У Беларусі павялічаны цэны на прыродны газ і тарыфы на цеплавую энергію для некаторых катэгорый спажыўцоў
У Беларусі павялічаны цэны на прыродны газ і тарыфы на цеплавую энергію для некаторых катэгорый спажыўцоў. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў аддзеле сувязяў з грамадскасцю Міністэрства эканомікі.
Рашэнні зацверджаны пастановай Міністэрства эканомікі ад 16 жніўня 2011 года № 132 "Аб зацвярджэнні тарыфаў на цеплавую энергію, якая адпускаецца рэспубліканскімі ўнітарнымі прадпрыемствамі электраэнергетыкі дзяржаўнага вытворчага аб'яднання электраэнергетыкі "Белэнерга" для катэгорый арганізацый, устанаўліваемых на ўзроўні тарыфаў на цеплавую энергію для насельніцтва" і пастановай Міністэрства эканомікі ад 22 жніўня 2011 года № 136 "Аб унясенні змянення ў пастанову Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2010 года № 195".
Каментуючы гэтыя дакументы, у Мінэканомікі нагадалі, што Савет Міністраў прыняў пастанову ад 29 ліпеня 2011 года № 1031, у адпаведнасці з якой з 1 жніўня павялічаны на 10 працэнтаў цэны на прыродны газ і цеплавую энергію для насельніцтва пры аплаце камунальных паслуг. Некаторыя арганізацыі, напрыклад бальніцы, дзіцячыя сады і іншыя, плацяць за прыродны газ і цеплавую энергію па тых жа цэнах і тарыфах, што і насельніцтва.
Для прывядзення ў адпаведнасць разлікаў за спажытыя прыродны газ і цеплавую энергію такімі арганізацыямі Міністэрствам эканомікі прынята рашэнне аб павелічэнні цэн на прыродны газ і тарыфаў на цеплавую энергію некаторым катэгорыям спажыўцоў з 1 жніўня 2011 года аналагічна росту цэн на прыродны газ і тарыфаў на цеплавую энергію для насельніцтва.
Гэтыя рашэнні і змешчаны ў пастановах Міністэрства эканомікі ад 16 жніўня 2011 года № 132 і ад 22 жніўня № 136. Паколькі разлікі за спажытыя ў жніўні прыродны газ і цеплавую энергію спажыўцы будуць ажыццяўляць у верасні, пастановы ўступаюць у сілу з 1 жніўня 2011 года.