Праезд зноў падаражэе?
Месяц таму кошт праезду ў сталічным пасажырскім транспарце павялічыўся з 850 да 900 рублёў. І ці не практычна адразу ж загаварылі, што гэта не апошняе павелічэнне...
Цяпер з'явілася інфармацыя, што цягам бліжэйшых дзён кошт аднаго талончыка на грамадскі транспарт можа дайсці да 950 рублёў. Маўляў, адпаведнае рашэнне ўжо падрыхтавана. Рэдакцыя паспрабавала ўдакладніць гэтыя звесткі.
У Мінгарвыканкаме, у прыватнасці, пацвердзілі, што праект адпаведнага рашэння сапраўды падрыхтаваны і адпраўлены на разгляд. Ці сапраўды талончык неўзабаве будзе каштаваць 950 рублёў? Да зацвярджэння вышэйназванага рашэння пра тое гаварыць рана, зазначылі нам. І нагадалі, што мэр горада падчас сустрэчы з працоўным калектывам аднаго з прадпрыемстваў горада гаварыў пра магчымае павелічэнне платы за праезд у сталічным пасажырскім транспарце да тысячы рублёў.
У дзяржаўным прадпрыемстве "Мінсктранс" таксама былі нешматслоўнымі. Праект рашэння ёсць, пацвердзілі нам, аднак назваць канкрэтныя лічбы з яго і магчымыя тэрміны прыняцця і ўступлення ў сілу новай платы за праезд адмовіліся. На момант падрыхтоўкі матэрыялу звязацца з Міністэрствам эканомікі не атрымалася.
Сяргей РАСОЛЬКА.