Манікюр для Санты-Жучкі
Па адукацыі Вера Цярэнцева — філолаг. Працавала ў адной з мінскіх школ. Аднойчы ў сям'і з'явіўся пудзель. Прыгажуня Санта адразу ж стала ўсеагульнай улюбёнкай. Да таго ж патрабавала адмысловага догляду. Каб зрабіць Санце стрыжку-прычоску, сямейны бюджэт маладой настаўніцы з невялічкім заробкам мог заспяваць рамансы. Тады Вера сама вырашыла асвоіць цырульніцкую справу. Узялася за яе з усёй сур'ёзнасцю і імпэтам. Займалася на курсах. Першай мадэллю была Санта. Потым паехала ў Маскву, вучылася і там цырульніцкаму майстэрству для чатырохногіх у фінаў, немцаў. Прыехала дадому кваліфікаваным спецыялістам. Калі ў яе з'явіліся белы пудзель, а потым серабрысты Васілёк, з імі яна ўжо ўдзельнічала ў выставах як майстар міжнароднага ўзроўню і займала са сваімі прыгажунамі прызавыя месцы. Васілёк дык увогуле не сыходзіў з першай прыступкі на конкурсах-спаборніцтвах у Беларусі, Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі...
Цяпер Вера Цярэнцева, эксперт міжнароднай катэгорыі, працуе ў сталічным цэнтры па доглядзе жывёл, што па вуліцы Каліноўскага, дзе ёсць і цырульня для іх.
Справа не простая — прымусіць сабачку (а ў кожнага ж свой нораў!) сядзець спакойна, пакуль гудзе цырульніцкая машынка ці паляскваюць нажніцы. Трэба ж і кіпцюрыкі прывесці ў належны стан. Рукі Веры робяць дзівосы. Яе "кліенты" сядзяць ціхенька-смірненька, колькі б не патрабавалася часу, назіраючы з цікаўнасцю за спрытнымі ўпэўненымі рухамі рук майстра. Іншым разам некалькі гадзін патрабуецца, каб заззялі ва ўсёй прыгажосці пекінэсы, балонкі, пудзелі, ёркшыр-тэр'еры ды іншыя ўлюбёнцы многіх нашых сем'яў.
Марыя Жылінская, фота аўтара.