Не, адказала, таксама нідзе нічога не бачыла, — патлумачыла нам сутнасць праблемы чытачка.
Паводле слоў начальніка ЖЭСа Мікалая ЖЫЛЬСКАГА, да якога мы звярнуліся па каментарый, праблемы з вадой у жыльцоў згаданага дома пачаліся са жніўня. Пакуль прарыў трубаправода знайшлі, пакуль распачалі рамонтныя работы... Справу ўскладняе тое, што ордэр на раскопкі даецца толькі на канкрэтнае месца. Праца вядзецца ўручную, бо там, дзе трэба нешта мяняць, шмат інжынерных сетак. Хто выконвае работы? Мікалай Фёдаравіч адказаў, што капаюць "сваімі сіламі". З-за таго, маўляў, жыхары і не бачаць маштабных раскопак, якія, магчыма, хацелі ўбачыць на свае вочы. "Вось гэта калі асфальт здымуць, дык тады ўсе заўважаць". Падчас размовы начальнік ЖЭСа некалькі разоў паўтарыў, што на наступным тыдні патрэбныя работы будуць выкананы, жыхары дома атрымаюць гарачую ваду. Цяпер жа, паводле яго слоў, тэмпература вады ў кранах — 42 градусы.
Сяргей РАСОЛЬКА.