Маеш патрэбу? Дакажы...
Летась мы прайшлі зверку чаргі на жыллё з прадстаўленнем усіх дакументаў, якія пацвярджаюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Наступная зверка, як нам сказалі, павінна быць праз 5 гадоў...
Нядаўна пачулі, што прыняты новы Указ, якім вызначаны больш жорсткія меры для пастаноўкі на кватэрны ўлік у Мінску і Мінскім раёне, у тым ліку і па зверцы чаргі. Ці распаўсюджваецца яго дзеянне на іншыя рэгіёны?
Л. Шчарбакоў, г. Мазыр.
Сапраўды, Указам кіраўніка дзяржавы ад 9 жніўня 2011 г. № 346 (увайшоў у сілу з 10 жніўня 2011 г.) унесены наступныя змяненні і дапаўненні ў зацверджанае Указам ад 29 лістапада 2005 г. № 565 Палажэнне аб парадку ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, выдзялення жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду.
Значная частка ўнесеных змяненняў і дапаўненняў датычыцца парадку ўліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у г. Мінску.
Зменена, у прыватнасці, так званая "ўліковая норма". З 10 жніўня 2011 г. асобамі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў у сталіцы, прызнаюцца грамадзяне, забяспечаныя агульнай плошчай жылога памяшкання менш чым 10 кв. метраў на аднаго чалавека (раней дзейнічала норма — менш за 15 кв. метраў). Уведзены і шэраг іншых абмежаванняў пры пастаноўцы на кватэрны ўлік у Мінску.
Разам з тым, значныя карэкціроўкі ўнесены Указам № 346 і ў іншыя нормы, што рэгламентуюць агульны парадак уліку грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, для ўсіх населеных пунктаў рэспублікі. У прыватнасці, згодна з унесенымі змяненнямі ў пункты 28 і 29 названага Палажэння, удакладненне (зверка) у вызначаным парадку з 1 лютага да 1 мая звестак, якія з'яўляюцца падставай для захавання права грамадзян стаяць на ўліку асоб, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, павінна ажыццяўляцца не па заканчэнні 5 гадоў з даты пастаноўкі гэтага грамадзяніна на ўлік адзін раз у 5 гадоў, а штогод.
Віктар САВІЦКІ.